Як Апэшка ў Гудагайскай школе паабедала
10:37 / 08.10.2018
Пагартала «Інстаграм», «Фэйсбук», «Аднакласнікі», «УКантакце»… Найперш, вядома, групы «Астравецкай праўды» правяраю: пра што людзі пішуць, якія каментарыі да здымка «Што б гэта значыла?» у «Аднакласніках» пакідаюць – з некаторых ад душы насмяешся. Ну і, вядома ж, пра што «Тыповы Астравец» піша, паглядзець цікава.
Зайшла – а там… Нейкі ананім скардзіўся, што ў Гудагайскай школе дрэнна кормяць – і фотаздымак абеду змясціў: на жалезнай талерцы – морква тушаная і каўбаса вараная. Паглядзела – падумала: а ці ела б я гэта? Нават і не ведаю – не спрабавала. Увогуле я свежую моркву больш люблю. Але наш бухгалтар Наталля Уладзіміраўна казала, што нават у санаторыі тушаную моркву падаюць, бо яна карысная і на вітаміны багатая.
Ну, для мамы Генрыхаўны Гудагайская школа – лепшая ў свеце, бо яна там вучылася і нават працавала нейкі час, і сын яе Дзімка гэтую школу заканчваў. Таму, вядома, для яе там усё самае цудоўнае: і дзеці, і настаўнікі, і абеды ў сталоўцы. І хоць я маме Генрыхаўне веру, але ж лепш адзін раз пакаштаваць, чым сто – пачуць, праўда?
…Вахцёр сустрэў мяне з усмешкай – пазнаў, сказаў, што любіць чытаць мае заўважынкі. А калі даведаўся, чаго я прыйшла, накіраваў да нейкай цёці: якая ў школе пасля дырэктара – галоўная! І яна адвяла мяне ў сталоўку.
Як жа там прыгожа! Плітка новая і мэбля! І пахне смачна! А повар – усмешлівая, добрая цёця Крысціна. Яна даўно працуе ў школьнай сталоўцы і цудоўна ведае, што дзеці любяць есці, а што ім не вельмі падабаецца. Але абеды рыхтуе ў адпаведнасці з прыкладным меню, распрацаваным спецыялістамі аддзела адукацыі і зацверджаным цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі. Так што аніякіх моркваў па-карэйску: сказалі «тушаная» – значыць, тушаная! Для страўніка так нашмат больш карысна – толькі хто ж пра страўнік думае, пакуль ён не забаліць?
Калі верыць меню, у той дзень на абед было пюрэ з бульбы, каўбаса вараная, салата са свежай капусты, вафля, хлеб, батон і кампот з сухафруктаў.
Цёця Крысціна дазволіла ўсё гэта пакаштаваць і расказала, што па папярэднім заказе тут харчуюцца і настаўнікі, а напрыканцы месяца аплочваюць абеды. Гэтак жа могуць зрабіць і бацькі, калі хочуць праверыць якасць абеду свайго дзіцяці. Повар мне расказала, што за адзін перапынак тут амаль сотню дзяцей кормяць, а ўсяго 240 вучняў. Гэта ж колькі нарыхтаваць трэба, а потым яшчэ і посуд вымыць! Бедная цёця Крысціна, як ёй цяжка… І, напэўна, крыўдна, калі дзеці не ядуць тое, што яна прыгатавала. Каб яе не крыўдзіць, з’ела я ўсё да апошняй крошачкі і кампотам запіла.
А падчас абеду і са школьнікамі пазнаёміцца паспела, распытацца, ці падабаюцца ім школьныя абеды?
Васьмікласніца Віка расказала, што вельмі падабаюцца, і яна, як і я, з’ядае ўсё. А пяцікласнік Аляксей прызнаўся, што ён рыбу не любіць – вось дзівак, я магу хоць кожны дзень яе есці. Максім – забылася, з якога ён класа, – той увогуле два разы на дзень тут харчуецца, казаў, што і моркву тушаную еў – і не скардзіўся. Хаця большасць дзяцей яе нават і не пакаштавала, і ніякімі размовамі пра яе карысць іх не пераканалі з’есці той абед.
Дарэчы, калі мы абедалі, школьнікі падчысцілі талеркі з каўбасой і пюрэшкай, а вось салату многія не елі, хоць была яна вельмі смачная.
А пра посуд цёця, якая мяне ў сталоўку прывяла, расказала, што ў Гудагайскай школе талеркі для супу і для салаты фарфоравыя. Магчыма, неўзабаве і пюрэшку з катлетамі ці каўбасой стануць падаваць у прыгожых, а не ў жалезных талерках.
Не ведаю, ці стануць ад таго морква і каўбаса смачнейшымі і ці будуць іх з’ядаць дзеці, якія любяць чыпсы і колу? Да таго ж прыгожыя талеркі так прыгожа б’юцца: р-раз – і сотні дробных вострых кавалачкаў на падлозе! І зноў жа цікава: калі гэтая талерка раптам выслізне ў мяне з рук – хто будзе купляць новую: мае бацькі-журналісты, цёця Крысціна ці тая цёця, што самая галоўная пасля дырэктара?
Ой, наелася – а на сыты страўнік неяк не думаецца! Ды і мама Генрыхаўна падганяе, кажа, што газету адпраўляць трэба… Падумаю пра гэта заўтра! Можа, разам з вамі? Падкажыце, што думаеце пра гэта – вы ж часта меркаванні свае пакідаеце на сайце і ў сацыяльных сетках…
Ваша АПэшка.