У гасцёўні "Візаві" ўдзельніцы конкурсу "Міс Астраўчанка"

15:57 / 06.07.2010
11519

На нядаўна прайшоўшым у Астраўцы конкурсе прыгажосці, пра які падрабязна расказала “Астравецкая праўда”, званне І Віцэ-Міс атрымала медыцынская сястра стаматалагічнага аддзялення ЦРБ Ганна Лапінская, а ІІ Віцэ-Міс стала юрысконсульт Астравецкага райспажыўтаварыства Таццяна Рабянок.
Сёння ў гасцёўню “Візаві” адказаць на нашы пытанні мы запрасілі менавіта гэтых дзвюх маладых, актыўных і прыгожых дзяўчат.


– Раскажыце пра сябе.






Ганна Лапінская: Нарадзілася я ў Вільнюсе, а калі пачаўся распад Савецкага Саюза, наша сям’я пераехала ў Астравец. У мяне мама медыцынскі работнік, але маё паступленне ў медыцынскі каледж звязана не толькі з гэтым. З дзяцінства я гуляла ў доктара – лячыла лялькі і цацкі. Гэта мара дзяцінства, якая збылася.


Таццяна Рабянок: Родам я са Страчы. Сям’я ў мяне невялікая: мама, тата і старэйшая сястра. З дзяцінства ўяўляла сябе ў ролі спявачкі ці настаўніцы. Пасля школы паступала ў Гродзенскі ўніверсітэт на аддзяленне замежных моў, але не хапіла некалькіх балаў, каб мара стала явай. Таму будучую прафесію прыйшлося выбіраць па даведніку для паступаючых – чамусьці адразу мой погляд упаў на Мінскі гандлёвы каледж Белкаапсаюза. Закончыла яго добра, адразу ж здала тэсціраванне і паступіла ў Міжнародны інстытут працоўных і сацыяльных адносін. Вучуся на трэцім курсе і працую ў райспажыўтаварыстве.


– Якое месца ў вашым жыцці займае работа? Якая з іпастасей: камсамолка, спартсменка, прыгажуня вам бліжэй?
Ганна Лапінская:
Работа – адна з частак майго жыцця. І канешне, для мяне яна мае вялікае значэнне. У маёй рабоце дапамога людзям не бачна, але я заўсёды падтрымліваю нашых пацыентаў маральна. У нас цудоўны калектыў – падбадзёраць і дапамогуць у любы момант. Пра гэта, дарэчы, яскрава сведчыць конкурс –падрыхтоўка кліпа, падтрымка залы дапамаглі сабрацца з сіламі і супакоіцца.
Таццяна Рабянок: Пакуль што першае. У недалёкай будучыні планую закончыць інстытут – тады падумаю пра асабістае жыццё. А вось параўнаць сябе магу хіба што са спартсменкай. Цэлы дзень бегаю з арганізацыі ў арганізацыю. Але гэта добра, рух – жыццё.
– Чым вы захапляецеся і як адпачываеце?
Ганна Лапінская:
У вольны ад работы час хаджу ў спартыўную залу, займаюся на трэнажорах, бегаю. Увогуле, удзельнічаю ва ўсіх спаборніцтвах і спартыўных мерапрыемствах. На выхадныя і падчас водпуску стараюся з’ездзіць да бабулі ў вёску. Там так цудоўна! Побач лес, грыбы, актыўны адпачынак. Хіба гэта не здорава!
А захапленні? Люблю хатнія кветкі, асабліва фіялкі.
Таццяна Рабянок: Спяваю з дзяцінства, таму гэта адно з маіх захапленняў. Але на дадзены момант самае вялікае захапленне – вучоба і работа. Цяпер я разумею, што зрабіла правільны крок пры выбары прафесіі, і задаволена, калі на рабоце ўсё ідзе добра.
А што датычыцца адпачынку, то летам люблю збіраць ягады і грыбы. Нарадзілася я ў азёрным краі, таму вельмі люблю адпачываць на прыродзе, загараць, але на гэта не заўсёды хапае часу.
– Чаму вы вырашылі прыняць удзел у конкурсе прыгажосці? Вам важна было перамагчы?
Ганна Лапінская:
Паўдзельнічаць у конкурсе мне прапанавала адміністрацыя бальніцы. Спачатку доўга думала, сумнявалася, а потым схадзіла на кастынг і вырашыла ўдзельнічаць. За два тыдні падрыхтоўкі да конкурсу мы з дзяўчатамі сталі сапраўднымі сяброўкамі і, паверце, ніякіх цвікоў у туфлях і парваных сукенак не было, ды і быць не магло.
А што датычыцца перамогі ў конкурсе, то больш за ўсё хацелася проста добра выступіць.
Таццяна Рабянок: У кастрычніку я ўдзельнічала ў абласным конкурсе “Міс кааперацыя”, заняла пятае месца сярод 19 ўдзельніц. Было вельмі цікава. Таму, калі даведалася, што ў Астраўцы будзе падобны конкурс, з радасцю згадзілася прыняць у ім удзел. А потым узніклі матэрыяльныя цяжкасці, і я вырашыла адмовіцца. Але дзякуючы падтрымцы, якую мне аказалі арганізацыя і індывідуальны прадпрымальнік Валянціна Рогач, усё атрымалася. Я ні ў якім разе не планавала перамогу, проста хацелася годна выступіць і паказаць сябе. І ўвогуле, усё было вельмі цудоўна! Рэпетыцыі. Знаёмствы з новымі людзьмі. Новыя сустрэчы і сябры.
– Кажуць: “Не нарадзіся прыгожай, а нарадзіся шчаслівай”. Што для вас шчасце?
Ганна Лапінская:
Кожны чалавек прыгожы па-свойму. І кожны мужчына ў жанчыне шукае нешта такое, што прыйдзецца да душы толькі яму. Іншаму ўнутраны свет жанчыны нашмат важней за знешнасць. А што датычыцца шчасця, то я лічу сябе шчаслівай. І яно ў мяне асацыіруецца перш за ўсё з любімай сям’ёй і поспехамі на рабоце.
Таццяна Рабянок: Абсалютна згодна. З аднаго боку гэта так, да таго ж, калі б усе людзі былі прыгожыя, жыць было б нецікава. І хаця сустракаюць па адзежцы, праводзяць па розуму. Але з другога – калі чалавек прыгожы, перад ім лягчэй адкрываюцца любыя дзверы.
А шчасце? Калі ў сям’і ўсё добра, родныя і блізкія людзі не хварэюць, калі я магу аказаць пасільную дапамогу сваім калегам па рабоце, калі мяне паважаюць, у мяне ёсць магчымасць вучыцца і атрымліваць новыя веды... Усе гэта робіць мяне шчаслівай.
– Чалавек без мары, што птушка без крылаў. Пра што марыце вы? Чаго б вам у жыцці хацелася б дасягнуць?
Ганна Лапінская:
Пра шчаслівую, дружную сям’ю, каб побач са мной быў любімы чалавек, як мінімум двое дзяцей. Гэта самае галоўнае ў жыцці. А на рабоце хацелася б кар’ернага росту.
Таццяна Рабянок: Хацелася б добра закончыць інстытут, але я не збіраюся спыняцца на дасягнутым. Калі ўсе атрымаецца так, як мару, то буду паступаць далей. А яшчэ хачу стварыць дружную любячую сям’ю, каб у ёй панавала шчасце, а на рабоце былі поспехі і дасягненні.

Гутарыла Алена ЯРАШЭВІЧ.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений