За какие заслуги портрет Виталия Трибоцкого занесен на Доску почета
11:33 / 06.02.2018
З такіх шчырых адданых сваёй справе працаўнікоў – і трактарыст-машыніст РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» Віталь Іванавіч Трыбоцкі, чый партрэт занесены на раённую Дошку гонару.
– Моладзь зараз не хоча працаваць у сельскай гаспадарцы: у пошуках доўгага рубля стараюцца ўладкавацца на будаўніцтва атамнай электрастанцыі, выязджаюць у горад… Але некаму ж трэба і на зямлі працаваць! Мне падабаецца ў Рытані: ведаю людзей і сваю работу, люблю тэхніку. Людзей у саўгасе не хапае, таму за мной замацаваны ажно тры адзінкі тэхнікі, – расказвае трактарыст. – На «Джон-Дзіры» заворваю ці культывую глебу, на МТЗ-1221 кашу траву, на камбайне «Ліда-1600» убіраю збожжа. Сёлетні год быў, напэўна, самым складаным за ўвесь час, што працую ў саўгасе. З неба ліло бязбожна – нельга было ў поле ўлезці.
Любоў да зямлі і ўсяго жывога Віталю перадалася ад бацькоў: тата Іван працаваў трактарыстам у калгасе «Рытань», маці Генуэфа была сацыяльным работнікам. Хлопчыка з дзяцінства вабіла тэхніка. Навыперадкі з братам – хто каго апярэдзіць, той і паедзе ў кабіне з татам, – яны з усіх ног беглі насустрач трактару. І часта «перамагаў» Віталь.
– Спачатку вучыўся ў Літвянскай школе, потым – у Рытані. Вучыўся нядрэнна, але асаблівай цягі да навукі ў мяне не было, – прызнаецца мужчына. – Куды больш падабалася корпацца ў тэхніцы. Пасля школы скончыў курсы трактарыстаў у Варнянскім вучэбна-вытворчым камбінаце і пайшоў працаваць у калгас.
Праз некаторы час хлопца забралі ў армію. Але служба не перайначыла юнака, наадварот, узмацніла жаданне вярнуцца дадому – і зноў сесці за руль трактара.
Так і сталася…
Мінула больш за дзесяць гадоў, як Віталь працуе ў саўгасе. Малады мужчына прызнаецца, што з усіх сельскагаспадарчых работ найбольш любіць жніво.
– Раней на «Нівах» збожжа жалі – дык гэта не ўборка была, а мучэнне, – успамінае Віталь. – А зараз камбайны аснашчаны камп’ютарамі, кандыцыянерамі – працуй сабе ў задавальненне. Каб яшчэ тэхніка не ламалася… За ўсе гады найбольшы намалот быў каля паўтары тысячы тон збожжа. А ўвогуле год на год не прыходзіцца.
Некалькі гадоў назад працавітаму трактарысту кіраўніцтва саўгаса выдзеліла дом у Рытані. Праўда, сям’ёй мужчына пакуль так і не паспеў абзавесціся.
Прыроджаная сціпласць, нешматслоўнасць выдаюць у Віталі сумленнага працаўніка, які з дзяцінства ведае, што такое мазалі, тэхніка і зямля.
– Прыемна, канешне, што кіраўніцтва раёна і саўгаса заўважае нас, простых людзей. Але ж не разумею, чаму толькі мяне выбралі з саўгаса – у нас столькі годных людзей, – Віталь на імгненне замаўкае, а потым у марозным паветры павісае спрадвечнае вясковае:
– Я ж нічога асаблівага не зрабіў…