Об увлечениях, работе и дебюте в конкурсе красоты рассказала Виктория Емельян

10:35 / 18.04.2018
4179
Яна з дзяцінства спявае і не ўяўляе свайго жыцця без творчасці – а выбра­ла прафесію медыка: цяпер Вікторыя ўрач-інтэрн. Дзяўчына з радасцю ўдзельнічае ў разнастайных конкурсах і акцыях, але ў рабоце лічыць галоўным дысцыплінаванасць, сур’ёзнасць і адказнасць. Лёгкая, усмешлівая і сонечная – гэта ўсё пра Вікторыю Емяльян. 
Дарэчы, менавіта малады медык не так даўно прадстаўляла Астравеччыну на абласным адборачным туры Нацыянальнага конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь – 2018».

IMG_9041.jpg

– Чаму дзяўчынка, якая з дзіцячага садка ўпэўнена адчувала, сябе на сцэне, танцавала і спявала, раптам выбрала прафесію ўрача?

– Напэўна, гэта сямейнае. (Усміхаецца) Старэйшая сястра скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў – яна акардэяністка і зараз працуе ў Мінску. Мае бацькі творчыя і артыстычныя людзі: мама прыгожа спявае, тата атрымаў музычную адукацыю і некаторы час працаваў у аддзеле культуры. Яны і цяпер крочаць па жыцці з песняй, але абодва працуюць у Кямелішкаўскай амбулаторыі. Выходзіць, што я – годная дачка сваіх бацькоў. 

teP8V2rXwQE.jpg

Усё маё дзяцінства і юнацтва прайшло ў творчых конкурсах і выступленнях – вельмі люблю спяваць. У мяне былі цудоўныя настаўнікі ў Кямелішкаўскай музычнай школе,  я ім вельмі ўдзяч­на за адкрыццё непаўторнага і чароўна­га свету творчасці. Гэта Сяргей Вікта­равіч Дзям’ян­чык, Таццяна Янаўна Канча­нін, Ак­сана Ягораўна Баршэвіч, Алёна Ула­дзіславаўна Пляў­га.

Калі вызначалася з будучай прафесіяй, вырашыла, што спяваць я буду ў любым выпадку, дык чаму б не паспрабаваць сілы ў іншай сферы. Выбрала медыцыну – і паступіла ў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. 

– Напэўна, ніводзін студэнцкі «капуснік» ці канцэрт не абыходзіўся без вашага ўдзелу?

– А вось і не. Канешне, вельмі хацелася акунуцца ў студэнцкую хвалю творчасці, аднак я разумела, што на першым месцы павінна быць вучоба. Таму часцей была гледачом, чым удзельнікам. Ужо на чацвёртым курсе, калі вучыцца стала лягчэй, уладкавалася спяваць у рэстаран. Можна сказаць, такім чынам злавіла двух зайцоў: вучылася і займалася любімай справай. Рэпертуар быў самы розны: ад замежных песень да твораў беларускіх выканаўцаў. Наогул, я люблю спяваць тое, што мне падабаецца самой. 

IMG_8989.jpg

– Цяпер вы праходзіце ін­тэр­натуру ў раённай бальніцы. Ці апраўдаліся спадзяванні ў выбранай прафесіі?

– Астравецкая бальніца – як родны дом, я тут свая сярод сваіх. Працую пад кіраўніцтвам вопытнага ўрача-тэрапеўта Дануты Раманаўны Субаткевіч – яна вучыць мяне не толькі медыцынскім прыёмам, але і жыццёвай мудрасці. Пакуль я інтэрн, а са жніў­ня пачну самастойную дзейнасць. Гэта вельмі адказна, таму ра­зумею, што многаму яшчэ трэба навучыцца: чытаю спецыяльную літаратуру і ўдасканальваю веды. 

Дарэчы, знайшлося ў бальніцы і месца для праяўлення маёй творчай натуры. (Усміхаецца) Калектыў тут дружны, малады і актыўны. А мяне хлебам не кармі – дай паўдзельнічаць у грамадскай дзейнасці. Таму адразу ўлілася ў каманду КВЗ «Вірус-транзіт», выступала ў музычным конкурсе«Хвіліна славы», пастаянна ўдзельнічаю ў розных акцыях. Словам, жуццё бурліць – і мне ўсё падабаецца.

IMG_9028.jpg

– Дарэчы пра конкурсы: вы прадстаўлялі Астравеччыну на абласным адборачным туры Нацыянальнага конкурсу пры­гажосці «Міс Беларусь – 2018». Раскажыце, як гэта было?

– Паўтаруся: я люблю ўдзель­нічаць у розных творчых мерапрыемствах, таму калі прапанавалі выступіць ад Астравецкай ЦРБ на конкурсе прыгажосці, згадзілася, прайшла раённы кастынг, а затым прадставіла Астравецкі раён на абласным адборачным туры. Я ніколі не ўдзельнічала ў такім конкурсе, таму толкам не ведала, што патрабуецца. Дзякуй фатографам Івану Дзятловічу і Віталю Спірыдону, якія зрабілі для мяне фотасесію і партфоліа; Вользе Яхімовіч – за макіяж. Дапамагалі ў падрыхтоўцы і супрацоўніцы цэнтра культуры і народнай творчасці.

Перад удзелам я праглядвала відэа адборачных тураў у іншых абласных цэнтрах і маральна падрыхтавалася, бо хацелася прадставіць свой раён і ўстанову на годным узроўні. Аднак у Гродне ўсё праходзіла па-іншаму: з-за вялікай колькасці ўдзельніц, выклікалі не па адной, а па тры канкурсанткі. Нам хутка задалі некалькі пытанняў, папрасілі прадэфіліраваць – вось і ўсё. На гэтым мая «хвіліна славы» скончылася, затое з’явіўся новы вопыт. 

IMG_9037.jpg

– Прадоўжыце фразу: я люб­лю…

– Родных, спяваць, работу, зіму і марыць.

Текст: Марина Мацкевич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений