Залатыя нівы Алены Гануліч

11:03 / 08.05.2018
2379
Па традыцыі напя­рэдадні свайго прафе­сійнага свята – Дня друку – журналісты расказваюць чытачам пра сябе. 
Можна, канешне, расказаць пра сваю работу так, як гэта робяць большасць героеў маіх «палявых» рэпартажаў, абмежавацца дзяжурным «нармальна». Але што ж тады я буду ў іх пытаць?

Гануліч1.jpg

Мая работа самая цікавая.

Калі некалькі гадоў назад мяне прызначылі загадчыцай сельскагаспадарчага аддзела, я была ў роспачы. Хоць вырасла ў вёсцы, але не адрознівала трыцікале ад жыта – і пра гэты факт мне зараз не сорамна прызнацца. Кажуць, што не сорамна не ўмець – сорамна не вучыцца.
Памятаю свой першы рэпартаж з корманарыхтоўкі ў СВК  «Гервяты». Удзячна тагачаснаму галоўнаму аграному Дзянісу Кірпе, які цярпліва па некалі разоў тлумачыў мне тэхналогію нарыхтоўкі сенажу, а па ходу размовы яшчэ ўводзіў і ў нюансы азімай сяўбы… 
Мінула без малога пяць гадоў. Наш рэдакцыйны вадзіцель Леанід Богдан, які на ўсіх парах – але не парушаючы правілаў дарожнага руху! – возіць мяне на палі і фермы, жартуе, што ўжо смела магу падавацца ў аграномы. Ну, у аграномы, бадай што, не рызыкну, а з брыгадзірствам, можа, і справілася б…

Мая работа напружаная.

Лета – гарачая пара не толькі для аграрыяў, але і для мяне. Людзі павінны ведаць сваіх герояў – тых, хто працуе суткі навылет, хто жыве і дыхае хлебам. Таму і мне даводзіцца працаваць у асаблівым – жніўным – рэжыме. 
Мінулым летам упершыню за ўвесь час работы ў рэдакцыі я літаральна жыла жнівом. Як заядлы ігрок, сачыла за ходам спаборніцтва – кожную раніцу не магла дачакацца зводкі, каб даведацца, хто лідар. Як апантаная, пісала матэрыялы пра хлебаробаў, пра іх сем’і і пра працаўнікоў, работа якіх, магчыма, не на відавоку, але ад якой таксама залежыць яго Вялікасць Хлеб. Здаралася, што на поле дабіралася на веласіпедзе, а пазалетась – на аўтобусе і аўтаспынам… Гэты непараўнальны ва ўсіх сэнсах досвед адкрыў для мяне простую на першы погляд жыццёвую ісціну: для чалавека нічога немагчымага няма… 
На паліцах магазіна ляжыць хлеб, які каштуе крыху больш за рубель. А я  ведаю яго сапраўдную цану!

Мая работа – галерэя партрэтаў. 

Не менш шчыра, чым хлебаробы, працуюць і жывёлаводы раёна. У любую пару года на фермах і комплексах кіпіць работа. І куды б я ні прыехала, паўсюль бачу знаёмыя твары… 
Злавіла сябе на думцы, што ўсё ж вяскоўцы адрозніваюцца ад гараджан – сціпласцю, шчырасцю, адкрытасцю. 

Мая работа – унікальная. 

Мы, журналісты, працуем з душамі людзей, якія давяраюць нам свае сямейныя тайны, дзеляцца клопатамі, перажываннямі. Часам для іх газета – апошняя надзея…
Спадзяюся і веру ў тое, што наша работа – недарэмная, што нас чытаюць, выпісваюць, гля­дзяць.
І хоць часам складана і не хочацца ехаць на поле ці комплекс, пісаць «тэрмінова ў нумар»,  часам запрашаюць на работу ў іншыя выданні, усё ж такі я – вясковая… Залатыя горы мне не патрэбны – у мяне ёсць залатыя нівы.

Алена ГАНУЛІЧ, загадчыца аддзела сельскай 
гаспадаркі газеты «Астравецкая праўда»




Текст: Алена Гануліч
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений