Астравецкаму заводу "Радыёдэталь" – 40!

11:46 / 16.07.2010





13 ліпеня ў кінаканцэртнай зале “Астравец” прайшлі ўрачысты сход і святочны канцэрт, прысвечаныя саракагадоваму юбілею Астравецкага завода “Радыёдэталь”. Гэта сур’ёзны ўзрост як для чалавека, так і для прадпрыемства – узрост сталасці, калі пройдзена нямала і за плячыма ёсць багаты вопыт, і ў той жа час маладосці, бо наперадзе яшчэ доўгі шлях удасканальвання, пошуку і перспектыў.


Распачаў урачысты сход дырэктар прадпрыемства Валянцін Баляслававіч Гульбіновіч, які прагарнуў старонкі гісторыі завода. Ён быў створаны ў 1970 годзе як цэх Вільнюскага аб’яднання імя 60-годдзя Кастрычніка, генеральным дырэктарам якога быў А. Бурдэнка. Былы франтавік, фенаменальная асоба, ён змог сабраць магутнае аб’яднанне па вырабу радыёэлектроннай прадукцыі. Цэх у Астраўцы спецыялізаваўся на выпуску камплектуючых дэталяў для прыбораў ваеннай тэхнікі. У тыя часы на прадпрыемстве працавала каля 700 чалавек.
Узгадаў Валянцін Баляслававіч і дырэктараў, што стаялі ля вытокаў станаўлення завода – гэта Уладзімір Пятровіч Бадрыцкі, Франц Уладзіслававіч Гражуль, які адпрацаваў на карысць завода 24 гады, і Уладзімір Рафаілавіч Іваноў. Усе прысутныя з цікавасцю разглядалі старыя і сучасныя фотаздымкі завода і людзей, што працавалі і працуюць на ім, і радаваліся, калі знаходзілі там сябе ці кагосьці са сваіх калег.
Пасля экскурсу ў мінулае, надышоў час паразмаўляць пра сучаснасць. Варта адзначыць, што на працягу некалькіх гадоў завод мае станоўчую дынаміку нарошчвання аб’ёмаў вытворчасці. Так, калі ў 2004 годзе прадпрыемства выпусціла прадукцыі на суму 743 мільёна рублёў, то ў 2009 – ужо на 1813 мільёнаў. За ўвесь гэты перыяд прадпрыемства не мела ўбыткаў ад рэалізацыі гатовай прадукцыі. Рэнтабельнасць рэалізацыі ў 2004 годзе склала 4,2 працэнта, а за першае паўгоддзе 2010 – 16,4 працэнта.
Інавацыйныя сродкі былі накіраваны на мадэрнізацыю ўчасткаў, набыта 38 адзінак абсталявання.
Валянцін Баляслававіч засяродзіў увагу слухачоў на далейшых перспектывах завода – гэта яго пераўтварэнне ў шматпрофільнае прадпрыемства, асвойванне новых відаў прадукцыі, тэхпераўзбраенне. Плануецца мадэрізацыя электраўстановачных вырабаў. Адным з перспектыўных напрамкаў завода з’яўляецца выраб металаканструкцый зварных. У сувязі з гэтым стаіць пытанне аб будаўніцтве склада для вырабаў і цэха з грузапад’ёмнымі механізмамі.
Але самая вялікая каштоўнасць завода, па словах кіраўніка, – гэта людзі.
– Станаўленне калектыву праходзіла ў складаных умовах, – гаворыць Валянцін Баляслававіч, – і сёння ў розных сферах вытворчай дзейнасці працуюць людзі, якія ўсё сваё жыццё звязалі з заводам. Гэта “залаты фонд” прадпрыемства – людзі творчыя, ініцыятыўныя, высокакваліфікаваныя, адданыя сваёй справе. Усе яны рознага ўзросту, розных спецыяльнасцей, але мэта ў іх адна: у наш нестабільны час працаваць з поўнай аддачай сіл і імкнуцца агульнымі намаганнямі выйсці на лепшыя эканамічныя паказчыкі.
Дарэчы, на прадпрыемстве яшчэ працуюць тыя, хто стаяў ля самых вытокаў завода і большая частка жыцця якіх прайшла тут, у сценах “Радыёдэталі”. Гэта Б.В. Мураўскі, Ч.І. Карпіцкі, Г.С. Ляўданская, Г.М. Міхно, В.Б. Ждановіч, Л.І. Раткевіч.
Валянцін Баляслававіч уручыў ганаровыя граматы лепшым работнікам прадпрыемства – Р.Г. Врублеўскай, Г.Б. Коўшык, С.М. Трусевіч, М.А. Мешкісу, Ч.І. Калтану, Л.І. Ждановіч і многім іншым.
А якое свята без гасцей? Павіншавалі работнікаў завода “Радыёдэталь” з юбілеем і сказалі шмат цёплых, шчырых слоў у іх адрас прадстаўнік дзяржавы на ААТ “Астравецкі завод “Радыёдэталь” –Міністэрства прамысловасці – Ж.П. Ксенджык, куратар ад Мінпрама А.М. Кракасевіч, калегі са Смаргоні У.У. Шэлег, А.Ю. Канавалаў, А.В. Дземідовіч, настаяцель касцёла Святой Тройцы ў Гервятах Л. Нясцюк, намеснік старшыні райвыканкама У.С. Ластоўскі, раённы ваенны камісар І.М. Чычварын, былы дырэктар завода Ф.У.Гражуль.
А апошнім акордам мерапрыемства стаў святочны канцэрт майстроў астравецкай сцэны.