Адзін дзень жніва агранома КСУП “Гудагай”

08:59 / 07.08.2018
Сёлета, як ніколі, надвор’е пакпіла з хлебаробаў: спачатку бязбожна сушыла палеткі, затым – залівала, не пускаючы ў поле камбайны, а потым  саспелую збажыну, якая хіліла долу свой наліты колас, расквеціла зеленню «падсады»: залатыя чубы збажыны аблеплены зялёнымі сцяблінамі…
Тым не менш хлебаробы не трацяць аптымізму і што­дзень – балазе, надвор’е змяніла гнеў на міласць – літаральна да ночы, пакуль не выпадзе раса, убіраюць  ураджай.

  Пра адзін дзень жніва ў адзінай у раёне гаспадарцы, якая займаецца вытворчасцю элітнага насення збожжа і бульбы, нам расказаў галоўны аграном КСУП «Гудагай» Андрэй Іванавіч Ненартовіч.

IMG_3611.jpg

 Галоўны аграном КСУП “Гудагай” Андрэй Ненартовіч

– У сельскай гаспадарцы працую дзясяты год: гэтае жніво – юбілейнае. Але ніколі так не балела душа, як сёлета, – прызнаецца галоўны тэхнолаг гудагайскіх палёў. – Якія планы былі на збажыну! Глебу і насенне падрыхтавалі, пасеялі, своечасова падкармілі, вясной азімыя ўжо радавалі вока густым зялёным шчаціннем. Яравыя таксама няблага ўзышлі і падавалі надзеі. Але вясна, калі два месяцы ніводнай кроплі з неба не ўпала, перакрэсліла ўсе планы і надзеі. 

З надвор’ем не паспрачаешся. Дзякаваць богу, што цяпер не дажджыць – убраць бы тое, што  вырасла. Хоць, па ўсім бачна, ураджай бульбы і буракоў сёлета будзе багатым. І кукуруза ў рост чалавека вымахала! Гэта мяне, як агранома, канешне, радуе. А за збажыну ўсё ж перажываю – столькі намаганняў укладзена! Але трэба змірыцца: не ўраджайны на збожжа выдаўся год… Але без яго дакладна не застанемся.

Маглі б, канешне, хіміяй «да­спяліць» некаторыя ўчасткі – і па тэхналогіі можна, і сродкі ёсць – а не пасунешся, бо там канюшына падсеяна. Круці галаву, як лепш зрабіць: каб і ўраджай сабраць, і падсеву не нашкодзіць. 

IMG_3602.jpg

Мар’ян Янкоўскі не першы год заняты на корманарыхтоўцы

Тэхніка ў нас разбіта на тры звяны, у кожным з якіх працуюць па чатыры камбайны і па два МАЗы з прычэпамі на адвозцы збожжа. Летась, памятаю, машыны не паспявалі вазіць зерне, так добра сыпалася, а сёлета двух машын хапае, каб на ўчастку камбайны не прастойвалі.

Штогод імкнёмся абнаўляць парк збожжаўборачнай тэхнікі. Яна даверана адказным меха­нізатарам. Праўда, падчас уборкі саперніцтва – хто хутчэй і больш намалоціць, – усё ж ёсць. І справа тут нават не ў грашах. Калі хочаце, гэта справа мужчынскага гонару. 

І такую гарачыню, што стаіць зараз, збожжа практычна не патрабуе дасушкі. Раз прагнаў праз сушылку – і гатова. Сёлета літаральна перад уборкай набылі новы зернесушыльны комплекс «Грын вэй», які працуе на поўную магутнасць у Германішках. За суткі каля 80 тон збожжа там даводзяць да патрэбнай кандыцыі. Праўда, трошкі папацелі, каб адаптаваць яго пад нашы рэаліі – але ўсё атрымалася. Хлопцы, якія на ёй працуюць, ужо перасушылі больш як дзве тысячы тон збожжа – і гэта радуе.
У нас ёсць і лінія дапрацоўкі зерня. Пробныя партыі збожжа зда­ём на аналіз: калі добрая ўсходжасць, то збожжа дапрацоўваем – яно пойдзе ў насенны фонд.

IMG_3507.jpg

IMG_3513.jpg

Яўген Грабоўскі і Аляксандр Ерма­ковіч летась першымі ў гаспадарцы намалацілі тысячу тон збожжа. Сёлета іх камбайн КЗС-1218 упрыгожаны малюнкамі беларускага сцяга і збожжа

Але, як кажуць, не жнівом адзіным… Такога складанага лета, як сёлета, падчас маёй работы яшчэ не было. Супалі тэрміны ўборкі і другога ўкосу, паралельна рыхтуем глебу пад сяўбу. Рапс не будзе чакаць: які задзел зробіш, такі потым ураджай і атрымаеш. А сеяць  крыжакветкавы  пачнём праз два тыдні.

Большую частку кармоў звычайна нарыхтоўвалі першым укосам. Ды самі бачылі, якія сёлета травы былі. Затое пасля дажджоў атава нібы на дражжах расце. Паглядзіце, як канюшына падымае свае налітыя сакавітыя галовы! Косім у самую фазу цвіцення – сянаж атрымаецца што трэба.

…Кажуць, што год на год не прыходзіцца. Разумею, што, каб атрымаць добры ўраджай, мы зрабілі ўсё і нават больш – але ўсё адно перажываю… Відаць, душа ў агранома такая: хварэеш за кожную раслінку. 

IMG_3508.jpg

Вадзіцель Аляксандр Карвэцкі перавёз 1 тысячу тон збожжа


IMG_3526.jpg

У гэтым звяне працуюць маладыя камбайнеры


IMG_3537.jpg

На зернетоку ў Палушах працуюць сын і бацька Генадзь і Казімір Масальскія


IMG_3556.jpg

Вацлаў Кандратовіч – адзін з самых вопытных гудагайскіх аратых


IMG_3566.jpg

Арцём Янкоўскі скошаную і падвяленую канюшыну зграбае ў валкі


IMG_3567.jpg

Алег Яблонскі возіць “зялёнку” 


IMG_3578.jpg

На кормаўборачным камбайне Міхаіл Лашчонак падымае і здрабняе падвяленую канюшыну


IMG_3579.jpg

Не першы год на корманарыхтоўцы заняты вадзіцель Мікалай Іваніцкі


IMG_3593.jpg

Дзмітрый Маргентал, вадзіцель


IMG_3598.jpg

Аляксей Сакалоўскі сёлета возіць зялёную масу, а некалькі гадоў назад убіраў на камбайне ўраджай


IMG_3599.jpg

Святлана Васілеўская вядзе ўлік зробленых вадзіцелямі рэйсаў


IMG_3624.jpg

Зыгмунд Лукашэвіч кладзе травы ў пракосы. Пазалетась механізатар стаў адным з лепшых касароў вобласці


Текст:
Фото: Алена Гануліч