Хто лепш за ўсіх працуе ў Міхалішках?

11:50 / 12.02.2018
1

Падчас рэспубліканскай акцыі “Наш жывёлавод” яе ініцыятар, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Юрый Адула плануе наведаць большасць ферм і комплексаў раёна, каб азнаёміцца з ўмовамі працы работнікаў жывёлагадоўчай галіны і адзначыць лепшых.

На мінулым тыдні падарункі атрымалі 12 працаўнікоў КСУП “Міхалішкі”.

Я мілую пазнаю… па пысе

На МТФ «Ласі» ўтрымліваецца 130 кароў і 17 цялят. Работнікі на ферме – не з аднайменнай вёскі, як звычайна бывае, а з бліжэйшых населеных пунктаў: Міхалішак, Каценавіч. Лепш за ўсіх, па меркаванні прафсаюзных лідараў і кіраўніцтва КСУП «Міхалішкі», тут працуюць аператары машыннага даення Марыя Альфонсаўна Чайкоўская і Ганна Раманаўна Янушэўская. Кароў – за кожнай даяркай замацаваная асобная група – жанчыны ведаюць не толькі па мянушках, але і па звычках, характары. Акрамя гэтага, даяркі клапоцяцца і пра навароджаных цялят. Па прызнанні Марыі Альфонсаўны, яе любімчыкі – цялушкі-блізняты Зіта і Гіта, якія атрымалі свае мянушкі ў гонар некалі папулярных індыйскіх кінагераінь.

IMG_8914 Янушевская Чайковская.jpg

Аператары машыннага даення Ганна Янушэўская і Марыя Чайкоўская з цялушкай Зітай, а, магчыма, і Гітай

Работы не баіцца

На комплексах, у адрозненні ад фермаў, для работнікаў створаны добрыя ўмовы для адпачынку: ёсць душавыя кабіны і абсталяваныя санвузлы, пральныя машыны, мікрахвалёвыя печы… МТФ «Страчанка» на фоне сваіх сучасных «сёстраў» выглядае не горш: у памяшканні для адпачынку ёсць мяккія крэслы, канапа, халадзільнік, чайнік. 

Падчас сустрэчы з прафсаюзнымі лідарамі памятны падарунак ад райкама атрымала аператар машыннага даення Ванда Браніславаўна Сапега. Нягле­дзячы на сваё «шляхетнае» проз­вішча, жанчына не баіцца ніякай работы, таму  і працуе на ферме ў Страчы больш за 20 гадоў. 

Ці не гэта лепшае сведчанне  адданасці сваёй справе?

IMG_8924 Сапего.jpg

Аператар машыннага даення Ванда Сапега доіць 46 кароў

Усё добра! Але…

На МТФ «Страчанка» падарункамі была адзначана работа аператараў машыннага даення Людмілы Іванаўны Вай­цюль і даільнай устаноўкі Івана Аляксеевіча Барысоўскага. 

Па словах работнікаў, ім выдадзена спецадзенне і абутак, штомесяц выплачваецца зарплата –  а вось з тым, каб зняць з банкаўскай картачкі грошы, часта ўзнікаюць праблемы: для гэтага даводзіцца ехаць у Свір ці ў Спонды.

IMG_8934 Войтюль Борисовский.jpg

Людміла Вайцюль і Іван Барысоўскі з МТФ «Страчанка» атрымалі памятныя падарункі ад райкама прафсаюза работнікаў АПК

Салаўінае жыццё

 Дваццаць тры гады на ферме «Супраненты» працуе Валянціна Станіславаўна Салавей. 

– Даяркай пачала працаваць у 29 гадоў, – расказвае жанчына. – Зараз мне ўжо 52: магу ісці на ільготную пенсію. Усе жыццё маё тут прайшло, і сын на ферме выгадаваўся. 

Жанчына мудрымі парадамі дапамагае менш вопытным даяркам, у тым ліку і Ганне Міронаўне Бялячыц, якая разам са сваёй «настаўніцай» атрымала ў гэты дзень падарункі ад аграпрамысловага прафсаюза.

IMG_8941 Соловей.jpg

Даярка Валянціна Салавей

Міхалішкаўскі дуэт...

Дойны статак МТФ «Міхалішкі» складае 199 кароў, якіх дояць чатыры аператары машыннага даення. Яшчэ адна даярка – падменная.
У групе Вольгі Іванаўны Валэйкі – 53 каровы. А жывёлавод  Уладзімір Альфрэдавіч Бародка клапоціцца пра 176 цялят.

IMG_8953 Бородко Волейко.jpg

Жывёлавод Уладзімір Бародка і даярка Вольга Валэйка

... і маркунскі квартэт

Па меркаванні прафсаюзных лідараў і кіраўніцтва КСУП «Міхалішкі» лепш за ўсіх на МТК «Маркуны» працуюць цялятніца Лілія Іванаўна Шыш, апера­тары машыннага даення Леакадзія Іванаўна Боў­ша і Валянціна Зянонаўна Шалінава. 

IMG_8956 Шиш.jpg

Цялятніца Лілія Шыш


Текст:
Фото: Алена Гануліч