Колькі зарабляюць на жніве?

14:15 / 27.07.2018
1
У жніва магутная энергетыка, якая з першых хвілін захоплівае вясковае наваколле і людзей – і ёй немагчыма не падпарадкавацца. У гэтым хуткім, вірлівым рытме жывуць кожнае лета вяскоўцы. З кожным днём хлебаробы ўсё больш уваходзяць у смак жніва – балазе, надвор’е спрыяе, а раённае спаборніцтва сярод камбайнерскіх экіпажаў, вадзіцеляў, аператараў зернесушылак заахвочвае іх працаваць больш плённа. 

000_0379.jpg

Ці распрацаваны ўмовы спаборніцтва ў гаспадарках, як на месцах стымулююць хлебаробаў, ці ведаюць яны, як аплачваецца іх праца, – гэтыя і іншыя пытанні мы высвятлялі разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Юрыем Аляксандравічам Адулам і прысвяцілі «Адзін дзень жніва» падарожжу па гаспадарках.

– Штогод прафсаюз трымае руку на пульсе жніва. Па доб­рай традыцыі, якая склалася ў раёне, адзначаем «тысячнікаў» – камбайнерскія экіпажы і ва­дзіцеляў, якія першымі нама­лацілі тысячу тон збожжа і рапсу; і «двухтысячнікаў» – апе­ра­тараў зернесушыльных уста­новак. Акрамя гэтага, падарунак атрымае галоўны аграном той гаспадаркі, у якой экіпаж першым у раёне, незалежна ад прапускной здольнасці камбайна, намалоціць тысячу тон збожжа, – па дарозе  расказвае Юрый Аляксандравіч. – Для пра­цаўніка важна не толькі матэрыяльнае заахвочванне яго працы, але і ўвага. Згадзіцеся, кожнаму прыемна, калі бачаць і цэняць яго працу і старанні.

– Ва ўсіх гаспадарках раёна наладжана двухразовае гарачае харчаванне занятых на ўборцы людзей. Асаблівых нараканняў няма. Падабаецца механізатару абед ці не – гэта ўжо справа густу, – працягвае Юрый Аляксандравіч. – Абеды і падвячоркі хлебаробам прывозяць у поле – і, каб нармальна паабедаць, людзям няма дзе прысесці. Сёлета гэтую праблему вырашылі сумесна з прафсаюзнымі пярвічкамі гас­падарак – і закупілі наборы раскладных сталоў і крэслаў. 

44.jpg


Прыпынак 1: Малі
На жаль, ні ля адмініст­ра­цыйнага будынка КСУП «Гудагай», ні на стэндзе ўнутры яго інфармацыі пра перадавікоў жніва напрыканцы мінулага тыдня мы не ўбачылі: яна «схавалася» ў кабінеце ідэолага. Намеснік дырэктара па ідэала­гічна рабоце Вікторыя Юрге­лянец патлумачыла, што не паспела вынесці інфармацыйны стэнд і паабяцала, што такіх хібаў больш не будзе. 

IMG_5445 В ПЕЧАТЬ.jpg

А вось на механічных майстэрнях «інфарматар» быў на месцы. У  гаспадарцы плануюць узняць сцяг у гонар першага «тысячніка».
Умовамі стымулявання хлеба­робаў пацікавіліся ў галоўнага эканаміста КСУП «Гудагай» Ірыны Юцкевіч.

– Ад працоўнага спаборніцтва мы адмовіліся, – здзівіла нас спецыяліст. І аргументавала: 
– Каб ніхто потым не крыўдаваў і ўсе былі ў больш-менш аднолькавых умовах. У нас распрацаваны ўмовы прэміравання на перыяд уборкі. Напрыклад, кожныя сто тон прыносяць камбайнеру дадаткова 10 рублёў, яго памочніку – 8. Вадзіцель МАЗа за перавезеныя 200 тон дадаткова атрымае 10 рублёў, а вадзіцель ГАЗ-53 атрымае столькі ж за 100 тон збожжа. Акрамя гэтага ў гаспадарцы практыкуецца натуральная аплата: за кожную намалочаную тону камбайнер атрымае кілаграм збожжа, сушыльшчык – 300 грам за тону даведзенага да кандыцыі зерня.

У КСУП «Гудагай» распрацаваны бюлетэнь, у якім што­дзень мяняюцца звесткі пра намалоты камбайнераў і колькасць перавезенага ва­дзі­целямі збожжа за дзень і  з пачатку ўборкі.

ФАКТ*
Найбольшы заробак камбайнера за дзень склаў 96 рублёў, найменшы – 51. 


 Прыпынак 2: Варняны
Побач з пляцоўкай, дзе будуецца атамная станцыя, стаялі, прытуліўшыся да беражка поля, тры камбайны. Дождж, ні­быта татара-мангольскае іга, не­ча­ка­нымі  налётамі не даваў працаваць ні тэхніцы, ні лю­дзям.

Цікавімся ў камбайнераў, ці ведаюць яны, колькі зарабляюць за дзень на ўборцы.
– Ведаем! – у адзін голас ада­зваліся хлебаробы. – «Па­перкі» перадаюць разам з абе­дамі.

У пацвярджэнне сваіх слоў па­мочнік камбайнера Віктар Ба­­барыка паказаў два лісты: «ін­фарматар» налічэння зарплаты на ўборцы ўраджаю і такі ж – аб ходзе ўбор­кі.

Дакументы састаўлены зразу­мела: камбайнер адразу бачыць, колькі ён зарабіў за дзень і з пачатку ўборкі на абмалоце збожжа, рапсу, травы. Таксама ў іх пазначана норма выпрацоўкі, ад якой залежыць прэмія. 

Гэтыя «нормы» вар’іруюцца для розных камбайнаў (у залеж­насці ад прапускной здольнас­ці), аўтамабіляў і зернесушыльных установак. 
За выкананне 30 норм (напрыклад, для «Джон-Дзіра» гэта 660 тон) камбайнер атрымае 65 рублёў,  памочнік – 55, вадзіцель – 50, а кожны аператар зернесушылкі – 60 рублёў. 



«Плюс» варнянскага жніўнага спаборніцтва ў  тым, што ў ім удзельнічаюць не толькі кам­бай­нерскія экіпажы, вадзі­целі і аператары зернесушыльных уста­новак, але і занятыя на падборы і прэсаванні саломы механізатары. 
Зазірнуўшы на майстэрні ў Варняны, мы  ўбачылі ўзня­ты сцяг і стэнд з інфармацыяй. Праўда, пазней высветлілася, што на выхадных яна не абнаўляецца, хоць хлебаробы працуюць і ў гэтыя дні…

viber image.jpg


ФАКТ*
Найбольшы заробак камбайнера за дзень склаў 80,34 рублёў, найменшы – 21,89. 

Прыпынак 3: Гервяты
Каля механічных майстэрняў у Гервятах перад масавай уборкай устанавілі флагшток і новы стэнд – кожны механізатар можа ўбачыць на ім колькасць намалочаных за мінулы дзень тон збожжа і прозвішчы лідараў жніва. Акрамя ўмоў жніўнага спаборніцтва, на стэндзе ў дыс­петчарскай размешчаны нормы выпрацоўкі і аплаты працы на корманарыхтоўцы. 

IMG_5451.jpg

За выкананне 30, 50, 70 норм умовамі жніўнага спаборніцтва ў КСУП «Гервяты» прадугледжана прэміраванне камбайнер­с­­кіх экіпажаў, вадзіцеляў, занятых на адвозцы збожжа ад камбайнаў і на перавозцы сухога зерня, аператараў зернесушылак.

Акрамя гэтага, падчас дажынак у гаспадарцы вызначаюцца па тры прызавыя месцы ў кожнай з вышэй узгаданых катэгорый.
Пярвічная прафсаюзная ар­га­­ні­зацыя закупіла для ўсіх кам­байнераў майкі і кепкі з эмблемай прадпрыемства.

 Пры ўсіх «плюсах», у гервятцаў без «лыжкі дзёгцю» не абышлося. Даведацца, колькі зарабіў кожны камбайнер за дзень, мы не змаглі. Па словах эканаміста Ганны Іванаўны Махнач, камбайнеры несвоечасова здаюць пуцёўкі. Праўда, пазней гэта высветлілі.

 ФАКТ*
Найбольшы заробак камбайнера за дзень склаў 110 рублёў, найменшы – 34. 


Прыпынак 4: Міхалішкі
На тэрыторыі ля зернетока сустракаем аператараў зернесушыльнай устаноўкі Вікта­ра Мі­лашэвіча і Генадзя Субаткевіча.

IMG_5463.jpg

Па словах мужчын, спецадзенне перад уборкай ім выдалі, кормяць смачна, два разы на дзень. На пытанне, ці ведаюць за што прадугледжаны надбаўкі да зарплаты і колькі за дзень зараб­ляе сушыльшчык, яны адказаць не змаглі. Мы таксама не змаглі адшукаць гэтую інфармацыю. Затое на майстэрнях бюлетэнь намалотаў і аплаты працы ме­ханізатараў, вадзіцеляў быў на стэндзе, а ў паветры развіваўся сцяг, узняты ў гонар камбайнера Міхаіла Дашына, вадзіцеля  Івана Зімніцкага і зернесушыльшчыкаў Сяргея Рукойця, Віктара Мі­ла­шэвіча, Генадзя Субаткевіча і Паўла Міхновіча – праўда, пры­бі­ты цвікамі да страхі...

IMG_5458 В ПЕЧАТЬ.jpg

IMG_5454 В ПЕЧАТЬ.jpg

Па ўмовах  працоўнага спа­борніцтва ў КСУП «Міхалішкі» вызначаюцца па тры прызавыя месцы ў кожным відзе жніўных работ, у тым ліку на ўборцы саломы. Напрыклад, за першае месца з улікам каэфіцыента тэрміна эксплуатацыі камбайна  механізатар атрымае 60 рублёў, за другое – 50, за трэцяе – 40. Такія ж грашовыя прэміі чакаюць і вадзіцеляў. 
ФАКТ*
Найбольшы заробак камбайнера за дзень склаў 69,29 рублёў, найменшы –  23,20. 


 Прыпынак 5: Рытань
У РУП «Астравецкі саўгас «Па­­дольскі», як і ў КСУП «Гудагай»,  распрацавана сістэма прэ­­мі­равання на перыяд уборкі. Праў­да, яна тычыцца толькі кам­байнерскіх экіпажаў і вадзі­це­ляў. 

Велічыня прэміі залежыць ад маркі камбайна і намалоту. Напрыклад, экіпаж, які працуе на КЗС-1218, за 400 тон намалочанага збожжа  – атрымае 10 рублёў, за 600 – 15, а за 1 тысячу – 30. Вадзіцель МАЗ-555-142 за першыя 400 тон перавезенага збожжа атрымае 10 рублёў, за 1 тысячу – 20.
Па словах спецыялістаў, камбайнеры і вадзіцелі штодзень на рукі атрымліваюць персанальныя  бюлетэні.

 ФАКТ*
Найбольшы заробак камбайнера за дзень склаў 87 рублёў, найменшы –  15. 

viber image.jpg


Каментарый постфактум 
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Юрый Аляксандравіч Адула:
– Як бачна, дзесьці недапра­цоў­ваюць ідэолагі, дзесьці – прафсаюзная лідары. Важна, каб пад­час уборкі ўсе службы пра­цавалі  разам, як агульны меха­нізм. 
Для мяне паказальным быў вопыт работы ў СВК «Варняны», калі я сумяшчаў абавязкі юрыс­консульта і ідэолага. Штодзень познім вечарам, часта – ноччу па мабільным тэлефоне мы прымалі справаздачу загадчыкаў зернескладаў. На камп’ютары звесткі «збіваў» у табліцу – і ў 6 гадзін раніцы яна ўжо ляжала на стале старшыні калгаса. Я не сцвярджаю, што менавіта так павінна быць наладжана работа ва ўсіх гаспадарках, – але хлебаробы, якія працуюць і ў святы, і ў выхадныя павінны ведаць, колькі каштуе іх праца, і маюць права на тое, каб за яе ім сказалі словы падзякі. 


Знайсці інфармацыю пра намалоты, ураджайнасць збожжа і дасягненні любога ўдзельніка жніва можна на сайце райкама прафсаюза работнікаў АПК па спасылцы  http://profapk.www.by/zatva2018


P.S. Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, пра­гледзела сайты сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. На 14.00 26 ліпеня звесткі пра пера­давікоў жніва былі толькі на сайце КСУП «Гудагай» і «Гервяты». 



* Звесткі на 25 ліпеня. Велічыня заробку залежыць ад намалоту, стажу камбайнера, класнасці, маркі і тэрміну эксплуатацыі камбайна і інш.
Текст:
Фото: Алена Гануліч, Юрый Горыд, Юрый Адула