Як Міхалішкі рыхтаваліся да «Дажынак»
14:56 / 25.11.2017
Старшыню сельвыканкама Віталя Іванавіча Івашкевіча мы сустрэлі на адной з вуліц Міхалішак. Ён разам з работнікамі завіхаўся ля старога яўрэйскага могільніка – вось-вось вакол яго з’явіцца бетонная агароджа.

– Навядзенню парадку на зямлі ўдзяляецца вялікая ўвага. А тут яшчэ і раённыя «Дажынкі» вырашылі праводзіць у нас – значыць, да іх аграгарадок неабходна абнавіць, – расказвае Віталь Іванавіч. – Некалькі гадоў назад сельвыканкам перасяліўся ў новы будынак – прыгожы, дыхтоўны, прасторны. А за ім размяшчаўся даволі вялікі кавалак тэрыторыі, парослай дрэвамі і кустамі, з некалькімі напаўразваленымі фундаментамі. Паступова ўсё гэта прыбралі, зрабілі планіроўку ўчастка, засеялі травой і пасадзілі дрэвы. Пройдзе некалькі гадоў – і ў Міхалішках з’явіцца яшчэ адна паркавая зона.
Увагу сёлета ўдзялілі і старому парку ў цэнтры аграгарадка. Нягледзячы на тое што некалькі гадоў назад яго тэрыторыю добраўпарадкавалі – выразалі старыя дрэвы, праклалі дарожкі, пасадзілі дэкаратыўныя дрэвы і кусты, сёлета давялося выдаліць яшчэ некалькі аварыйных дрэў. У парку з’явіліся лавачкі – цяпер па ім прыемна не толькі прагуляцца, але можна прысесці і адпачыць.

Да «Дажынак» абнавілася і вуліца Кірава: замест старога асфальту паклалі новы; адрамантавалі тратуарныя дарожкі па вуліцах аграгарадка.
Па-гаспадарску аднесліся да падрыхтоўкі сваіх будынкаў да раённага свята многія арганізацыі. Так, КСУП «Міхалішкі» пафарбаваў дах і сцены адміністрацыйнага будынка, добраўпарадкаваў прылеглую да яго тэрыторыю.




Змяніўся будынак аддзела культуры і вольнага часу – тут таксама пафарбавалі дах і сцены, правялі бягучы рамонт памяшканняў.

Папрыгажэў магазін астравецкага філіяла, а стары павільён «Ветрык» райспажыўтаварыства ўвогуле дэманціравала.
Прыемна, што і насельніцтва адгукаецца на прапановы сельсавета – сёлета амаль усе домаўладальнікі Міхалішак пафарбавалі свае агароджы – і аграгарадок памаладзеў і папрыгажэў. Падтрымалі ініцыятыву сельсавета набыць фарбу і абнавіць платы ля сваіх дамоў і ў Вялікай Страчы. На чарзе – Страчанка, на жаль, тут не ахвотна адгукнуліся на такую прапанову.
У невялікіх вёсачках – Сідарышках, Жукойнях Жалядскіх, Косцевічах – жыхары за свой кошт пры арганізацыйнай падтрымцы сельсавета выдалілі на могілках старыя трухлявыя дрэвы.
Былі знесены пустуючыя дамы і закапаны фундаменты ў Вялікіх Стаўпянятах і Вераб’ях, выдалены аварыйныя дрэвы ў Петрашышках, Альхоўцы і Міхалішках, закрыты міні-палігоны ў Маркунах і Жукойнях, зроблены пад’езд да могілак у Вялікай Страчы.

– Наперадзе яшчэ шмат работы, – гаворыць Віталь Іванавіч. – Карыстаючыся выпадкам, хочацца падзякаваць усім, хто дапамагае сельвыканкаму ў навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні, а таксама жыхарам нашых аграгарадкоў і вёсак, якія з разуменнем адносяцца да просьб і ініцыятыў сельсавета і аказваюць дапамогу не толькі словам, а і справай.