"Паўночны вектар": сябе паказалі, на іншых паглядзелі

16:47 / 14.07.2010
12422

На працягу двух дзён Ашмяны прымалі ў сябе прадстаўнікоў арганізацый з трох паўночных раёнаў і шматлікія дэлегацыі з Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, Малдовы, Азербайджана, Славакіі, Германіі. Упершыню тут была праведзена выстава “Паўночны вектар Гродзеншчыны”.
А сёння ў гасцёўню “Візаві” мы запрасілі прадстаўнікоў двух астравецкіх прадпрыемстваў, якія прынялі ў ёй удзел. На нашы пытанні адказваюць: Славамір Часлававіч Габрыновіч, інжынер аддзела матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння вытворчай фірмы “Верас”, і Алеся Віктараўна Турак, вядучы эканаміст па збыту Астравецкага завода “Радыёдэталь”.


– Чаму вы вырашылі паўдзельнічаць у выставе “Паўночны вектар Гродзеншчыны”?






Славамір Часлававіч: Як толькі даведаліся аб правядзенні такой выставы, адразу ж вырашылі, што будзем удзельнічаць. Справа гэта карысная і неабходная для пашырэння рынкаў збыту прадукцыі і ўстанаўлення новых кантактаў.



Алеся Віктараўна: Спачатку пра выставу даведаліся з пісьма райвыканкама, потым – бачылі шматлікую інфармацыю ў газетах. Падумалі і вырашылі: а чаму б і не? Гэта новы накірунак. Можна заявіць пра сябе і прарэкламаваць сваю прадукцыю.
– Вы ўдзельнічалі калі-небудзь у падобных мерапрыемствах?
Славамір Часлававіч: Удзельнічалі ў Міжнародным маскоўскім аўтасалоне ў Маскве. Вазілі туды сваю тросавую прадукцыю. А вось прымаць удзел у выставах у Беларусі нам не даводзілася. У асноўным мы працуем па дагаворах, але вельмі задаволены, што трапілі сюды.
Алеся Віктараўна: Мы кожны год выстаўляем сваю прадукцыю на выставе “Культбытгаставары” ў Мінску. Калі паступаюць прапановы ад іншых арганізатараў, то таксама ўдзельнічаем. Гэта дапамагае знайсці новыя рынкі збыту і бліжэй пазнаёміцца з магчымымі заказчыкамі нашай прадукцыі.
– Як рыхтаваліся да выставы і якія тавары прадставілі?
Славамір Часлававіч:
Перш за ўсё заказалі рэкламныя шчыты, буклеты, візіткі, зрабілі ўзоры нашай прадукцыі. Сур’ёзна аднесліся да гэтай справы – і спадзяёмся, што ў нас усё атрымалася.
Акрамя тросавай прадукцыі, якую мы вырабляем, прапануем сваім заказчыкам выраб тросаў па эскізах ці чарцяжах заказчыка. Прывезлі таксама на выставу вырабы з дрэва: вагонку, дошку для падлогі, плінтусы, будаўнічую дошку, паддоны для будаўнічых матэрыялаў і матэрыялы для будаўніцтва дома.
Алеся Віктараўна: Вопыт удзелу ў выставах у нас ужо быў, таму падрыхтаваліся да яе дастаткова хутка і, як мне здаецца, якасна. Заказалі буклеты, аформілі стэнд, каб наглядна паказаць сваю прадукцыю і выглядаць на годным узроўні.
Прывезлі электраўстановачныя вырабы: рознага віду падаўжальнікі і шнуры, вулічныя ліхтары. Асабліва зацікавіў удзельнікаў выставы наш новы прадукт: вулічны энергазберагальны ліхтар. У час, калі энерганосьбіты даражэюць, спадзяёмся, што попыт на яго будзе вялікі.
– Падзяліцеся ўражаннямі. Вашы надзеі апраўдаліся?
Славамір Часлававіч:
Усё арганізавана вельмі добра. Да нас падыходзіла шмат людзей, цікавіліся прадукцыяй, асабліва вырабамі з дрэва. Цікавасць да нашых тавараў праявілі дэлегацыі з Літвы і Польшчы. Хаця многія ашмянцы таксама былі здзіўлены, што зусім не далёка ад іх, у Гудагаі, ёсць такое прадпрыемства. З усімі абмяняліся кантактамі, пазнаёміліся і спадзяёмся на далейшае супрацоўніцтва.
Алеся Віктараўна: Дастаткова цікавае і карыснае мерапрыемства. Выйшла нават лепш, чым мы меркавалі. Усе прадпрыемствы кампактна размясціліся, а нам дык увогуле дасталася адно з лепшых месцаў – побач з райвыканкамам і на віду. А зносіны з людзьмі заўсёды важныя, калі хочаш прадаць свой тавар.
– Ці ўдалося заключыць якія-небудзь пагадненні?
Славамір Часлававіч:
Дагаворы так адразу не заключаюцца. Але надзея ёсць. Людзі бралі ўзоры нашых матэрыялаў, таму ў будучым спадзяёмся на больш блізкае знаёмства і супрацоўніцтва.
Алеся Віктараўна: Пакуль не, але мы сябе дастойна прарэкламавалі і спадзяемся, што наш тавар зацікавіў тых, хто пабываў на выставе. А больш блізкія сувязі будуць наладжвацца ў рабочай абстаноўцы, пры далейшых сустрэчах.
– Як вы лічыце, ці ёсць неабходнасць у правядзенні такіх мерапрыемстваў у нашым рэгіёне?
Славамір Часлававіч:
Канешне, ёсць. Гэта неабходнасць цяперашняга часу. Новыя кантакты і новыя зносіны, новыя сустрэчы і перспектывы лішнімі не бываюць.
Алеся Віктараўна: Ёсць. Мы дзяліліся вопытам, сустракаліся з прадстаўнікамі розных арганізацый і звычайнымі людзьмі, якія зацікавіліся нашай прадукцыяй. Да таго ж, гэта яшчэ і добры ўрок, калі можна паглядзець, як іншыя фірмы афармляюць стэнды, і ў наступны раз паказаць сябе з лепшага боку.

Алена ЯРАШЭВІЧ.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений