Салдат Бессмяротнага палка Мікалай Кажамякін
09:57 / 10.05.2018
Дабраахвотнік
Мікалай Пятровіч не любіў расказваць пра вайну: на ўсе пытанні дзяцей і ўнукаў заўсёды адказваў, што вайна нясе боль.
– Тата расказваў, што ў 1943 годзе ўсіх старэйшых хлопцаў забралі на фронт. У вёсцы засталося толькі некалькі 17-гадовых юнакоў, і яны штодня штурмавалі ваенкамат. І ўрэшце ваенкам здаўся: прапанаваў тату адправіцца ў «вучэбку», – расказвае дачка ветэрана Ірына Мікалаеўна Сташкевіч.
Бацькі выпраўлялі сына са спакойнай душой – думалі, пакуль адвучыцца, вайна скончыцца. Але Мікалаю хапіла страху, крыві, выпрабаванняў. Ён паспеў не толькі адвучыцца, але і паваяваць, атрымаць не адно раненне і вярнуцца дамоў.
– Пасля курсаў тату адправілі на 1-ы Беларускі фронт у кулямётны ўзвод. Ваяваць яму давялося непадалёк ад Мінска – там ён атрымаў першае раненне, – працягвае Ірына Мікалаеўна.
Маладзенькі салдат хутка паправіўся, дагнаў свой узвод і нават узначаліў яго. Не раз даводзілася яму бачыць смерць сяброў. У адным з баёў загінуў і яго таварыш па кулямётнаму разліку. Яго замяніў сталы мужчына, які стаў для Мікалая Пятровіча амаль што бацькам: апекаваў юнага кулямётчыка, прыкрываў у небяспецы і выратаваў жыццё ў баі, калі ў чарговы раз Кажамякін быў паранены – на гэты раз цяжка.
– Я часта ў дзяцінстве задавалася пытаннем, чаму тата, пераапранаючыся, ніколі не паварочваецца да нас спіной. Ужо ў сталым узросце зразумела чаму: яго спіна ўся была ў шнарах ад асколкаў. Аднойчы я заўважыла, як тата ножыкам калупае руку. Калі спыталася, што ён робіць, тата паказаў мне кавалачак металу – асколак – і прамовіў: «Вайна».
Пасля апошняга цяжкага ранення, з мноствам асколкаў, якія зрашацілі ўсю правую палавіну цела салдата, Мікалай Пятровіч так і не аправіўся – юнака камісавалі і адправілі дамоў. Да яго вяртання ў родную вёску Рудня Віктарыянская Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці сюды прыходзілі толькі пісьмы і пахаванкі – жывога франтавіка сустракалі як цуд, як героя.
Заслужаны лесавод
Усё пасляваеннае жыццё Мікалая Пятровіча Кажамякіна звязана з лесам. Нават на пенсіі ён працягваў працаваць.
– Тата ўсё жыццё працаваў ляснічым, – расказвае дачка ветэрана. – Ён жыў лесам. Часта браў мяне з сабой. Я цудоўна ведала, на якія кварталы разбіты лес, дзе растуць грыбы, а дзе ягады. Нават хацела паступаць у лесагаспадарчы тэхнікум, але бацька не дазволіў – сказаў, што гэта не жаночая справа.Сам жа Мікалай Пятровіч прафесію выбіраў свядома. Ён помніў той лес, які ў гады вайны падарыў жыццё многім аднавяскоўцам і яго сям’і і хацеў дзякаваць яму за гэта.
Цяпер ужо не злічыш, колькі гектараў лесу было пасаджана яго рукамі. Нават знаходзячыся на парозе смерці, ён цікавіўся, як расце яго лес.
У 2008 годзе каля вёскі Захарышкі ў гонар ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, заслужанага лесавода БССР Мікалая Пятровіча Кажамякіна пасаджана 15 гертараў імяннога лесу. У яго пасадцы прымаў удзел і сам ветэран.
Каб помнілі
Ён не любіў расказваць пра вайну. Рэдка ўспамінаў тое, што давялося перажыць.
Размову з дзедам да дробязяў помніць яго ўнучка Алеся Ясевіч.
– Мне тады было гадоў дваццаць, – са слязамі на вачах дрыжачым голасам гаворыць жанчына. – Дзядуля расказваў, як у яго родную вёску прыйшлі немцы. Ён памятаў нават надвор’е, якое тады стаяла. Хоць увогуле не хацеў успамінаць пра вайну – яму было балюча, бо неаднойчы за той год, які дзядуля правёў на фронце, хаваў сваіх таварышаў.
Аднойчы ўзвод Мікалая Пятровіча трапіў у акружэнне. Была зіма. Салдаты галадалі. Каб выжыць, яны заварвалі яловую ігліцу і пілі гэты адвар, варылі рамяні і жавалі іх. І змаглі вырвацца з акружэння, каб зноў ваяваць.
– Дзядуля заўсёды ішоў на свята ў гонар Перамогі з радасцю і гонарам і заўсёды казаў, што ў гэты дзень неба плача па загінуўшых у гады вайны, – працягвае Алеся. – Ён не хваліўся сваімі ўзнагародамі. І пра тое, колькі іх і чаго яны вартыя, я даведалася толькі пасля яго смерці. На жаль, час забірае ў нас родных і блізкіх. Дзядуля паміраў цяжка – але ні разу не паскардзіўся на свой лёс. Я ўпэўнена, што мы павінны расказваць пра падзеі тых далёкіх часоў сваім дзецям і ўнукам, каб больш ніколі ніхто ў свеце не зведаў такой бяды, як вайна.
Памяць пра ветэрана, працаўніка і Чалавека з вялікай літары жыве не толькі ў гэтых рэчах з сямейнага архіва, але і ў сэрцы дзяцей, унукаў і праўнукаў. У гонар дзеда адна з унучак, якая цяпер жыве ў далёкім замежжы, назвала свайго сына. Маленькі Коля яшчэ не здагадваецца, чаму ён атрымаў такое імя, але некалі мама і бабуля абавязкова раскажуць яму пра прадзеда і яго подзвіг.