Фотарэпартаж з парафіяльнага свята ў Гервятах
Сёлетняя ўрачыстасць Святой Тройцы адметная ўжо хаця б таму, што каталікі і праваслаўныя ў адзін дзень адзначалі гэтае вялікае хрысціянскае свята. Па задуме пробашча Гервяцкай парафіі ксяндза Эльяса Анатоліюса Маркаўскаса фэст расцягнуўся на два дні. Вечар суботы быў прысвечаны дзецям, якія разам з бацькамі прыехалі паслухаць капуцына, айца Анатоля Ярошку з Маладзечна.
Галоўная адпустовая імша сабрала ў нядзелю ў Гервятах сотні вернікаў. Напачатку людзей прывітаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Цёплымі словамі іерарх успомніў былога пробашча, ксяндза Леаніда Несцюка, намаганнямі якога Гервяцкі храм і тэрыторыя каля ператварыліся ў «беларускі Нотр-Дам» – месца паломніцтва соцень турыстаў з Беларусі і з-за мяжы.
Арцыбіскуп Віленскі Гінтарас Грушас нагадаў пра цесную шматвяковую сувязь Гервяцкага краю, дзе з даўніх часоў жывуць літоўцы, і Віленшчыны.
Потым пачалася імша, якую суправаджаў хор Акадэміі навук Літвы. Велічны голас аргана зліваўся з людскімі галасамі і ўзносіў высока-высока, да самага шпіля, а адтуль – прама на неба малітвы людзей, іх просьбы і падзякі.
Пра Найсвяцейшую Тройцу ў казанні разважаў арцыбіскуп Віленскі Гінатрас Грушас. На беларускую мову яго сінхронна перакладаў ксёндз Эльяс Анатоліюс Маркаўскас. Простыя і глыбокія словы іерарха пра тое, што Бог стварыў чалавека па сваім вобразе і падабенстве – з любові і для любові – знаходзілі адгалосак у людскіх сэрцах.
У гэты дзень тытул надворнага спевака касцёла Найсвяцейшай Тройцы атрымаў Сяргей Славянскі.
Пасля заканчэння службы адбылася працэсія вакол касцёла: дзяўчынкі ў белых сукенках сыпалі пялёсткі кветак перад іерархам, плылі харугвы.
А на прыкасцёльнай плошчы ішоў бойкі гандаль, чулася літоўская і беларуская гаворка… Спакон вякоў гервяцкія фэсты – месца сустрэч і час для малітваў!