Акцыя “Наш жывёлавод” распачалася з саўгаса “Падольскі”
Трэці год па ініцыятыве райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу на Астравеччыне праходзіць акцыя “Наш жывёлавод”, падчас якой ушаноўваюцца работнікі ферм і комплексаў: аператары машыннага даення і малочнага абсталявання, даглядчыкі, жывёлаводы, ветэрынарныя ўрачы.
Першым прыпынкам на маршруце акцыі стаў РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі”.
– Галоўная задача, якую мы ставім перад сабой, – не толькі адзначыць лепшых працаўнікоў жывёлагадоўчай галіны раёна, але і наведаць кожны комплекс і ферму, а таксама паглядзець, у якіх умовах працуюць жывёлаводы, ці забяспечаны яны спецыяльным адзеннем, абуткам і іншымі сродкамі індывідуальнай аховы, – расказаў ініцыятар акцыі, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Юрый Адула.
Сёлета распачалі наведванне ферм з РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі”, малочна-таварныя комплексы і фермы якога за апошні час істотна палепшылі якасць малака.
Да старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Юрыя Адулы далучылася старшыня прафсаюзнай пярвічкі прадпрыемства Марына Яновіч.
На МТК “Рытань” памятнымі падарункамі была адзначана работа цялятніцы Тарэсы Раўды, жывёлавода Марыны Кадушкевіч, цялятніцы Міраславы Букель і жывёлавода Вольгі Крывіцкай. Па словах работнікаў, на комплексе створаны добрыя ўмовы для работы: ёсць душавыя кабіны, пакой прыёму ежы, а галоўнае – тут заработную плату атрымліваюць своечасова.
На ферме “Кямелішкі”, у адрозненне ад МТК “Рытань”, санітарна-бытавыя ўмовы жадаюць быць лепшымі. Падчас сустрэчы з прафсаюзнымі лідарамі работнікі фермы ўздымалі праблемы і дзяліліся набалелым. Юрый Аляксандравіч запэўніў, што дапаможа разабрацца з узнятымі пытаннямі.
Работнікі таксама цікавіліся расцэнкамі аплаты ручной працы, забеспячэннем працоўным адзеннем і абуткам і напаўняльнасцю фермы жывёлай. На многія пытанні яны тут жа атрымлівалі адказы. Па словах старшыні райкама, праблема з працоўным адзеннем вырашаецца: у бліжэйшы час кіраўніцтва РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” плануе заключыць дагавор з Астравецкім унітарным камбінатам бытавога абслугоўвання на яго пашыў.
За добрасумленную працу падарункамі былі адзначаны цялятніцы Святлана Бычко і Тарэса Марцінкевіч.
Апошнім у гэты дзень прафсаюзныя лідары наведалі МТК “Падольцы”, дзе ўтрымліваецца 1 340 галоў. Па словах работнікаў, адзінае, што іх засмучае – гэта дарога да комлекса, якая вясной і восенню ператвараецца ў суцэльнае балота. Да слова сказаць, нядаўна працаўнікі ўласнымі сіламі зрабілі невялікі касметычны рамонт у пакоі для адпачынку.
Напярэдадні свайго дня нараджэння падарунак атрымала начальнік МТК “Падольцы” Гражына Рабкоўская і аператар машыннага даення Ларыса Саўко.
Плануецца, што акцыя “Наш жывёлавод” будзе працягвацца на працягу ўсяго зімне-стойлавага перыяду.