Як АПэшка дарогу пераходзіла

13:27 / 09.09.2018

Прывітанне, сябры! Гэта зноў я – ваша АПэшка!

АПэшка.jpg

Ведаеце, я не толькі кніжкі дзіцячыя чытаю. Люблю пагартаць і нашу газету: фотаздымкі паглядзець, пачытаць, што бацькі пра іншых дзяцей пішуць. Вось не так даўно мне тра­пілася на вочы не вельмі радасная навіна пра хлопчыка, які выехаў  на веласіпедзе на дарогу і ледзь пад машыну не трапіў. Такі вялікі хлопчык – адзінаццаць гадоў ажно! – а не ведае, што дзецям нельга па дарозе на веласіпедзе ездзіць! Нават я, маленькая АПэшка, і то пра гэта ведаю. Хоць са мной таксама аднойчы адбылася непрыемная веласіпедная гісторыя…

Адпрасілася я ў сваіх бацькоў на гімназічную дзіцячую пля­цоўку. Чаго там толькі няма: і горкі, і арэлі, і турнікі ўсялякія, і дарожкі мяккія, каб каленкам, калі ўпадзеш, было не балюча.

Вырашыла я паехаць на веліку: ён у мяне такі прыгожы – ружовы, з кошыкам спераду, а ззаду сядзенне, каб мішку любімага з сабой браць.

Еду я, шчаслівая – і тут дарога са светлафорам. Я, хоць і маленькая, але ведаю, як трэба пераходзіць дарогу. Злезла з веласіпеда, дачакалася, пакуль загарыцца зялёнае святло і павяла свайго двухколага сябра па «зебры»: усё па правілах!

Але не паспела я да канца перайсці дарогу, як з-за павароту машына пачала ехаць. Я спалохалася, кінула веласіпед і пабегла на тратуар. А калі ўжо забегла, за веласіпедзік свой любімы перапужалася: раптам яго машына раздавіць?! Добра, што за мной нейкая цётачка ішла: яна не разгубілася, падняла мой велік і закаціла на тратуар. А дзядзька на той машыне, як ехаў, так і паехаў далей, нават не прыпыніўся.

Фу! Як не сорамна! Калі ты, дзядзечка, чытаеш гэтыя радкі, то ведай, што так рабіць нельга! Трэба ж было дачакацца, пакуль я зайду на тратуар і веласіпед свой зацягну, а тады ўжо ехаць! Ды і ўвогуле – ці мала што дзіцяці ў галаву «стрэліць»? Напрыклад, калі б мой мішка з веласіпеда зваліўся, я б абавязкова кінулася яго ратаваць! Мы ж дзеці  такія, як кажуць мае бацькі, – непрадказальныя! Некалі ў Лёшкі мячык на дарогу пакаціўся, дык ён на злом галавы за ім кінуўся і нават па баках  не паглядзеў. А Дашка, калі ў хованкі гулялі, вырашыла схавацца ў пад’ездзе суседскага дома – і дарога яе  не спыніла. У дварах таксама такіх дзядзькаў, якія так спяшаюцца, што гатовыя дзецям на пяткі наехаць, хапае.

А ўжо і школа пачалася. Вы калі-небудзь бачылі школьнікаў, якія на перапынку ў магазін бягуць? О, я бачыла! Яны ж нават зімой у адной кашулі стрымгалоў нясуцца за чыпсамі, не зважаючы ні на холад, ні на дарогі, ні на вашы машыны.

Для чаго я ўсё гэта расказваю? Я вось зразумела, што дзеці на дарозе – гэта вельмі небяспечна. І непрыемная гісторыя можа здарыцца не толькі з тым адзінаццацігадовым хлопчыкам, якому падурэць захацелася на веласіпедзе, а і са мной, хоць мяне бацькі і навучылі, як паводзіць сябе на дарозе. А вы, дарослыя, на тое і дарослыя, каб усё рабіць па правілах, і не толькі за сябе, але і за нас падумаць. І быць гатовымі, што не толькі на дарогах, але і ў дварах за іншымі машынамі могуць хавацца такія вось АПэшкі, Лёшкі і Дашкі. Будзьце пільнымі! І мы таксама будзем старацца…

Ваша АПэшка.

Текст: Главный администратор