Асфальтавыя россыпы адкрыты ў Ізабеліна

14:15 / 17.08.2010
На мінулым тыдні на асфальтабетонным заводзе ДРБУ-159 непадалёк ад вёскі Ізабеліна была ўрачыста адкрыта новая ўстаноўка па выпуску асфальту фірмы “Лінтэкс”.

“Абноўка” дарожным будаўнікам – вельмі даспадобы і дарэчы. Раней выпускам асфальту тут займаліся дзве састарэлыя ўстаноўкі агульнай магутнасцю 35 тон у гадзіну. Замежны сабрат “адной левай” заткнуў за пояс абедзве: яго магутнасць – 160 тон асфальту ў гадзіну. Гэта ўжо зусім іншыя аб’ёмы і іншая, непараўнальна лепшая якасць прадукцыі. Дастаткова сказаць, што працэс выпуску асфальту поўнасцю камп’ютэрызаваны, і з усім спраўляюцца чатыры аператары – што называецца, лёгкім рухам рукі…
Невыпадкова, што адкрыць такую магутную і, трэба сказаць, вельмі прывабную ўстаноўку вырашана было ва ўрачыстай абстаноўцы. Спецыяльна для гэтага з Гродна прыехаў начальнік Гроднааблаўтадора Валерый Уладзіміравіч Кокаш – толькі дзякуючы падтрымцы абласной арганізацыі гэтая высокапрадукцыйная ўстаноўка коштам 9 мільярдаў рублёў з’явілася менавіта ў нашым раёне. А Валерый Уладзіміравіч, які ў свой час узначальваў Астравецкае ДРБУ-159, запускаў у работу сённяшніх “бабулек”, тады, гадоў дваццаць таму, вельмі сучасных і перадавых, якіх у гэты дзень мяняў на баявым пасту высокапрадукцыйны аргэгат.
— Радасна назіраць, як мяняюцца час і людзі, якімі сямімільнымі крокамі рухаецца наперад прагрэс, — узгадаў Валерый Уладзіміравіч. – Я ўспамінаю, як мы радаваліся, запускаючы другую асфальтабетонную ўстаноўку – яна была на той час сапраўдным прарывам у дарожным будаўніцтве. А цяпер разам з вамі радуюся, што аб’ёмы будаўніцтва дарог у Астравецкім раёне патрабуюць запуску такога магутнага агрэгата. Я спадзяюся, што ў сувязі з будаўніцтвам у вашым раёне першай беларускай атамнай электрастанцыі і ўсёй інфраструктуры прастойваць яна не будзе. Пры такой прадукцыйнасці і якасці прадукцыі, якія забяспечвае гэтая ўстаноўка, а таксама блізкасці да будуемых аб’ектаў у астравецкіх дарожнікаў ёсць усе магчымасці выйграваць тэндэры на будаўніцтва дарог, якіх у раёне і ў самім Астраўцы ў сувязі з яго па сутнасці новым будаўніцтвам цяпер будзе ўзводзіцца шмат.
Тое ж спадзяванне выказаў і старшыня райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька. Ён сказаў, што вельмі задаволены, што на Астравеччыне адкрываюцца ўсё новыя аб’екты, і не толькі сацыяльна-культурнага прызначэння, але і вытворчыя – усё гэта паказвае, што раён развіваецца.
І вось нарэшце пад апладысменты прысутных В.У. Кокаш і А.Д. Кавалька пераразаюць сімвалічную чырвоную стужку – і свежапрыгатаваны асфальт патокам сыплецца ў кузаў машыны. Каб праз некалькі хвілін стаць ужо іншай стужкай – чорнай гладкай асфальтавай стужкай дарогі.


Ніна РЫБІК.