Мікалай ГАЛАЙ: «Астравеччыне аддадзена трыццаць лепшых гадоў жыцця»

08:41 / 25.08.2018
4762

Сённяшні Астравец, які на вачах яго жыхароў ста­но­віцца адным з самых прыгожых і добра­ўпа­радкаваных гарадоў краіны, мала нагадвае раённы цэнтр, тады яшчэ не горад, а мястэчка, вёску, пазней – гарадскі пасёлак, якому ў 1940 годзе выпала стаць цэнтрам раёна.

 І, тым не менш, ён не стаў бы такім, як сёння, калі б не тыя людзі, што працавалі тут у далёкія 50-я, 60-я, 70-я, 80-я гады. Так, у той час яны вырашалі зусім іншыя задачы і праблемы, у іх былі зусім іншыя магчымасці – але гэта не значыць, што яны ў сваю працу ўкладвалі менш душы і сіл, што тыя дасягненні, якія сёння некаму могуць падацца смешнымі, вымагалі ад іх менш старання і самааддачы.

Напярэдадні юбілею Астраўца мы задалі «Пяць пытанняў аб галоўным» былым кіраўнікам раёна.

Пяць пытанняў аб галоўным

1. Якія задачы і праблемы вы вырашалі падчас вашага кіраўніцтва раёнам?

2.  Якія асноўныя дасяг­ненні ў Астравеччыны былі ў той час?

3.  Адзін у полі не воін… На каго вы абапіраліся ў сваёй рабоце, хто былі вашы памочнікі?

4.  Ці часта бываеце зараз у Астраўцы, ці сочыце за справамі раёна – і як успрымаеце тыя пераўтварэнні, што адбываюцца на Астравеччыне?

5.  Што бы вы пажадалі жыхарам горада і раёна ў гэтыя юбілейныя дні?

5.jpg

Мікалай Васільевіч ГАЛАЙ, старшыня райвыканкама ў 1983-1989 гадах

1. Астравецкаму раёну аддадзена больш як трыццаць лепшых гадоў жыцця. Пачынаў я тут заатэхнікам, быў старшынёй калгаса ў трох гаспадарках – калгасах «1 Мая», імя Яўсеева і імя Калініна; затым дзевяць гадоў узначальваў упраўленне сельскай гаспадаркі і шэсць гадоў з’яўляўся старшынёй райвыканкама.

У розныя гады і на розных пасадах вырашаліся розныя задачы, але асноўным было развіццё сельскай гаспадаркі, павышэнне ўраджайнасці. Акрамя агратэхнікі, для гэтага патрабаваліся ўгнаенні, найперш – мінеральныя, якіх катастрафічна не хапала. Каб дастаць аміячную ваду, якой вы­дзялялі адзін вагон, а трэба было ў дзясяткі разоў больш, даводзілася асабіста ездзіць у Расію на азотна-тукавы завод – Гродзенскага камбіната тады яшчэ не было. Разлічваліся за ўгнаенні лесам, ды яшчэ – сваім здароўем (Смяецца).

І, ведаеце, дасягнулі мы нямала. Скажам, калі я ўзначаліў калгас, ураджайнасць у нас была 5 цэнтнераў з гектара, а ў цэлым па раёне – 7 цэнтнераў. Ураджайнасць бульбы складала 60 цэнтнераў, надоі малака – каля тысячы літраў у год, сярэднесутачныя прывагі – 200 грамаў. Калі пакідаў раён, на круг збіралі ўжо 25 цэнтнераў збожжавых, бульбы з гектара накопвалі па 180 цэнтнераў, малака даілі амаль па тры тысячы кілаграмаў, а прывагі складалі 500 грамаў.

2.  На пасадзе старшыні райвыканкама даводзілася больш увагі надаваць сацыяльным пытанням – Астравец жа тады быў вёскай, у якой не было ні тратуараў, ні каналізацыі, ні вулічнага асвятлення. Дарэчы, Астравец быў другім пасля Мастоў райцэнтрам, дзе з’явілася ліўнёўка. Праклалі і цэнтральны водаправод, і ка­на­лізацыю. Электрычныя пра­вады знялі са слупоў – кабельныя сеткі паклалі ў зямлю. У Астраўцы з’явілася вулічнае асвятленне. З'явіліся першыя тратуары: у Баранавічах разбіралі сянажныя вежы, мы дамовіліся і забралі плітку – на тратуары.

3. Перш чым гаварыць, на каго абапіраўся я, хачу сказаць, пра чалавека, які вельмі шмат зрабіў для Астравецкага раёна, даў яму новы імпульс, штуршок для развіцця – гэта светлай памяці Дзмітрый Канстанцінавіч Арцыменя, тагачасны першы сакратар райкама партыі, чалавек асаблівай дзелавой хваткі. Тады ўся работа ў сельскай гаспадарцы была ручная: даяркі ўручную даілі па 16 ці нават больш кароў, кармілі жывёлу, выкідвалі гной. Рукамі церабілі, мялі, трапалі лён, косамі касілі жыта і ячмень, а потым на малатарнях абмалочвалі ўсю зіму. І механізацыю ў раёне ўкараняў менавіта Арцыменя – было, што і прымусам. Памятаю, прыехаў да мяне ў калгас «1 мая», а мы збожжа малоцім. «У другі раз, – кажа, – прыеду з сякерай і  пасяку гэтую малатарню, калі не будзеш убіраць хлеб камбайнам».

Увогуле мне заўсёды шанцавала на добрых пра­цавітых людзей. Не паверыце: мне сёлета спаўняецца 80 гадоў, але я б пайшоў працаваць старшынёй калгаса – пры ўмове, калі б са мной працавалі брыгадзіры Анатоль Шашкоў і Антон Гілевіч, механік  Антон Слядзевіч, будаўнік Мечыслаў Кавалеўскі, загадчыца збожжасклада Данута Хмялеўская, механізатары Казімір Янкун і Міхаіл Матыяшкойць, цялятніцы Леанарда Алёкса і Галіна Малышка, вадзіцель Уладзімір Чарнушэвіч – з такімі людзьмі горы можна звярнуць!

На пасадзе начальніка ўп­раў­лення сельскай гаспа­даркі я заўсёды абапі­раўся на сваіх намеснікаў па раслі­на­вод­ству Тамару Ан­дрэеў­ну Зарэцкую і па жывё­лагадоўлі – Рамана Адамавіча Івашку. Гэта былі вельмі граматныя спецыялісты, якія ведалі кожны лапік зямлі і кожную ферму ў раёне як свае пяць пальцаў. У раёне быў моцны склад кіраўнікоў гаспадарак: старшыня калгаса «Радзіма» Андрэй Андрэевіч Галагаеў, якога затым змяніў на гэтай пасадзе і працаваў не менш паспяхова Вячаслаў Іосіфа­віч Адахоўскі; сапраўдныя гаспа­дарнікі Мечыслаў Аляк­сандравіч Валуевіч, Ула­дзімір Уладзіміравіч Сіда­рэнка, Часлаў Іосіфавіч Рынкевіч, Мікалай Андрэевіч Севасцьян, Уладзімір Паўлавіч Постраш, Мар’ян Вацлававіч Шагун.

У якасці старшыні райвыканкама заўсёды цаніў дзелавыя якасці, гаспадарчы падыход да справы, уменне бачыць перспектыву свайго намесніка Марыі Іванаўны Пяткевіч, начальніка ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Франца Іосіфавіча Вільбіка, начальніка МБА Мар’яна Станіслававіча Гана, дырэктараў райсельгастэхнікі Івана Іосіфавіча Масальскага і райсельгасхіміі Паўла Захаравіча Захарэвіча.

4. Мая малая радзіма – вёска Тульгавічы ў Хой­ніцкім раёне – пасля аварыі ў Чарнобылі апынулася ў зоне адчужэння. І Астравеччына, якой аддадзены лепшыя гады жыцця – гэта ўжо нават не другая, а першая мая радзіма. Вядома ж, я заўсёды сачу за тым, што адбываецца ў раёне; радуюся, калі справы ладзяцца, засмучаюся, калі нешта ў землякоў не атрымліваецца.

Я вельмі рады, што Астравец становіцца такім сучасным, вялікім і прыгожым горадам. Хоць вельмі спадзяюся, што пры гэтым яго цудоўная, адметная прырода захаваецца і дасць прытулак і адпачынак усім яе жыхарам. Некалі была ў мяне мара – пабудаваць у Спондаўскім краі санаторый. На жаль, не атрымалася… Магчыма, мае паслядоўнікі змогуць яе ажыццявіць.

5. Ну што можна пажадаць дарагім твайму сэрцу людзям, якіх вельмі шмат жыве на Астравеччыне? Вядома ж, здароўя, дабрабыту, поспехаў, ажыццяўлення задуманага. Няхай расцвітае і працвітае наш край!

Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений