Ад вайны да самых да Варнянаў прайшлі педагогі муж і жонка Скубілавы

14:09 / 08.10.2018
4970
– Жыццё нетаропка, але няўмольна размотвае нітачку часу, штодня і бясконца. Здаецца, ты малады, дужы, усім і ўсюды патрэбны – але сёння адыходзіць ва ўчора, накладаючы паціху адбітак на твой твар, рукі, плечы – і, глянуўшы аднойчы ў люстэрка, не пазнаеш сябе. Здаецца, яшчэ ўчора бегла ў школу з кіпай сшыткаў у сумцы, перажывала за кожны урок, за кожнага вучня. І не заўважыла, як неўпрыкмет гады пераходзілі ў дзесяцігоддзі, вучні і свае дзеці павырасталі, нарадзіліся ўнукі, а потым – і праўнукі. І школа ўжо так далёка ад мяне, нібы Палярная зорка,  – гаворыць мая калега і суседка Ніна Дзмітрыеўна Скубілава. 

    Ёсць людзі, слухаючы якіх, нібы гартаеш старонку за старонкай найцікавейшую кнігу – разумную, пазнавальную, павучальную. Такой была мая размова з Ніна Дзмітрыеўнай… 

IMG_5119.jpg

Ваеннае ліхалецце
Расказвае Ніна Дзмітрыеўна:

– Нарадзілася я на Магілёў­шчыне, у сялянскай сям’і, – успамінае Ніна Дзмітрыеўна. –  Нас у бацькоў было пяцёра, мы былі звыклыя да ўсялякай працы. І ўсё ж я любіла школу, любіла вучыцца і марыла стаць настаўніцай. Бацькі падтрымлівалі мяне. Але пачалася вайна – і ўсе мары перакрэсліла. 
У гады акупацыі ў нашай вёсцы знаходзіўся нямецкі гарнізон, гітлераўцы жылі амаль у кожнай хаце. Нас выгналі ў гумно. 

Вяскоўцы калаціліся ад страху, бо паліцаі выдавалі немцам сем’і партызанаў – многія прападалі бясследна. Вяскоўцаў няшчадна рабавалі. Дзеці для акупантаў былі дармовай рабочай сілай: іх прымушалі секчы і пілаваць дровы, абіраць бульбу, ачышчаць калодзежы ад лёду. Часам, пасадзіўшы дзяцей у машыны, іх везлі па шашу правяраць, ці не замініравана дарога. У такім страху мы раслі і сталелі. 

Колькі было радасці, калі нас вызвалілі! Я пайшла вучыцца ў Магілёўскае педвучылішча на выхавацеля. Калі закончыла вучобу, у 1947 годзе мяне накіравалі ў Маларыцкі дзіцячы дом. Так пачалося маё самастойнае жыццё… 

Коллектив детского дома 1949.jpg

Калектыў дзіцячага дома, 1949 год

А лёс ішоў насустрач…
Грыша Скубілаў быў на чатыры гады старэйшы за Ніну. Нарадзіўся таксама на Магі­лёўшчыне. У Ланькоўскай сямі­годцы вучыўся старанна – атэстат аб яе заканчэнні атрымаў на другі дзень вайны. А праз нейкі час, як толькі прыйшлі акупанты, са сваім сябрам пайшоў у лес да партызан  – было тады яму ўсяго 17 гадоў. Чатыры гады ваяваў у партызанскім атрадзе пад камандаваннем П.А. Красякова. У атрадзе Грыша быў разведчыкам і падрыўніком. Баявыя ўзнагароды – медаль «Партызан Вялікай Айчыннай вайны» і ордэн Вялікай Айчыннай вайны II ступені – знайшлі героя толькі ў 1984 годзе.

У 1944 годзе, пасля вызвалення, хлопец паступіў у Брэсцкі настаўніцкі інстытут на геаграфічнае аддзяленне. Гады вучобы праляцелі хутка. У інстытуце ён абзавёўся сябрамі, з якімі не парываў сувязі, куды б яго ні закідаў лёс. А першым пунктам прызначэння пасля завяршэння вучобы стаў той жа Маларыцкі дзіцячы дом.

Григорий Кузьмич.jpg

Месца сустрэчы – Маларыта
Вайна абяздоліла многіх дзяцей: пакінула без бацькоў, без хат, многія вярнуліся з канц­лагераў ці прымусовых работ без здароўя. Для такіх дзяцей стваралі дзіцячыя дамы. Цяжка было лячыць скалечаныя вайной дзіцячыя душы, але любоў, ласка, спагада рабілі сваю справу. 

У Маларыцкім дзіцячым доме, куды была накіравана Ніна Дзмітрыеўна і дзе да таго часу ўжо працаваў завучам Рыгор Кузь­міч, сабраўся дружны ка­лектыў. Беды і радасці кожнага педагога ўспрымаліся, як свае: раіліся, дапамагалі адзін аднаму. Маладой выхавальніцы тут было спакойна і ўтульна. Да таго ж малады завуч  стаў заглядвацца на Ніну: была яна прыгожай, зычлівай, шчырай. Дзеці, асабліва малыя, адразу сталі называць яе «мамай» – яна старалася прылашчыць іх, сказаць доб­рае слова, суцешыць, выцерці слёзкі, пашкадаваць. Дзяўчына была па натуры вельмі чуллівай, добрай – дзеці гэта адразу адчулі. Відаць, тое ж адчуў і Рыгор Кузьміч… Сэрца падказала Ніне Дзмітрыеўне, што гэта  – яе лёс. 

У 1949 годзе яны пажаніліся. Праз год у іх нарадзіўся сын Анатоль. І хаця іх жытло ўяўляла адзін пакойчык – яны марылі і ве­рылі, што ўсё лепшае наперадзе.
У 1954 годзе Скубілавых накі­равалі ў Астравецкі раён Мала­дзечанскай вобласці – у Вар­нянскі дзіцячы дом. 

семья.jpg

Ніна Дзмітрыеўна, Рыгор Кузьміч і сын Анатоль


Ад анархіі – да парадку
На той час у Варнянскім дзі­­цячым доме было каля сотні дзяцей. Дзетдом, хоць і знаходзіўся ў менш пацярпелай ад вайны Заходняй Беларусі, быў зусім бедны: дзецям не хапала ежы, адзення, абутку. Кіраўнікі нявопытныя, а дзяцей сабралі адусюль, і такіх, што не прывыклі падпарадкоўвацца загадам. Тут была поўная анархія: дзетдомаўцы рабілі, што хацелі: білі вокны, ламалі дзверы, трушчылі таўшчэзныя сцены ў касцёле, уцякалі ў лес, страшылі і ганялі меншых дзяцей. 

Давялося Рыгору Кузьмічу і Ніне Дзмітрыеўне брацца за ды­сцыпліну і парадак, выхоўваць у сваіх падапечных сумленнасць, адказнасць, дабрыню, узаемадапамогу. 
У гэты час дырэктарам дзетдома прызначылі адказную і патрабавальную Лідзію Рыго­раўну Мілюкову. З ёй пры­ехалі муж і жонка Сесіцкія: Вольга Канстанцінаўна стала працаваць поварам, Міхаіл Уладзіміравіч – заўхозам, і двое педагогаў. Хутка жыццё дзяцей памянялася: у іх з’явілася новае адзенне, абутак, пачала наладжвацца дысцыпліна. Яны ра­зам адзначалі святы, ладзілі канцэрты, ездзілі на экскурсіі, у тэатр. А на Новы год Вольга Канстанцінаўна штогод выпякала смачныя булачкі для выхаванцаў. 

У 1955 годзе ў Скубілавых нарадзілася дачка Таццяна. У дэкрэце па тры гады ніхто тады не сядзеў – хутка Ніна Дзмітрыеўна выйшла на працу, і свае дзеці з ранку да вечара былі ў дзіцячым доме – разам з бацькамі, пазней – у школе-ін­тэрнаце.

У Ніны Дзмітрыеўны і Рыгора Кузьміча была свая група выха­ванцаў, якая жыла ў асобным драўляным дамку на вуліцы, якая цяпер называецца Інтэр­нац­кай. Дзеці абслугоўвалі сябе: дзяў­чынкі дапамагалі на кухні і ў пральні,  у абавязкі хлопцаў уваходзіла забеспячэнне вадой і дровамі. У пакоях таксама пры­біралі самі. А ў вольны час хлоп­цы беглі ў майстэрню да Рыгора Кузьміча і там выразалі, выпільвалі, стругалі і кляпалі – настаўнік быў майстрам на ўсе рукі. 

Г.К. и воспитанники.jpg

Рыгор Кузьміч і выхаванцы

Ніна Дзмітрыеўна была строгай – але справядлівай, дзеці гэта вельмі цанілі, і, калі было трэба, падтрымлівалі. 
Скубілавы для многіх сірот сталі «дзетдомаўскімі бацькамі», з якімі яны не парывалі сувязь, нават выходзячы ў самастойнае жыццё. І сёння Ніна Дзмітрыеўна памятае Кацю Васількову, якая працуе ў Гродне ў Доме малюткі, Сяргея і Аляксандра Шчамялёвых, Аляксея Ляха з Ракава, Марыю Дзік, Зіну Асташэнку, Зою Бяляўскую і многіх іншых.

Былыя дзетдомаўцы і ін­тэр­натаўцы ўспамінаюць Скубі­ла­вых. Раман Жукоўскі неяк пры­знаваўся: «Што Рыгор Кузьміч даў нам на занятках працы  ўменне даводзіць пачатую справу да канца, не здавацца перад цяжкасцямі – з тым я і жыву, у ПТВ толькі замацаваў усё гэта».

Апроч іншага, Рыгор Кузьміч прыгожа маляваў. Яго алоўку былі падуладны партрэты і пейзажы – іх ён мог перанесці на паперу дакладна, як фатограф. Дзякуючы яго таленту, дзіцячыя работы былі аформлены прыгожа, з густам.

З кожным годам выхаванцаў у дзетдоме меншала – і ў 1960 го­дзе ён быў рэфармаваны ў школу-інтэрнат. 
Амаль у 40 Ніна Дзмітрыеўна рашылася паступаць у Гродзенскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Янкі Купалы на факультэт беларускай мовы і літаратуры. Яе падтрымаў муж. Так у сталым узросце выхавацель са шматгадовым стажам атрымала вышэйшую адукацыю і пасля закрыцця школы-інтэрната працавала ў Варнянскай сярэдняй школе настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, была класным кіраўніком. Сваю любоў да мовы і кнігі яна імкнулася перадаць дзецям. Некаторыя з іх сталі настаўнікамі. За шматгадовую сумленную педагагічную працу Ніна Дзмітрыеўна ўзнагароджана медалём «Ветэран працы». 
Рыгор Кузьміч дасціпна і з гумарам выкладаў у Варнянскай школе гісторыю і геаграфію. Ён любіў дзяцей – а дзеці любілі яго.

работа в школе 80-ые.jpg

Праца ў школе, 80-ыя


Ляціць з адным крылом…
Скубілавы ажанілі сына, аддалі замуж дачку, дачакаліся ўнукаў. 
Але прыйшоў бязлітасны час развітання: пайшоў з жыцця Рыгор Кузьміч.

 Ніна Дзмітрыеўна цёпла і сардэчна ўспамінае мужа: 
– Ён быў маёй жыццёвай апорай і абаронай, нягледзячы на ўсе нашы праблемы, дапамагаў мне не толькі ў хатняй працы, але і падтрымліваў у розных жыццёвых абставінах добрым словам ці жартам. Я рада, што Анатоль, як і бацька, мае залатыя рукі і разумную галаву. Падчас працы ў калгасных рамонтных майстэрнях ён мог адрамантаваць любую машыну. У яго цудоўная сям’я, я паважаю сваю нявестку Святлану, якая шмат гадоў працавала завучам у Варнянскай школе. Кажуць, што мы з ёю нават знешне падобныя – мяне гэта радуе. Моцна люблю сваю дачку, унукаў, праўнукаў. Я шчаслівая, што яны ў мяне ёсць.

Кожную вясну ёй хочацца корпацца ў кветках, у агародзе – кажа, што ад зямлі бярэ  сілы. Толькі праблема з вачыма моцна засмучае: хочацца бачыць гэты прыгожы свет ва ўсіх яго фарбах і дэталях!

IMG_5100.jpg

 – Ні я, ні мой муж ніколі нікому не зайздросцілі, не абгаворвалі, не пляткарылі – прымалі людзей такімі, якія яны ёсць, – гаворыць Ніна Дзмітрыеўна. – І ўсё жыццё працавалі. Можа, таму Гасподзь даў мне магчымасць пажыць, пабачыць, што будзе далей?

Напэўна, так яно і ёсць: у мінулым годзе Ніна Дзмітрыеўна адзначыла сваё 90-годдзе. 

Я схіляю ў пашане галаву перад сузор’ем педагогаў Скубілавых – яны, настаўнікі пасляваеннай за­гартоўкі, падрыхтавалі глебу для сяўбы, заклалі падмурак традыцый у нашай школе, якія прадоўжылі мы, іх паслядоўнікі, – і якія, спадзяюся, не забудуцца і панясуць далей нашы маладыя калегі. 

 Людміла Кухарэвіч.

P.S. Выказваю падзяку Ніне Дзмітрыеўне Скубілавай за фатаграфіі, а таксама яе ўнуч­цы Аксане Іванаўне Пазлевіч  і праўнучцы Ганне Іванаўне  за звесткі з сямейнага архіва.
Текст: Администратор сайта
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений