Як лесаводы змагаюцца з наступствамі ўрагану

08:07 / 03.09.2018
3723

Навальнічны фронт накрыў 11 жніўня Астравеччыну. Ураган працягваўся не больш за дзесяць хвілін, але гэтага часу хапіла, каб пашкодзіць дамы, гаспадарчыя пабудовы, фермы і лясныя ўгоддзі. 

6.jpg

Я пабывала на тэрыторыі Варнянскага лясніцтва, якое найбольш пацярпела ад урагану, каб пабачыць, як леснікі спраўляюцца з наступствамі разгулу стыхіі.

На рэдакцыйнай машыне на лесасеку не даехаць, таму прасілася на “хвост” да леснікоў: “УАЗіку” ні па чым калдобіны і бездарожжа!

3.jpg

Ураган прайшоўся паласой, па дарозе расказвае майстар па лесасекам Юрый Касцюкевіч.   Найбольш пашкоджаны лясы ў Варнянскім лясніцтве. Спачатку ачышчалі лясныя дарогі, каб магла прайсці тэхніка, потым вызначалі межы лесасекі, разбівалі яе на больш дробныя ўчасткі – і за работу.

За Малямі збочваем на палявую дарогу. Літаральна праз паўтара кіламетра здалёк бачны пагнутыя долу і паламаныя дрэвы: такое адчуванне, быццам хтосьці наўмысна прайшоўся па іх магутнай касой. Цяжка паверыць, што ўраганнаму ветру на гэта спатрэбілася ўсяго пяць хвілін…

4.jpg

Вялікія дрэвы, вывернутыя з коранем, таўшчэзныя сосны, зламаныя напалову, такое адчуванне, тут праходзілі ваенныя дзеянні. Гэты ўчастак будзе цалкам высякацца…

На лясной дзялянцы працуе брыгада з Падольскага лясніцтва. Шэсць вальшчыкаў лесу, ўзброіўшыся бензапіламі, адшуквалі і спілоўвалі небяспечныя дрэвы, – і чокерам прымацоўвалі да трактара.

– Я ў лясной гаспадарцы, лічы, з дзяцінства. У нас уся сям’я жыццё звязала з лесам, –  расказвае Аляксандр Дзісько. – На бураломах даводзілася бываць не раз. У Смалявічах так лес пакруціла, што дрэвы ляжалі адзін на адным увышыню каля 4 метраў. Некалькі гадоў назад і ў нас у Падольцах каля 11 гектараў лесу ветрам паклала.

Аднаго з самых вопытных падольскіх вальшчыкаў Анатоля Дрэму можна лічыць ветэранам выратавальных лясных аперацый: ён неаднойчы дапамагаў калегам разбіраць ветравалы.

– Галоўнае ў нашай рабоце – ні на хвіліну не забываць пра тэхніку бяспекі, – гаворыць мужчына. – Калі сам дрэва валіш, можаш выбраць накірунак яго падзення. А “зломышы” непрадказальныя. Ураганны вецер круціў іх, як хацеў. Такія бураломы найбольш складана разбіраць.

На дзялянцы працаваў і харвэстар – спецыяльная лесанарыхтоўчая машына, якая спілоўвае і абразае сучча, раскрыжоўвае бярвенні і складвае іх па групах.

12.jpg

9.jpg

– Тры гады “не вылазіў” з бураломаў: увесь час у камандзіроўках, – расказвае машыніст харвэстара Мікалай Лета. – А тут бяда на Астравеччыну прыйшла: вецер у розных накірунках дрэвы паклаў, шмат стаіць зламаных. На Міншчыне, напрыклад, амаль усе былі вырваныя з коранем.

Агульнымі намаганнямі шасці вальшчыкаў лесу і харвэстара за дзень ў сярэднім нарыхтоўваецца каля 120 кубоў драўніны. На плошчы 190 гектараў, дзе вецер асабліва злосна “пагаспадарыў”, вядзецца суцэльная высечка… Вясной там будуць пасаджаны новыя дрэвы, але, каб яны сталі лесам, патрэбна не адно дзесяцігоддзе.

 1.jpg

2.jpg

5.jpg

10.jpg

Кампетэнтна

Галоўны ляснічы ДЛГУ “Астравецкі лясгас” Віктар Лях:

– Вечарам 11 жніўня нашы людзі ўжо працавалі на расчыстцы дарог, паралельна спецыялісты ацэньвалі нанесеную лясным угоддзям шкоду. Да вечара суботы было выяўлена каля 15 гектараў пашкоджанага лесу, у нядзелю і панядзелак – яшчэ 80. Трэба разумець, што абследаванне буралома – няпростая справа: на машыне па заваленых лясных дарогах не праедзеш. Даводзілася пешшу кіламетр за кіламетрам правяраць лес. За гадзіну праходзілі па паўкіламетра.

У лясгасе і ва ўсіх лясніцтвах ёсць планшэты з сістэмай навігацыі, якая дазваляе ўстанавіць месцазнаходжанне ў лесе, вызначыць таксацыйную характарыстыку насаджэнняў. У выніку даследаванняў  высветлілася, што ад ўрагану пацярпела 490 гектараў лесу, з якіх 190 гектараў патрабуюць суцэльнай высечкі. Найбольш пацярпелі ад стыхіі ўгоддзі Варнянскага, Палушскага і Астравецкага лясніцтваў.

Улічваючы маштабы здарэння, спынены ўсе запланаваныя высечкі, за выключэннем догляду за маладымі насаджэннямі, і ўсе лесанарыхтоўчыя сілы лесапункта і дзевяці лясніцтваў кінуты на ліквідацыю наступстваў урагану. Акрамя гэтага, ліквідаваць наступствы ўрагану нам дапамагаюць тэхніка і людзі Смаргонскага, Іўеўскага, Лідскага лясгасаў, а таксама прадпрыемствы “Кронаспан”, БТК “Усход” і індывідуальныя прадпрымальнікі.

Галоўная задача – аператыўна і ў  максімальна кароткія тэрміны ліквідаваць бураломы, каб не дапусціць страт тэхнічнай якасці драўніны. Па папярэдніх даных, давядзецца нарыхтаваць каля 46 тысяч кубаметраў пры сярэднемесячным аб’ёме нарыхтоўкі ў 20 тысяч. Значная частка дзелавой драўніны будзе перапрацавана на нашым цэху і рэалізавана праз біржу. Аднак  на бураломах значна больш драўніны, чым пры планавых рубках, ідзе на дровы. Улічваючы патрэбы насельніцтва, прадпрыемстваў, асабліва камунгаса, на некалькі месяцаў наперад будзем мець запас дроў.

На месцы суцэльных высечак пасадзім новыя лясы. Будзем звяртацца за дапамогай да школьнікаў, працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў. Як паказвае жыццё, людзі заўсёды  адгукаюцца на заклікі лесаводаў і штогод дапамагаюць нам садзіць лес.

 15.jpg

14.jpg

11.jpg

Гістарычны факт

Апошні самы разбуральны для лясной гаспадаркі Астравецкага раёна буралом здарыўся ў 1999 годзе: тады было пашкоджана 189 гектараў лесу.

 

Факт

Узрост пашкоджанага лесу – ад 30 да 90 гадоў.

 

Цікава ведаць

Адзін харвэстар замяняе работу 20 вальшчыкаў.

 

ЛІЧБА

0,6% лесу Астравеччыны было пашкоджана навальнічным фронтам.

7.jpg

Текст: Алёна Ганулич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений