На спатканне з Глебавым і Шнітке

09:08 / 18.10.2017

 З надыходам новага навучальнага года  ў Астравецкай дзіцячай школе мастацтваў  настаў  чарговы “сезон” музычных падарункаў. Распачалі яго сталічныя артысты – ансамбль салістаў  Мінскай філармоніі пад кіраўніцтвам віртуоза-балалаечніка, лаўрэата шматлікіх конкурсаў Ігара Іванова, а таксама вядомы  вакаліст і артыст гумарыстычнага жанру Уладзімір Радзівілаў і салістка Нэлі Душчынская.

Чым цікавы быў канцэрт? Насычанай і разнастайнай праграмай: прагучалі творы кампазітараў Яўгена Глебава, Альфрэда Шнітке, Антоніо Пьяццолы, вядомыя песні былых гадоў, любімыя і для бацькоў, і для дзяцей – зала ахвотна падспеўвала артыстам. А галоўнае, думаецца, тое, што вучні – будучыя баяністы, дамбрысты, балалаечнікі-выканаўцы  атрымалі ўзор для пераймання ў валоданні музычнымі інструментамі. А таты і мамы зразумелі, да якіх вышінь дасканаласці варта ўзнімацца іх дзецям.

 Мы ж, проста гледачы, атрымалі вялікую асалоду ад сустрэчы з цудоўным.

Вялікі дзякуй за гэта гасцям-артыстам і гаспадарам-арганізатарам канцэрта. Чакаем новых сустрэч!


 

 

Текст: