Салдат бессмяротнага палка: Раман Рабовіч

08:28 / 26.04.2018
Я ніколі раней не бралася за ваенную тэму – яна для мяне здавалася непасільнай, не жаночай, страшнай… Лічыла, што не змагу, як належыць, апісаць тыя падзеі, перадаць жах  і гераізм  ваенных  гадоў. 
Але калі Галіна Бейнар-Рабовіч расказала мне пра свайго бацьку, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, я палічыла сваім абавязкам расказаць людзям, што давялося перажыць чалавеку, які жыў і працаваў побач з намі, якога многія памятаюць як  добрасумленнага і сціплага чалавека.

Ветэран.jpg


Рваўся на фронт – і баяўся «юнкерсаў» 

Раман Сідаравіч  Рабовіч нара­дзіўся  ў 1921 г. у вёсцы Акартэлі Спондаўскага, а цяпер – Міха­лішкаўскага сельскага Савета, якая мае яшчэ адну назву – Саракі: менавіта такая назва запісана ў яго пасведчанні аб нараджэнні.
Васемнаццацігадовым юнаком апрануў ён ваенную форму ўслед за старэйшым за яго на  чатыры гады братам Віктарам, на якога ва ўсім стараўся быць падобным.
Яны былі маладымі і дзёрзкімі, ім хацелася на фронт – ваяваць, перамагаць! Але напачатку братоў накіравалі ў тылавыя запасныя часці: трэба было навучыцца абыходзіцца са зброяй. Там Раман на выдатна вывучыў ручны пулямёт, які пазней неаднойчы дапамог яму. 
Падчас вучобы Раман Рабовіч пры­глядваўся да старэйшых, стараўся быць падобным да іх. Толькі моцна баяўся налётаў «юнкерсаў»: сэрца замірала ад аглушальных выбухаў бомбаў.  
Неўзабаве  братоў, навучаных ваен­най справе, адправілі ў 28-ы пяхотны полк 9-й пяхотнай дывізіі  Войска  Польскага.

За брата!

…І вось настаў той незабыўны страшны дзень, калі іх полк з Белас­тока ў маршавым парадку  кінулі на перадавую. Там і ўбачыў ён сапраўднае пекла.  Раману здавалася, што зямля перавярнулася, і неба змяшалася з ёю. Артылерыя, авіяцыя, танкі, мінамёты рвалі  ўсё на кавалкі, не пакідаючы  жывога месца. А пяхота рвалася наперад: хто на брані танкаў, хто на машынах, а большасць, як і Раман,  – на сваіх дваіх. Іх роту вёў у бой польскі паручык, стары ваяка часоў першай імперыялістычнай вайны Ярніцкі, якога салдаты любілі і паважалі.
Рота рухалася па шашы на захад. І раптам наперадзе паказалася некалькі нямецкіх танкаў. 
– Лажысь! – скамандаваў паручык. – Падрыхтаваць гранаты! Першы ўзвод, па кюветах, па-пластунску – наперад!
Раман  Сідаравіч усё жыццё памя­таў той момант, як адарваўся ад сырой красавіцкай зямлі і разам з іншымі кінуўся ў атаку, не адчуваю­чы страху, а толькі праведны гнеў.  Ён са сваім кулямётам быў наперадзе. У гарачцы бою не заўважыў, што падбіў  фашысцкі  танк.  Побач з аўтаматам у руках бег брат Віктар... 
І раптам Раман пачуў, як хтосьці, прабягаючы міма, крыкнуў: «Ратуй брата!»
…Віктар ляжаў на спіне і на­магаўся нешта сказаць. Раман асцярожна палажыў яго галаву сабе на калені і ў адчаі, нібы малітву, паўтараў: «Віця, Віця…».
Брат  драпаў пальцамі зямлю… І раптам выразна прамовіў: «Мама… Братцы...». Гэта былі яго апошнія словы.
– Санітары! Ратуйце брата! – кры­чаў Раман. 
Але Віктар ужо быў мёртвы. Слёзы змывалі з твару юнага Рамана франтавую гразь. У самым першым баі вайна забрала яго роднага брата… 
– Наперад! – пачулася каманда.
Санітары выносілі цела Віктара з поля бою – а Раман, сціснуўшы зубы, схапіўшы свой кулямёт, рынуўся ўслед за таварышамі ў самае пекла.  Адчай, душэўны боль, злосць, нянавісць зліліся ў адно. Раман страляў і бег, бег – і страляў, пераскокваючы забітых і параненых… У тым баі яны перамаглі: фашысты, кінуўшы тэхніку і зброю, адступілі.
Гэты дзень 16 красавіка Раман Сідаравіч  памятаў па хвілінах да канца свайго жыцця. І не таму, што яго воінскія заслугі былі высока ацэнены: за спалены танк, а таксама за праяўленую мужнасць і  адвагу ў баі яго ўзнагародзілі польскім ордэнам Virtuti Militari  («Ваенная доблесць»), якім адзначалі за выбітныя  ваенныя заслугі. У той дзень, страціўшы старэйшага брата, ён стаў дарослым…

ветэран2.jpg

Перамогу сустрэў у Берліне

Узмужнелы, абстраляны воін Раман Рабовіч, які паказаў сябе храб­рым і вынослівым салдатам, у адным з баёў на Одэры быў паранены ў нагу і руку і кантужаны асколкамі авіябомбы, ад адпраўкі ў шпіталь катэгарычна адмовіўся.
– Я павінен да Гітлера дабрацца! – сказаў салдат.
І дабраўся – Дзень Перамогі сустрэў у Берліне. Можа, Віктар, як анёл-ахоўнік, абараняў брата і прыкрываў у небяспечныя хвіліны? 
Вярнуўшыся дадому, Раман Сідаравіч асеў у сваёй роднай вёсцы. Яго прызначылі брыгадзірам паляводчай брыгады ў  калгасе імя Янкі  Купалы (Спонды). Ажаніўся. Разам з  жонкай Янінай Іванаўнай  нарадзілі пяцёра дзяцей. Першынцу не даў Бог веку, а   чацвёра выгадавалі і выхавалі дастойнымі людзьмі, далі адукацыю і цешыліся іх поспехам: Рыгор стаў поварам, Галіна – настаўніцай, Рышард – супрацоўнікам унутраных спраў, Крысціна працуе ў гандлі. 
Калі ў 70-80-я пачалося «вялікае перасяленне» Акартэляў і людзі адзін за другім  сталі раз’язджацца ў буйныя населеныя пункты, бліжэй да цывілізацыі, Рабовічы таксама пакінулі сваю родную азёрна-лясную вёсачку і пераехалі ў Нарач.

семья.jpg

Маё запозненае «дзякуй»…

У маёй памяці Раман Сідаравіч паўстае  чалавекам  спакойным, ус­мешлівым, адкрытым, сціплым. Ён ніколі не выхваляўся сваімі заслугамі, раненнямі, узнагародамі, пра яго не пісалі ў газетах. Толькі  ў 1980 годзе ў «Сельскай газеце» з’явіўся артыкул «Мужают наши сыновья» пра гераічнае мінулае Рабовіча ў сувязі з заслугамі сына Рышарда, які служыў у органах унутраных спраў. 
Шкада, што  толькі цяпер, а не тады, калі ён жыў, я  магу  пакланіцца і сказаць Раману Сідаравічу Рабовічу дзякуй ад сябе і ад усіх сучаснікаў – за тое, што мы сваё жыццё пражылі, не ведаючы вайны. 

Калі мы гаворым пра вайну,  то звычайна не ўнікаем  глыбока ў сэнс гэтага слова – для многіх яно стала штампам.  Буду шчырай: у пэўнай ступені і для мяне – таксама. Але вось  зараз, калі пісала гэты артыкул, неаднойчы мурашкі прабягалі па скуры ад асэнсавання таго, што адбылося тады. Толькі паставіўшы сябе на месца ветэранаў, пачынаеш не проста разумець, а адчуваць усёй сваёй існасцю: вайна – гэта  жах, адчай, смерць, боль… Гэта тое, аб чым забываць нельга, паўтарэння чаго мы не павінны дапусціць.

Текст: