На адной мове мараць мамы дзяцей з інваліднасцю

09:31 / 16.03.2018
Майстар-клас па вырабу самаробнага мыла правялі для матуляў, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю, спецыялісты аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра.

IMG_6124.jpg

Тэрытарыяльны цэнтр  сла­віцца ўдзе­лам у праектах рознага ўзроўню. У  мінулым годзе пачалася рэалізацыя  праекта «Марым на адной мове». Ён фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ў рамках праекта дацкага і беларускага Чырвонага Крыжа «Пашырэнне ўдзелу грамадства ў прыняцці рашэнняў па пытаннях сацыяльнай інтэграцыі ў Беларусі».

1.jpg



–  Сумесна з раённай арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа мы распрацавалі комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на аб’яднанне сем’яў, у якіх выхоўваюцца дзеці з інваліднасцю, –  расказвае загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў Аксана Свірская.

Часта ў такіх мамаў няма часу нават на  тое, каб выйсці з дому, сустрэцца з сяброўкамі і проста пагаварыць пра свае праблемы. Спецыялісты Чырвонага Крыжа і аддзялення дзённага знахо­джання для маладых інвалідаў вырашылі ім дапамагчы. Спачатку апыталі матуляў, што іх цікавіць і чаму яны хацелі б навучыцца, – а потым ўзяліся за распрацоўку мерапрыемстваў. 

Мамаў навучылі мылаварэнню. За такую цікавую справу ўзяліся кіраўнік гуртка тэрытарыяльнага цэнтра Таццяна Ваховіч,  спецыяліст Марына Гайдук і пяць матуль, якія прыйшлі на сустрэчу і майстар-клас.

IMG_6148.jpgIMG_6166.jpg

IMG_6169.jpg

Час за работай і размовамі пра дзяцей, іх поспехі і праблемы  праляцеў хутка – на памяць мамам засталося  ўласнаручна зробленае духмянае мыла і добрыя  ўражанні. А таксама жаданне ў хуткім часе сустрэцца зноў.

– У сакавіку мы запросім матуляў на чарговы майстар-клас «Маленькія сакрэты вялікай прыгажосці», які правядуць цырульнікі, візажысты  і майстры па манікюру. Спадзяюся, што такая сустрэча прыйдзецца даспадобы ўдзельнікам нашага праекта, – усміхаецца Аксана Свірская.

Рабочыя сустрэчы, акцыі, мерапрыемствы,  святы  і паездкі – усё гэта яшчэ наперадзе ва ўдзельнікаў праекта «Марым на адной мове», якіх аб’яднала любоў да дзяцей і ўзаемадапамога. 



Текст: