14 чэрвеня адзначаецца Міжнародны дзень донара крыві
08:59 / 14.06.2018
Здай кроў – падары жыццё!
Для донараў, якія чатыры разы ў год прыходзяць у аддзяленне пералівання крыві Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы, гэтыя словы з’яўляюцца лейтматывам жыцця.
– Упершыню вырашыў здаць кроў гадоў дзесяць назад, – усміхаецца Ілля Міхайлавіч. – З таго часу прыходжу сюды, як на працу. Калі адчуваю сябе добра, то чаму б і не падарыць частку сваёй крыві тым, каму яна патрэбна?!
– Насельніцтва раёна павялічваецца – і ў нас з’яўляюцца новыя донары, – расказвае ўрач-трансфузіёлаг Андрэй Тадэвушавіч Субаткевіч. – Як правіла, гэта людзі, якія прыязджаюць на работу на будаўнічую пляцоўку Беларускай АЭС. І мы гатовы іх прыняць.
– Далучыцца да кагорты неабыякавых людзей можа любы жадаючы, – працягвае старшая медсястра Марына Аляксандраўна Сянюць. – Для гэтага трэба здаць аналізы і прайсці медыцынскі агляд. Калі ніякіх супрацьпаказанняў няма, можна станавіцца донарам.
Менавіта так зрабіла ваеннаслужачая вайсковай часці 2044 Аляксандра Сініцкая. Першая спроба здачы крыві ў дзяўчыны была ў 2015 годзе. А потым Саша зацяжарыла, нарадзіла дзіця, доўгі час карміла грудзьмі – а ўсё гэта не дазваляе здаваць кроў. І як толькі арганізм жанчыны аднавіўся, яна зноў прыйшла ў аддзяленне.
…Старшая медсястра афармляе неабходныя дакументы, донар выпівае кубак салодкага чаю – і можна адпраўляцца на працэдуру.
– З кожным годам людзей, якія нераўнадушна ставяцца да донарства і гатовы сваю кроў падарыць людзям, становіцца ўсё больш. У апошні час актыўна вядзецца прапаганда бязвыплатнага донарства. У гэтым працэсе ўдзельнічаюць і астравецкія донары – раз у год яны здаюць сваю кроў бясплатна. Плануецца, што да 2020 года ў нашай краіне кроў і яе кампаненты будуць прымацца на бязвыплатнай аснове. Людзі гатовы да гэтага і іх становіцца ўсё больш і больш, – гаворыць Андрэй Тадэвушавіч Субаткевіч.
А напярэдадні свята да 202 Ганаровых донараў Астравеччыны дадалося яшчэ два. Нагрудныя знакі, кветкі і падарункі атрымалі Алена Уладзіміраўна Анімуцкая і Алена Іванаўна Каранкевіч.
Яны дораць часцінку сябе і свайго здароўя тым людзям, якім гэта патрэбна. А вы змаглі б? Падумайце пра іншых, здайце кроў – і падарыце жыццё!
Калі такое жаданне з’явіцца, вас чакаюць на першым паверсе раённай паліклінікі. Кантактны нумар тэлефона 22-5-37.
Даведка
У мінулым годзе ў аддзяленні пералівання крыві было нарыхтавана больш за 283 літры крыві, пасля перапрацоўкі з яе было атрымана 174 літры плазмы, 81 літр эрытрацытнай масы.
Больш за 84 літры плазмы было адпраўлена на перапрацоўку ў Слонім на станцыю пералівання крыві.