Жніво стартавала!

14:56 / 13.07.2010
12587
Спякотнае сонца не па днях, а па гадзінах залоціць, даспельвае яшчэ нядаўна зялёныя нівы. Чым мацней прыпякае меднатварая зорка, тым большы рух адбываецца на мехдварах гаспадарак. Інжынеры, механізатары, слесары, зваршчыкі, кавалі – усе спяшаюцца паставіць апошнюю кропку ў рамонце і рэгуляванні ўборачнай тэхнікі. І пакуль агульная перадстартавая трывога толькі нарастае, першыя волаты-камбайны ўжо вырушылі ў плаванне па духмяным моры новага ўраджаю. Кожная ўборка пачынаецца з абмалоту траў на насенне, за імі – рапс, і толькі пасля надыходзіць чарга збожжа.
Да ўборкі насення траў прыступіла большасць гаспадарак Астравеччыны, а першым у раёне распачаў абмалот азімага рапсу экіпаж камбайнераў з СВК “Трокенікі” ў складзе Валерыя Дэнюша і Аляксандра Бразевіча. Загуло, задрыжэла ад поступу магутнай тэхнікі разамлелае ў абдымках сонца наваколле, і першыя тоны крыжакветнага пасыпаліся ў бункер камбайна звонкім струменьчыкам – усё! Здзейснілася! Дажылі! Пайшло зерне новага ўраджаю!
На сёлетнім жніве запланавана абмалаціць 17975 гектараў збожжавых і зернебабовых культур і 1558 гектараў рапсу. Сярэдняя нагрузка на камбайн складзе 193 гектары.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений