Намалявалі партрэт Адама Мальдзіса – і трапілі на выставу
13:26 / 20.10.2017
– Дэвіз конкурсу “Шлях да навукі праз мастацтва” паспрыяў таму, што ўдзельнікаў было шмат. На заключны, рэспубліканскі, этап конкурсу было прадстаўлена каля 700 работ з 224 устаноў адукацыі краіны, – расказала намеснік дырэктара Гудагайскай сярэдняй школы Жанна Леанардаўна Янцэвіч. – Лепшыя творы былі адабраны для выставы. Сярод іх і наш малюнак.
Вучаніца 7 класа Вікторыя Гук пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Алены Уладзіміраўны Шымковіч напісала партрэт нашага знакамітага земляка Адама Мальдзіса. Гэта работа стала ўдзельнікам выставы ў намінацыі “Імёны”, а Вікторыя Гук была адзначана Дыпломам ІІІ ступені.
Пераможцаў конкурсу, якія 10 кастрычніка прыехалі ў Мінск з розных рэгіёнаў краіны на закрыццё выставы, чакала шмат запамінальных момантаў.
– На святочнае мерапрыемства было запрошана 78 школьнікаў з усёй Беларусі. Усе яны, гэтаксама як і наша Вікторыя, былі ўзнагароджаны дыпломамі, – расказвае намеснік дырэктра па выхаваўчай рабоце Гудагайскай СШ Алена Уладзіміраўна Шымковіч. – Уразіла ўсё: і святочны канцэрт, і экскурсіі, якія былі арганізаваны для ўдзельнікаў мерапрыемства.
– Самым цікавым момантам гэтага дня стала наведванне інстытута фізікі Акадэміі навук, – дзеліцца Вікторыя Гук. – Нас пазнаёмілі з дзейнасцю вучоных і расказалі шмат цікавага – напрыклад, як адрозніць сапраўдную карціну ад падробленай.
Лепшыя работы конкурсу можна ўбачыць на сайтах Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і савета маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Алена СВЕТЛАЯ.