Бога можна славіць думкамі, справамі, малітвай – і песняй! (+відэа)

09:05 / 06.12.2017
6119

Падчас адкрыцця парафіяльнага дома ў Астраўцы вернікі і госці парафіі Святых Космы і Даміяна атрымалі шыкоўны музычны падарунак ад семінарысцкага гурта “Ave”, які прыехаў на Астравеччыну па запрашэнні ксяндза-каноніка Юзафа Багдзевіча.

2017-11-28-ave-006.jpg

У гонар свята Хрыста – Валадара сусвету, а таксама з нагоды адкрыцця парафіяльнага дома пры касцёле Святых Космы і Даміяна па запрашэнні ксяндза-каноніка Юзафа Багдзевіча на Астравеччыну завітаў добра вядомы ў хрысціянскай супольнасці гурт Ave. Іх песні – нязменныя спадарожнікі кожнай пілігрымкі. Мала сказаць, што семінарыстаў з нецярпеннем чакалі дзеці, моладзь і больш сталыя людзі – пра гэта мы марылі пяць гадоў з моманту апошняга візіту ў Астравец таленавітых навучэнцаў Гродзенскай духоўнай семінарыі!

DSC_3416.jpg


З 1993 года, калі быў створаны гурт, неаднойчы мяняўся склад Avе, але галоўная мэта, асноўны пасыл, з якім семінарысты штогод выпраўляюцца ў розныя парафіі Гродзеншчыны, застаюцца ня­змен­нымі – праслаўляць Бога. І палаючыя сэрцы навучэнцаў семі­нарыі, іх шчырасць, адкрытасць ва ўнісон з хрысціянскімі песнямі знаходзяць дарогу да іншых сэрцаў – малых і вялікіх, веруючых і  пахіснуўшыхся, адкрытых і недаверлівых…

Нягледзячы на тое што змяняюцца ўдзельнікі гурта, карэктуецца рэпертуар, адрозніваецца ўзро­вень прафесійнага выканання – гурт Ave заўсёды чакаюць у кожнай парафіі. Тое, што чалавек робіць з верай, любоўю і самаадданасцю, як гэтыя семінарысты, не можа не знайсці водгук у іншых сэрцах.

DSC_3448.jpg


…Кінаканцэртная зала ў Астраўцы, разлічаная на чатырыста месцаў, ледзь змясціла гледачоў і слухачоў. Моладзь і дзеці занялі самыя зручныя, як пазней высветлілася,  пазіцыі на прыступках, ля сцэны,  пра­ходаў – і  не прагадалі: як патанцуеш, седзячы ў крэсле? 

– Падчас семінарыйнага тыдня клерыкі разам з выкладчыкамі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне накіроўваюцца ў парафіі, каб аддзячыць людзям за малітвы аб пакліканнях, за пасільную дапамогу, –  напачатку канцэрта сказаў прэфект семінарыі, ксёндз Андрэй Лішко. – Мы ўдзячны Богу, што сёння мы разам з вамі!

Пакуль прадстаўлялі ўдзельні­каў гурта – зараз касцяк Ave складаюць клерыкі Андрэй Струкель (бас-гітара), Андрэй Эйсмант (акустычная гітара, бэк-вакал), Яўген Амасёнак (клавішныя), Ула­дзіслаў Малышка (сола-гіта­ра), Андрэй Юхнік (вакал), Артур Вільнеўчыц (ударныя) – дачка раз-пораз тузала мяне за плячо і з захапленнем шаптала: «Ух ты-ы-ы, ксёндз з гітарай!», «Мам, паглядзі-паглядзі, як на барабанах можна іграць!»


Прызнаюся шчыра: такое ж захапленне ахапіла і мяне пасля некалькіх песень. Жывая музыка, шчырасць і адкрытасць вы­ка­наўцаў, атмасфера еднасці, братэрства, якая нябачнымі для людскога вока стужкамі з’ядноў­вала ў адно цэлае ўсіх, хто прыйшоў на канцэрт… Аказваецца, так мала трэба для шчасця! 

DSC_3401.jpg


А калі загучала запальная танцавальная музыка, а ў цэнтры сцэны з’явіўся клерык Андрэй Стукель – на гэты раз без гітары, дзятва паўскоквала з месцаў і самааддана паўтарала за семінарыстам усе рухі – дарэчы, відэа гэтага танца вы можаце ўбачыць на нашым сайце і хоць на некалькі хвілін адчуць тую атмасферу радасці і адзінства, якая панавала ў кінаканцэртнай зале падчас выступлення семінарыстаў.


Раз-пораз цемра, якая панавала ў зале, асвятлялася агеньчыкамі мабільных тэлефонаў… Спявалі на беларускай, рускай, польскай мовах. Перад кожнай песняй былі кароткія ўступы, якія можна разбіраць на цытаты. А калі ксёндз-прэфект папрасіў падняцца на сцэну сясцёр законных і ксяндзоў, загучала  Nie jestem sam: спяваў і ксёндз-вікарый Юрый, і ксёндз-канонік Юзаф – а людзі, не шкадуючы голасу і далоняў, іх падтрымлівалі.

…Дзве гадзіны праляцелі хуткакрылай ластаўкай. Людзі не хаце­лі разыходзіцца, каб не страціць усеабдымную радасць, якая за гэты кароткі час пасялілася глыбока ў сэрцы. Сяброўка прызналася, што атрымала такі зарад дабрыні, якога хопіць надоўга. А дачушка тузала мяне за руку: «Мама, а калі мы ізноў пойдзем на канцэрт Avе?



Текст: Алена Гануліч
Фото: аўтара, А. ЮХНІКА і Т. КУЧЭЎСКАЙ.
Видео: Алена Гануліч
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений