Как островчане мосты сводили
07:13 / 23.06.2018
Мосцік праз рэчку Лоша, які скарачаў іх шлях «у горад» на добрых паўкіламетра, прыйшоў у заняпад. Час ад часу жыхары самі падлатвалі яго дошкамі, якія прагнівалі ці па чыёйсьці міласці ламаліся. Часам выклікалі «групу падтрымкі» з Астравецкага РУП ЖКГ: камунальнікі дапамагалі – хаця і не мае прадпрыемства ніякага дачынення ні да будаўніцтва, ні да абслугоўвання гэтага мастка.
Аднак, як усялякая пабудова, якая не мае гаспадара, мосцік разваліўся канчаткова і беспаваротна: дошкі забарыкадзіравалі рэчку, а напаўгнілое бервяно, што стала кладкай, маглі скараціць шлях цяпер толькі сапраўдным экстрэмалам. Патрабаваўся капітальны рамонт!
– Самастойна справіцца з ім жыхары не маглі, – расказвае жыхарка вуліцы Ушакевіча Марыя Станіславаўна Тверэгінене. – Мы звярнуліся ў ЖКГ за дапамогай – але нам адмовілі, сказалі, што гэты мосцік не стаіць у іх на балансе. Гэта так – але ж рабіць нешта трэба! Гэта ж якія кругі прыходзілася «даваць» у абход!
– Я патэлефанавала нашаму дэпутату Юрыю Францавічу Грыневічу, – працягвае Марыя Станіславаўна. – Папрасіла ў яго дапамогі.
Не прайшло і месяца пасля размовы з дэпутатам, як на месцы разбуранага з’явіўся новы мост – яго паклалі на жалезабетонныя апоры, заслалі дошкамі і нават зрабілі парэнчы, якіх стары мост ніколі не бачыў.
– Мы з сястрой даўно тут не хадзілі, – гаворыць Ігар Азевіч. – Раней да бабулі напрасткі можна было дайсці праз гэты мосцік, потым ад мастка толькі гнілыя бярвенні засталіся – небяспечна. Мы вельмі рады, што зрабілі новы мост!
– Ой як добра, што мост адрамантавалі, – далучаецца да гаворкі Алена Іосіфаўна Бародка. – Цудоўна, што яшчэ і парэнчы прымайстравалі – рэчка хоць і нешырокая, але ж рознае можа здарыцца. Дзякуй вялікі тым людзям, якія гэта ўсё зрабілі!
Дэпутату зрабіць такі падарунак гараджанам, што жывуць у паўночна-заходняй частцы Астраўца, дапамагло ўсё тое ж РУП ЖКГ – відаць, дыялог у народнага выбранніка з дырэктарам прадпрыемства быў канструктыўны. І ад гэтага ўсе засталіся ў выйгрышы – і народ, і народная ўлада.