Калядныя традыцыі і звычаі сям’і Варановіч з Дайлідак
Больш за дзве тысячы гадоў назад у Віфліеме нарадзілася Божае Дзіцятка. І ні ў адным доме, ні ў адной сям’і для маленькага Езуса не знайшлося месца – святая сям’я знайшла прытулак толькі ў стайні сярод жывёл…
Для добра вядомай на Астравеччыне сям’і Варановіч з Дайлідак: Казіміра Станіслававіча, Тэрэсы Іосіфаўны і іх дачкі Вікторыі – дзень Божага Нараджэння і Вялікдзень – самыя галоўныя святы… Не толькі на Каляды, але і на працягу ўсяго жыцця сэрцы гэтых людзей, як і іх гасцінны дом, адкрыты для Дзіцяткі Езуса і кожнага, каму патрэбна дапамога: не раз падчас вігілійнай вячэры разам з гэтай сям’ёй ламаліся аплаткай адзінокія суседкі…
Справамі славяць Усявышняга
Дваццаць гадоў Казімір Станіслававіч узначальвае камітэт касцёла Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дайлідках. Дзякуючы намаганням гэтага нястомнага, шчырага ў веры і ўчынках чалавека, цалкам адноўлена гісторыя парафіі, сабраны багаты фотаархіў, занатаваны імёны і прозвішчы ўсіх, хто прыдачыніўся да аднаўлення Дайлідскага касцёла і захавання веры ў мястэчку.
– Пані Байкоўская, Адэля Іосіфаўна Пятроўская, Ядвіга Іосіфаўна Матыяшкойць, Станіслаў Юстынавіч Барташэвіч і многія іншыя стараліся вярнуць касцёл, – расказвае Казімір Станіслававіч. – Дзякуючы дазволу першага сакратара Гродзенскага абкома партыі і дэпутата ад Астравецкага раёна Кляцкова гэта адбылося ў 1989 годзе.
Казімір Станіслававіч тры дзесяцігоддзі, не шкадуючы часу і сіл, збіраў матэрыялы, занатоўваў сведчанні людзей старэйшага веку, звяртаўся ў архівы Літвы і Польшчы… Факт да факту, як пацерка да пацеркі, – і ружанец Найсвяцейшай Панны Марыі, апякункі Дайлідскага касцёла, быў цалкам адноўлены: гісторыя парафіі і святыні склала больш за пяцьдзясят таўшчэзных рукапісных тамоў…
Але на гэтым праца Казіміра Станіслававіча не спынілася: ён дапамагае ксяндзу-пробашчу Алегу Шпеню ва ўсіх касцёльных справах – а іх заўсёды хапае. У жыхароў станцыі Ашмяны, якая адносіцца да Дайлідскай парафіі, з’явілася капліца Божай Міласэрнасці і благаславёнага ксяндза Міхала Сапоцькі – афармленнем дакументаў, іх узгадненнем з рознымі службамі таксама займаўся Казімір Станіслававіч.
Яго жонка Тэрэса Іосіфаўна – мастачка ад Бога, якую добра ведаюць не толькі на Астравеччыне, але і далёка за яе межамі, – прымала ўдзел у аднаўленні святынь, роспісе касцёлаў, рэстаўрацыі і напісанні абразоў… Ніводнага разу яна не адмовіла ксяндзам, якія звярталіся за дапамогай.
– Мая самая першая касцёльная работа – афармленне харугваў у Сольскім касцёле, – з цеплынёй у голасе расказвае Тэрэса Іосіфаўна. – Самая складаная – роспіс-рэстаўрацыя прэзбітэрыя ў Солах. Даводзілася працаваць на вышыні каля дзевяці метраў. Але стомы, на дзіва, не адчувала. Калі пісала абліччы святых, нібыта нехта вадзіў маёй рукой – атрымалася з першай спробы. Што гэта, калі не Боская дапамога?
– Дзякаваць Богу, мне пашанцавала з жонкай. Столькі касцёлаў аформіла, а колькі абразоў напісала! – далучаецца да размовы Казімір Станіслававіч. – Тысячы людзей кленчаць перад імі і моляцца – гэта самае важнае…
Летась Тэрэса Іосіфаўна разам з дачкой Вікторыяй па просьбе айцоў-кармялітаў з мястэчка Гудагай рэстаўравалі фігуру Маці Божай…
Вікторыя, як і маці, таленавітая і глыбокая мастачка, да таго ж – цудоўны педагог. У Астравецкай дзіцячай школе мастацтваў дзяўчына вучыць маляванню больш за сто дзетак – яна заўсёды знаходзіць добрыя словы для кожнага хлопчыка і дзяўчынкі, дапамагае на малюнку выправіць хібы і шчыра дзеліцца з маленькімі мастакамі прафесійнымі сакрэтамі. Углядаючыся ў дзіцячыя вочкі, у якіх свеціцца непрыхаваная цікавасць да фарбаў, яна ўспамінае сябе маленькую, калі размалёўвала падрыхтаваныя да навучальнага года сшыткі, канспекты бацькі…
…Варановічы заўсёды разам – дома, на пленэрах, у касцёле. У іх сям’і пануюць згода, вера і любоў.
Час радаснага перажывання і дарога да Бога
Нараджэнню Дзіцяткі Езуса папярэднічае Адвэнт – час, калі людзі рыхтуюцца да сустрэчы з Божым немаўляткам, прыводзяць у парадак дамы і душы, імкнуцца не толькі слухаць, але і чуць.
– Адвэнт – час радаснага чакання Езуса. Задача кожнага веруючага ў гэты перыяд – падрыхтавацца найперш духоўна да Божага Нараджэння. Дапамагае гэта зрабіць і пост для цела. Мы грашым у думках, мовай, учынкамі, занядбаннем… Трэба больш часу прысвячаць малітвам і ўчынкам міласэрнасці: дапамагаць тым, каму горш за нас. Не на словах, а праз уласны прыклад паказваць моладзі, якім павінен быць сапраўдны чалавек, – лічыць Казімір Станіслававіч. – Над жыццём трэба задумвацца цяпер, асабліва тым, хто жыве толькі сённяшнім днём: на змену атэізму прыйшла куды больш страшная з’ява – матэрыялістычны практыцызм. Людзі ставяць матэрыяльныя каштоўнасці на першы план. А так быць не павінна…
І Казімір Станіслававіч, і Тэрэса Іосіфаўна з веруючых сямей.
– Для мяне прыкладам былі не толькі бацькі, але і хросны тата, які паслугаваў ксяндзу ў Жупранах. Мама ў часы атэізму праводзіла ў касцёл людзей з чорнага ўваходу, – успамінае Казімір Станіслававіч.
– Настаўнікі стаялі ля касцёла і запісвалі прозвішчы, – да размовы далучаецца Тэрэса Іосіфаўна. – Перад першай камуніяй мы з сястрой Ірэнай ішлі, хаваючыся, нібыта злодзеі ці ворагі, у Гервяты ў касцёл на споведзь. Як добра, што нашым дзецям пашчасціла адкрыта вызнаваць веру, а нам, бацькам, разам з імі раздзяляць радасць першай камуніі, біжмавання…
– Падчас вучобы па ўсіх прадметах у мяне стаяла «выдатна», акрамя атэізму, – працягвае гаспадар дома. – На экзамене задаў выкладчыку такія пытанні па рэлігіі, што ён не змог адказаць. За гэта мой партрэт знялі з Дошкі гонару і ўвогуле хацелі выключыць. Дзякаваць Богу, за мяне заступіўся старшыня экзаменацыйнай камісіі – і мне ўсё ж уручылі чырвоны дыплом. Шмат гадоў адпрацаваў ветэрынарам. Імкнуўся добразычліва адносіцца да людзей, ніводнага разу нікога не аблаяў і не прынізіў: ні чалавека, ні жывёліну… Як бы цяжка ні было, у любых сітуацыях трэба заставацца чалавекам.
Прывітаем Маленькага!
На Каляды на хутары ў Ажуройсцях збіраліся ўсе дзеці разам з сем’ямі. Па традыцыі да бацькоў ехалі і Варановічы.
– Пакуль бацькі былі крапчэйшымі, Божае Нараджэнне святкавалі ў іх. Сястра з Вільні прыязджала, – успамінае Тэрэса Іосіфаўна. – Мая мама Яўгенія Станіславаўна, светлая ёй памяць, нарадзілася, як і Дзіцятка Езус, 24 снежня. Мы яе віншавалі, дарылі падарункі – а цяпер у гэты дзень замаўляем імшу.
– Дзякуючы бацькам Тэрэсы Іосіфаўны, якія сваіх дзяцей давялі да Бога і гадавалі ў веры, іх унук, а наш пляменнік Андрэй Авен выбраў дарогу служэння Богу – стаў айцом-кармялітам, – працягвае Казімір Станіслававіч.
– Ужо з дзяцінства ведаў, кім стане, жартавалі ў нашай сям’і, – расказвае Тэрэса Іосіфаўна. – Бабулін малітоўнік, пакуль тая была занятая, Андрэйка па лісточках разабраў.
Калядныя традыцыі бацькоў перанялі і дзеці. Калі на небе з’яўляецца першая зорка, Варановічы сядаюць за стол, пакрыты паверх сена белым абрусам, запальваюць свечку – і пачынаецца сямейная малітва. Затым ламаецца аплатка, складаюцца віншаванні і пажаданні, усе сілкуюцца поснымі стравамі, якіх заўсёды на стале дванаццаць, – па колькасці апосталаў. А вечарам уся сям’я ідзе ў касцёл на пастэрку, каб прывітаць маленькага Езуса.
…З вігілійнай вячэры і да самай раніцы Варановічы не прыбіраюць стол і дадатковую талерку на выпадак візіту нечаканага госця… У выглядзе падарожніка можа завітаць і Езус, які больш за дзве тысячы гадоў назад стукаў у многія дзверы – але яго так ніхто і не ўпусціў у свой дом.
Два пытанні аб галоўным
1. Якое Ражаство вам найбольш запомнілася і чаму?
Казімір Станіслававіч:
– Часцей за ўсё прыгадваю свята Божага Нараджэння 2002 года. На вігілійнай вячэры ў нашым доме было аж тры святары.
Тэрэса Іосіфаўна:
– Каляды – гэта дзень нараджэння не толькі Дзіцяткі Езуса, але і светлай памяці маёй мамы… Яе няма побач з намі, але яна жыве ў нашых сэрцах.
Вікторыя:
– Самыя цёплыя ўспаміны звязаны з дзяцінствам, калі ўсе збіраліся ў Ажуройсцях, віншавалі бабулю з днём нараджэння і дарылі ёй падарункі. Напярэдадні Калядаў бабуля рыхтавала розныя стравы, у тым ліку і клёцкі, а спецыяльна для мяне рабіла клёцку ў выглядзе качачкі.
2. Што б вы сказалі Дзіцятку Езусу?
Казімір Станіслававіч:
– У касцёле я пачынаю малітву з падзякі за атрыманыя Божыя ласкі і блаславенне. У Езуса таксама прашу прабачэння за грахі і правіны людзей, і малюся, каб Бог умацоўваў сем’і.
Тэрэса Іосіфаўна:
– Хацела б падзякаваць Езусу, за тое, што заўсёды апякуецца нашай сям’ёй і ніколі нас не пакідае.
Вікторыя:
– Дзякуй табе, Дзіцятка Езус, што кожны год прыходзіш у гэты свет: умацоўваеш веру, дорыш надзею і павялічваеш любоў.
З днём нараджэння, Маленькі!