Як падрыхтаваліся да зімоўкі ў “Гудагаі” і “Гервятах”

11:22 / 24.10.2018
Восень – пераходны час не толькі ў прыродзе, але і ў фізія­ло­гіі жывёлы. Цэлае лета рагулі ласаваліся зялёнай травіцай на пашы, а з надыходам кастрычніка перайшлі ў стойлы. 

   Як адбыўся гэты пераход, ці падрых­та­валіся гаспадаркі раёна да зі­моўкі – адказы на гэтыя і іншыя пытан­ні на працягу тыдня шукала рэйдавая група, разам з якой карэспандэнт «АП» правёў адзін дзень.

IMG_0190.jpg

У нашым раёне такія мані­торынгі сталі традыцыйнымі. Звычайна яны праходзяць у форме ўзаемаправерак: гаспадаркі абменьваюцца дэлегацыямі, якія вывучаюць стан спраў у калег. З аднаго боку такі фармат дазваляе пераняць вопыт, з другога – матывуе  як мага лепш падрыхтаваць жывёлагадоўчыя аб’екты. Праўда, як паказала праверка, у некаторых гаспадарках гасцей не чакалі і не рыхтаваліся, хоць ведалі пра іх візіт…

Рэйдавая камісія
*Першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Вольга Віктараўна Умрыхіна
*Начальнік раённай ветэрынарнай станцыі Аляксей Міхайлавіч Паўлоўскі
*Начальнік райплемстанцыі Надзея Уладзіміраўна Сасноўская

Давярай – але правярай
Распачаць аб’езд было вырашана з лепшых гаспадарак раёна – КСУП «Гудагай» і «Гервяты». 

IMG_0212.jpg

– Удалая зімоўка жывёлы патрабуе гаспадарскага падыходу. Аб’ехаўшы фермы і комплексы, паглядзеўшы, у якіх умовах утрымліваецца жывёла, можна смела рабіць пэўныя вывады – і не толькі аб гаспадарлівасці кіраўніка, – гаворыць Вольга Віктараўна Умрыхіна.

Рабочую групу цікавілі многія моманты: колькі і якой якасці нарыхтавана да зімоўкі кармоў, ці ўцеплены воданапорныя вежы, вокны і дзверы кароўнікаў, ці пачышчаны і пабелены памяшканні, ці спраўна працуюць механізмы гноевыдалення і водапаення і іншыя.

IMG_0210.jpg

■ КСУП «Гудагай»
Наведалі малочна-таварны комплекс «Малі», фермы «Ліпнішкі», «Індрубка», «Дрэвянікі», «Палушы», «Рукшаны», «Лоша», «Ізабеліна», «Кялёйці».
Гудагайцы сёлета шчыравалі не толькі ў полі, але і на рэканструкцыі і рамонце жывёлагадоўчых аб’ёктаў. Так, да прыкладу, на ферме «Кялёйці» цалкам заменены дах. На ферме «Ізабеліна», дзе ўтрымліваюцца быкі, рамантуецца памяшканне. У «Лошы» літаральна за некалькі тыдняў былы аўтагараж пераабсталявалі ў кароўнік: цяпер тут знаходзяцца 140 нецеляў. Ля фермаў «Індрубка», «Дрэвянікі» зроблены новыя выгулы. 

IMG_0167.jpg

Аўтагараж стаў «домам» для рагуль («Лоша», КСУП «Гудагай»)

Каментарый
Дырэктар КСУП «Гудагай» Эдуард Іванавіч Садоўскі:
Зімне-стойлавы, як і летні, перыяд – рабочы працэс, таму ствараць ажыятаж не патрэбна. Паспяховасць зімоўкі ў першую чаргу залежыць ад кармавой базы. Балазе, сёлета мы зрабілі добры задзел на зімоўку. На адну галаву нарыхтавана 28,6 цэнтнера кармавых адзінак. Жывёлу не трэба «душкаваць». Цяляты могуць стаяць пад навесам да снежня, галоўнае – своечасова даваць ім цёплую ваду. 

IMG_0140.jpg

Начальнік райветстанцыі А.М. Паўлоўскі правярае корм

■ КСУП «Гервяты»
Наведалі адкормачны комплекс, фермы «Гіры», «Чэхі», «Міцюны», «Сакалойці» і малочна-таварны комплекс «Рымдзюны». 
Надоі залежаць ад многіх паказчыкаў, але ў першую чаргу ад кармоў – не толькі ад іх колькасці, але і ад якасці. Таму ва ўсіх гаспадарках раёна адмовіліся ад так званых «курганаў» на карысць тэхналагічных ёмістасцей для захоўвання кармоў.

Дырэктар гаспадаркі Ігар Уладзіміравіч Жданаў цалкам раздзяляе погляды кіраўніка КСУП «Гудагай» Эдуарда Іванавіча Садоўскага: паспяховасць зімоўкі буйной рагатай жывёлы залежыць у першую чаргу ад кармоў.

IMG_0099.jpg

У КСУП «Гервяты» сёлета пабудавалі шэсць новых траншэй аб’ёмам 12 тысяч тон. На адну ўмоўную галаву тут нарыхтавана 25,2 цэнтнера кармавых адзінак.
З кармамі ў КСУП «Гервяты» праблем няма, толькі не ўсюды наведзены парадак ля фермаў. Шмат пытанняў у камісіі ўзнікла да фермы «Гіры»: кароўнікі патрабуюць рамонту, санітарны стан таксама неналежны. На малочна-таварным комплексе «Рымдзюны» ў прафілакторыі не было падсцелена, а ў вядзерцах была нясвежая вада. На адкормачным цэху побач з кармушкамі былі соль і мел, аднак зусім не было вады. 

Кампетэнтна
Вольга Віктараўна Умрыхіна, першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання:
– На вытворчасць малака – як, зрэшты, і мяса – паўплывала нізкая забяспечанасць травяністымі і канцэнтраванымі кармамі некаторых гаспадарак. Так, з сярэдзіны зімы ў КСУП «Варняны», «Міхалішкі», РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» жывёлу кармілі прывазнымі кармамі не самай лепшай якасці – гэта не магло не адбіцца на прадуктыўнасці кароў. Тым не менш, па надоях з каровы мы знаходзімся ў пяцёрцы лепшых раёнаў вобласці.

IMG_0126.jpg

Хачу адзначыць КСУП «Гудагай», жывёлаводы якога з году ў год трымаюцца зададзенага тэмпу і паказваюць добрыя вынікі ў малочнай і мясной галінах.
Недахоп канцэнтраваных кармоў плануем кампенсаваць за кошт набыцця сухога жому, сланечнікавага шроту, рапсавага жмыху.

 Падводзячы вынікі аб’езду ферм і комплексаў, першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Вольга Віктараўна Умрыхіна звярнула ўвагу кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак на тое, што ўсе выяўленыя недахопы павінны быць выпраўлены ў бліжэйшы час.

IMG_0198.jpg

Валавая вытворчасць малака.jpg



Текст:
Фото: Алена Гануліч