Майстроў паэтычнага слова двух краін злучыў відэамост

13:55 / 28.03.2018
4600

Па традыцыі, кожную трэцюю пятніцу месяца ў цэнтральнай раённай бібліятэцы праходзяць сустрэчы літаратурнага аб’яднання “Астравецкай зямлі галасы”.

Сакавіцкае пасяджэнне было прысвечана яе Вялікасці Вясне і маленькай радзіме, тым больш, што гэты год у Беларусі аб’яўлены Годам малой Радзімы.

IMG_3781.jpg

Пасля таго, як астравецкае літаб’яднанне ўзяў пад сваё крыло Аляксандр Марозаў,  творчыя сустрэчы сталі традыцыйнымі: падчас іх наведвальнікі дзеляцца новымі творамі з сябрамі па пяры, абмяркоўваюць літаратурныя конкурсы, а таксама ладзяць  відэасустрэчы з аматарамі паэтычнага слова з іншых краін.

IMG_3769.jpg

Хоць сакавіцкае літаратурнае пасяджэнне сабрала не шмат людзей, тым не менш сустрэча атрымалася цёплай і ўтульнай. За кубачкам духмянай травяной гарбаты заўсёднікі літаратурных сустрэч чыталі вершы і слухалі іх у выкананні паэтаў і празаікаў з Лісічанску.

IMG_3774.jpg

У гэты дзень гучалі вершы не толькі пра вясну і каханне, але і пра дарагі сэрцу куточак – радзіму. Людміла Кухарэвіч і Марыя Пешка, акрамя вершаў, парадавалі прысутных акапэльным выкананнем аўтарскіх песень. Літаратурны настрой сваёй паэтычнай замалёўкай пра Лошу падтрымала Капіталіна Пятроўская. А напрыканцы сустрэчы свае вершы, у тым ліку і па-беларуску, прачытала журналістка “Астравецкай праўды” Святлана Фёдарава – і яе паэтычны дэбют  атрымаўся годным!

IMG_3766.jpg

…Верыцца, што вясна пачуе кранальныя, шчырыя, лёгкія, як шпаркі ветрык, “Астравецкай зямлі галасы” – і расквеціць цяплом наваколле…

Алена ЮРКОЙЦЬ, фота аўтара.


Текст: Администратор сайта
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений