На пять вопросов о главном ответили работники физической культуры и спорта
10:57 / 19.05.2018
З гэтай нагоды мы вырашылі пазнаёміць чытачоў з некаторымі прадстаўнікамі гэтай шматграннай сферы, прапанаваўшы ім адказаць на «пяць пытанняў аб галоўным.
1. Калі і чаму вы пасябравалі са спортам?
2. Узнагароды і лаўры дастаюцца спартсменам – а трэнеры і настаўнікі застаюцца ў ценю. Чаму выбралі менавіта гэты варыянт?
3. Чаго трэнер не можа дазволіць сабе ў рабоце з дзецьмі?
4. Як лічыце: чалавек можа ўсяго дасягнуць сам – ці ўсё прадвызначана лёсам?
5. Што лічыце сваім самым вялікім дасягненнем, а што – паражэннем?
Анастасія Мечыславаўна Юшкявічус,
настаўнік фізічнай культуры і спорту гімназіі №1:
1 Маё знаёмства са спортам ператварылася ў моцнае сяброўства яшчэ ў дзяцінстве. Мяне не цікавілі лялькі – толькі мячы, абручы і скакалкі. А любімай гульнёй былі даганялкі. (Усміхаецца) Упершыню праявіць свае здольнасці мне дапамог настаўнік фізкультуры Генадзь Лявонавіч Лапуня – ён прапанаваў паўдзельнічаць у спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы. Як я ўзрадавалася! І цяпер памятаю: бегла 500 метраў. З таго моманту спорт – мой лепшы сябар! А яшчэ ніколі не забуду, як плакала, калі аднойчы прыйшлося прапусціць спаборніцтвы.
Калі вучылася ў Гервяцкай школе, маё захапленне спортам заўважылі настаўнікі фізкультуры Анатоль Мечыслававіч Кавалеўскі і Ірына Мікалаеўна Гадунко. Яны дапамаглі развіць здольнасці і яшчэ больш палюбіць спорт – за гэта я ім удзячна.
2 Спачатку хацела стаць педыятрам – да таго часу, пакуль не даведалася, што ва ўніверсітэце трэба будзе разразаць жаб. І ў галаву прыйшла геніяльная ідэя: а што, калі я буду не лячыць хваробы, а іх папярэджваць? Так выбрала прафесію трэнера па лёгкай атлетыцы. І чым бліжэй знаёмілася з ёй – тым больш упэўнівалася, што знаходжуся на правільным шляху. Прывіць дзецям любоў да спорту – гэта значыць, адцягнуць іх ад камп’ютараў і смартфонаў ці, што яшчэ лепш, вызваліць з дрэннай кампаніі.
Так атрымалася, што я займаюся не трэнерскай дзейнасцю, а настаўніцкай. Але мне падабаецца: цікавая, шматфункцыянальная, часам неспадзяваная, а галоўнае – карысная работа.
3 Агрэсіўнасць, запальчывасць, абыякавасць, лянота, няўпэўненасць, крывадушша, няўважлівасць, нізкі ўзровень інтэлекту. Дзяцей трэба любіць, разумець, спачуваць, хваліць – нават калі ў іх не ўсё атрымліваецца, падтрымліваць, быць побач… І тады яны адплацяць тым жа, а магчыма, калі-небудзь успомняць добрым словам.
4 Магчыма, жыццё і прадвызначана загадзя – але тады мы можам легчы і нічога не рабіць: усё ж здзейсніцца само сабой. Аднак штодзень мы ўстаём і ідзём. А вось куды, з кім і дзеля чаго – залежыць ад чалавека, бо сцэнарый свайго жыцця мы пішам самі.
5 Чалавек штодзень развіваецца, таму ўсе дасягненні становяцца мізэрнымі перад будучымі поспехамі. І тое, што ўчора здавалася важным, заўтра можа стаць пройдзеным этапам. Аднак ёсць і вечныя каштоўнасці. Для мяне самае вялікае дасягненне – мая сям’я.
А слова «паражэнне» я не люблю. Ёсць проста няўдачы, над якімі трэба папрацаваць. І тады не сёння, дык заўтра ўсё абавязкова атрымаецца!
Уладзімір Леанідавіч Батура,
настаўнік фізічнай культуры і спорту Гудагайскай сярэдняй школы:
1 Са спортам я на «ты» з дзяцінства. Значную ролю ў гэтым адыграў мой настаўнік фізкультуры Аляксандр Вацлававіч Ляцкі: ён умеў зацікавіць і прывіць любоў да спорту. Пасля займаўся ў трэнера па лёгкай атлетыцы Астравецкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Васіля Уладзіміравіча Мартышэўскага – ён яшчэ больш распаліў маё захапленне спортам. Гэта як у азартных гульнях: чым больш спрабуеш, тым больш хочацца. Ды і як можа быць інакш, калі 7-8 разоў на год выязджаеш на спаборніцтвы – і гэта не лічачы раённых! Цікавыя паездкі, знаёмствы, хваляванне перад стартам, радасць перамогі – адчуўшы гэтыя эмоцыі аднойчы, немагчыма развітацца са спортам.
2 У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце, куды я паступіў на настаўніка фізкультуры і біялогіі, мне прапаноўвалі сур’ёзна заняцца бегам. Аднак, хоць і выступаў я часцей у лёгкаатлетычных спаборніцтвах, больш падабаліся гульнявыя віды спорту: баскетбол, валейбол, футбол. Таму адмовіўся. Потым перавёўся ў Мінскую акадэмію фізічнай культуры і спорту, пасля заканчэння якой прыйшоў працаваць настаўнікам фізкультуры ў Гудагайскую СШ – і вось ужо 25 гадоў прывіваю дзецям любоў да спорту. І, шчыра кажучы, ніколі не пашкадаваў, што выбраў менавіта гэты шлях. Поспех дзяцей – гэта і мой поспех таксама!
3 Абыякавасць ва ўсіх сэнсах: да дзяцей, пастаўленных мэт, жадання іх дасягнуць. Калі чалавек не «гарыць» справай, у яго нічога не атрымаецца.
4 Ёсць цудоўная прыказка: пад ляжачы камень вада не цячэ. Я веру ў лёс, аднак упэўнены, што ўдача, поспех, перамога не пастукаюцца самі ў дзверы. Для добрага выніку трэба добра папрацаваць. Канешне, не заўсёды ўсё атрымліваецца – сам неаднойчы сутыкаўся з няўдачамі. Аднак варта ставіць мэты і дасягаць іх – наперакор не лёсу, а абставінам.
5 Я радуюся кожнаму дасягненню сваіх вучняў. Пяць разоў наша валейбольная каманда была ў ліку прызёраў вобласці. Некаторыя мае вучні ўдзельнічалі ў рэспубліканскіх спаборніцтвах – і гэта, лічу, таксама вынік. Я некалькі разоў быў пераможцам у рэспубліканскім аглядзе-конкурсе «Урок (гадзіна) футбола». Але спадзяюся, што галоўныя дасягненні яшчэ наперадзе.
Што тычыцца паражэнняў, то ў гэтым сэнсе стараюся быць аптымістам: сёння прайграў, а заўтра будзе перамога. Галоўнае – не вешаць нос, а ісці наперад.
Раман Мікалаевіч Багданёнак, трэнер па грэка-рымскай барацьбе
Астравецкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай
школы алімпійскага рэзерву:
1 Мой прадзед, дзед, бацька, дзядзька, стрыечны брат – усе яны майстры спорту па грэка-рымскай барацьбе. У дзяцінстве, гледзячы на іх медалі і дыпломы, назіраючы за трэніроўкамі і спаборніцтвамі, я ўяўляў сябе на іх месцы. Таму, канешне ж, прадоўжыў сямейную дынастыю. Захапляўся і іншымі відамі спорту: плаваннем, каратэ, дзюдо, баскетболам. Але гэта было хобі, аматарскае захапленне.
2 Я займаюся барацьбой з 5-га класа: спачатку мяне трэніраваў бацька, затым я паступіў у Мінскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву. За плячыма шмат спаборніцтваў. Я майстр спорту па грэка-рымскай барацьбе, шасціразовы чэмпіён Рэспублікі Беларусь, бронзавы прызёр міжнароднага фестываля ў Лужніках.
Аднак з-за траўм чатыры гады назад змяніў выступленні на трэнерскую работу – і не шкадую. Рыхтаваць новых чэмпіёнаў і накіроўваць іх да перамог – місія не менш важная і адказная, чым асабісты ўдзел у спаборніцтвах.
3 Шкодныя звычкі, нецэнзурныя выразы, некультурныя паводзіны. Задача трэнера – выхаваць перш за ўсё годнага чалавека, а ўжо затым – добрага спартсмена. Барцы – вялікая і дружная сям’я, дзе малодшы раўняецца на старэйшага, а старэйшы заступаецца за малыша.
4 Чалавек усяго можа дасягнуць сам і толькі сам – для гэтага трэба мець жаданне, цярпенне і шмат працаваць.
5 Я задаволены тым, што працую трэнерам: займацца з дзецьмі, вучыць іх не толькі правілам барацьбы, але і жыццёвай мудрасці, падказваць, раіць, радавацца іх поспехам – гэта і ёсць маё дасягненне.
А паражэнне? Напэўна, калі з-за траўмаў вымушаны быў пакінуць вялікі спорт. Спачатку вельмі перажываў з-за гэтага. Аднак, што ні робіцца, усё да лепшага – цяпер я ў гэтым упэўнены.