Как создавалась книга об истории СШ №1 Островца

16:04 / 23.08.2018

Да свайго юбілею Астравец атрымаў шмат падарункаў – вялікіх і малых, матэрыяльных і духоўных, коштам у многія тысячы рублёў і амаль што бясплатных, але ад таго не менш каштоўных.

IMG_6458.jpg

У іх шэрагу – і кніга “Гісторыя Астравецкай сярэдняй школы №1” – навучальнай установы, гісторыя якой з’яўляецца часткай гісторыі горада і раёна. Парадаксальна – але ад гэтага не менш каштоўна! – што гэтую кнігу падрыхтавала не гісторык і нават не філолаг, а былая настаўніца пачатковых класаў СШ №1 Ларыса Аляксандраўна Мартынава.

Прэзентацыя кнігі пройдзе ў рамках святкавання юбілею 25 жніўня. А напярэдадні гэтай падзеі мы сустрэліся з Ларысай Аляксандраўнай і папрасілі расказаць аб тым, што засталося “за кадрам”

 Званочкі звінелі…

– Ларыса Аляксандраўна, адкуль увогуле ўзнікла ідэя напісання гэтай кнігі?

– З першай школай звязана гісторыя ўсёй нашай сям’і: яе заканчваў мой муж і дзеці, зараз вучацца ўнукі, я тут працавала настаўніцай пачатковых класаў ?? гадоў. Неяк мы з мужам палічылі: 75 гадоў жыцця нашай сям’і так ці інакш звязаны з першай школай. І, разумела, нам неабыякава яе гісторыя і сучаснасць.

Трэба сказаць, што “званочкі” час ад часу звінелі. Скажам, ідзе лінейка з нагоды апошняга званка – і аднекуль усплыве думка: цікава, а які па ліку гэта выпуск? Ці адзначалі 45-годдзе школы – і падумалася: няўжо так мала? Школа – гэта ж не толькі будынак, у якім яна знаходзіцца…

А калі выйшла на пенсію, з’явілася шмат часу – і яшчэ былі сілы і энергія, пасля адной з бяссонных начэй вырашыла: трэба!

Я не прывязвала гэтую работы ні да якіх знамянальных дат, юбілеяў, не ставіла перад сабой канкрэтных тэрмінаў: працавала, ды і ўсё. Пачала збор матэрыялаў 19 лістапада 2015 года, а 29 чэрвеня ўбачыла гатовую кнігу. Прайшло два з паловай гады…

 IMG_6409.jpg

Напачатку быў летапіс

– Вы адразу мэтанакіравана ўзяліся пісаць кнігу?

– Што вы! Напачатку я збірала матэрыялы для летапісу школы, толькі і ўсяго. Планавалася, што там будзе 6 ці 7 раздзелаў – пра выпускнікоў, педагогаў, спартыўнае жыццё – ну і гэтак далей. У выніку аказалася 19 – і ў кнігу ўвайшлі не ўсе матэрыялы: многія так і засталіся ў летапісе, якія я збіраюся перадаць школе: думаю, гэта будзе бясцэнны матэрыял для настаўнікаў падчас правядзення ўрокаў.

Але калі я паказала ўсё сабранае нашаму старшыні райкама прафсаюзаў Ларысе Васільеўна Ярмоліч, яна здзіўлена ўзняла бровы: а што далей? Што, гэтыя матэрыялы так і будуць ляжаць у папках?

 Тут ужо я здзівілася: а як інакш?

Тады ўпершыню і прагучала слова: кніга. Яно мяне напалохала: хто я – і дзе кніга??? І потым, выданне кнігі каштуе немалых грошай – адкуль яны ў пенсіянеркі? Але Ларыса Васільеўна катэгарычна заявіла: вы пішыце, грошы – не ваша справа. Так і аказалася: фінансаванне выдання кнігі ўзяў на сябе райвыканкам.

 

“Ты помніш, як усё пачыналася…”

– З чаго вы пачыналі?

– Перш за ўсё пайшла да нашай былой настаўніцы, карэннай астраўчанкі Яніны Адольфаўны Кунэйка. Яна мяне, калі можна так сказаць, благаславіла: сказала: пішы, а я, чым змагу – дапамагу.

І стала я збіраць матэрыялы – запісвала успаміны, прасіла на суткі ці гадзінку, каб толькі адсканіраваць, фотаздымкі і ўнікальныя дакументы – хоць некаторыя перадавалі іх у падарунак школе Ведаеце, які дакумент я трымала ў руках? Сама сабе зайздрошчу:  чырвонаармейскую кніжку нашага першага дырэктара Рыбакова – яна сама па сабе гісторыя! Не кажучы ўжо пра тое, што пра жыццё Сцяпана Рыбакова, таксама можна пісаць асобную кніжку, нават гісторыя з яго імем – амаль што дэтэктыўная…

Днямі сядзела ў Маладзечанскім дзяржаўным архіве – наш раён напачатку ж адносіўся да Маладзечанскай вобласці. Разбірала школьныя дакументы, прасіла пагартаць кнігу загадаў РАНА – хоць атрымаць доступ да тых дакументаў было складана. Гэта зразумела: я ж нікога не прадстаўляла, акрамя сябе самой. З аднаго боку, гэта дастаўляла шмат цяжкасцей – а з іншага давала неацэнную перавагу: свабоду дзеянняў! Тройчы ездзіла ў Мінск да Адама Восіпавіча Мальдзіса, які таксама быў выпускніком нашай школы.

 А ў асноўным сустракалася з людзьмі – старажыламі горада, былымі настаўнікамі і вучнямі. Сустракалі мяне часцей за ўсё добразычліва: расказвалі, што памяталі, паказвалі фотаздымкі, дзяліліся дакументамі. Хоць былі і касыя позіркі: маўляў, хто яна такая, хто ёй даў такія паўнамоцтвы – пісаць кнігу пра школу? Яна ж нават не астравецкая і зусім не гісторык… Напачатку гэта дадавала мне няўпэўненасці. Але падчас адной з нашых сустрэч, памятаеце, вы мне сказалі: “Глядзець і гаварыць будуць па-рознаму – а вы рабіце сваю справу, бо, калі на гэта звяртаць увагу, увогуле нічога не зробіш!” І ў пэўны момант я прыняла гэта для сябе – і пайшла далей. 

Ведаеце, што самае страшнае? Пяць чалавек, з кім я толькі пагаварыла, праз некалькі дзён, тыдняў ці месяцаў пайшлі з жыцця. А яшчэ з пяццю і пагаварыць не паспела… Адыходзяць людзі, а кожны з іх – гэта жывая гісторыя сваёй сям’і, школы, горада, краіны, свету. Пакуль яны ёсць, пакуль жывыя – пытайцеся, запісвайце, бо заўтра можа быць позна!

 IMG_7662.jpg

Памочнікі-паплечнікі

– Хто вам дапамагаў?

– Па вялікім рахунку, ніхто: я ўсім займалася сама. Мне раілі: чаму б вам не ўзяць памочніка – было б і хутчэй, і лягчэй? Але два чалавекі – гэта, як у тым анекдоце пра юрыстаў, тры меркаванні. Таму  я вырашыла: хай будзе, як будзе – але гэта будзе мая праца, мая кніга і, калі яна надарацца, – мае памылкі.

Хоць не магу не сказаць словы ўдзячнасці сённяшняму дырэктару СШ №1 Марыне Мар’янаўне Кутовіч: яна прадаставіла мне поўную свабоду дзеянняў: я магла прыходзіць у школу, калі хацела, працаваць, колькі магла, карыстацца любымі дакументамі – і мне ніхто не перашкаджаў… Гэта таксама дарагога каштуе.

Найбольш  мне дапамаглі настаўніцы нашай школы Зоя Рыгораўна Куркуль і Ала Аляксандраўна Каржанок. Зоя Рыгораўна поўнасцю вычытала кнігу і зрабіла карэктарскую праўку.

 А без Алы Аляксандраўны кнігі ўвогуле не было: на ёй – увесь тэхнічны бок, усё афармленне. Мы з ёй працавалі і на перапынках, і падчас яе “фортачак” у раскладзе, і пасля заняткаў. А калі кнігу тэрмінова трэба было здаваць у друк, то сядзелі да поўначы – і ўсё гэта, як вы разумееце, на голым энтузіязме…

Яшчэ я ўдзячна сваёй сям’і за разуменне і падтрымку: не кожны муж пагодзіцца, што жонка, замест таго, каб варыць вячэру, піша кніжку, і не ўсе дзеці будуць вітаць маці і бабулю, якая не з унукамі займаецца, а па архівах за свае грошы катаецца.

І, вядома ж, гэтай кнігі не было б, каб не падтрымка намесніка старшыні райвыканкама Віктара Збігневчіа Свілы.

 

Лыжкі дзёгцю

– Дарэчы, вы тут ўзгадалі пра памылкі. Я цудоўна ведаю, што для кожнага аўтара кніга – гэта яго вынашанае і народжанае ў пакутах дзіцятка, якое проста не можа быць дрэнным! І ўсё ж, наколькі, па вашым аўтарскім меркаванні, яна дасканалая?

– Гэтую кнігу ні ў якім разе нельга разглядаць як нейкую навуковую, гістарычную манаграфію. Гэта МАЯ гісторыя МАЁЙ школы – калі б яе пісаў нехта іншы, то і кніга атрымалася б іншай. Я імкнулася, каб на яе старонках было як мага менш мяне, як аўтара, маіх эмоцый, ацэнак, уражанняў – і больш фактычнага матэрыялу, дакументаў, сведчанняў людзей.

Я цудоўна бачу, што там ёсць недакладнасці, нестыкоўкі нават у дакументах – але што я магу зрабіць, калі яны на самой справе былі, гэтыя нестыкоўкі? Я ж не магу паправіць архіўныя дакументы?! Ці, скажам, успаміны людзей: часам мне здавалася, што нешта ў іх не так – але ж не магу я прыпісваць людзям таго, што яны не гаварылі? Таму я пакідала ўсё, як ёсць, а як успрымаць тое, што напісана – справа чытача.

 

Працяг будзе?

– Дык, можа, варта прадоўжыць гэтую справу – дапоўніць, развіць гісторыю сярэдняй школы №1 – тым больш, што яна працягваецца?

 Я была б вельмі рада, калі б нехта яе прадоўжыў – у любым выглядзе. Матэрыялаў нават па нашай шкле для любога даследчыка – хопіць і яшчэ застанецца. Я вельмі спадзяюся, што ідэя стварэння музея выпускнікоў школы, якую актыўна падтрымала Марына Мар’янаўна Кутовіч, ўсё ж ажыццявіцца. Ды і ўвогуле – можна напісаць асобныя кнігі пра выпускнікоў, пра педагогаў, пра ветэранаў, пра будынкі школы – я, да прыкладу, пішу, што іх было дзевяць, але, магчыма, і больш – я ж не ведаю дакладна. Ці, скажам, пра фізіку: па якіх праграмах і падручніках яна выкладалася, хто вучыў, хто з вучняў прадоўжыў справу – і так да бясконцасці. Усё гэта неймаверна цікава!

Я? Не, напэўна, ўжо не я… Гэтая два з паловай гады бясконцай парцы прыялі да таго, што зараз я ўжо ні пісаць, ні чытаць не магу: стамілася…

Але, спадзяюся, маё пачынанне знойдзе працяг – і дай бог поспехаў тым, хто гэтым зоймецца!

Текст: Нина Рыбик