Ты в возрасте? Тебе надоело перемывать кости соседям? Тогда тебе к нам!
10:25 / 09.10.2017
Вы, паважаныя чытачы, глядзелі на святочным канцэрце ў гонар Дня дуба ў праграме «Хвіліна славы» выступленне танцавальнага калектыва «Чаромушкі» з аддзялення дзённага знаходжання пажылых людзей? Як прыгожа яны карагодзілі! Дагэтуль калектыў выступаў на «хатняй» сцэне – у Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, а тут рашыўся паказаць свае таленты землякам. І «сарваў» апладысменты захопленых гледачоў, атрымаўшы Дыплом пераможцы ад арганізатараў свята. У гэтым дэбюце ажыццявіліся мары і жаданні аматарак даўнейшых танцаў і харэографа Тамары Іванаўны Батуры. Трэба ж было ім сустрэцца!
Сваю хвіліну славы спазнала і Капіталіна Цімафееўна Пятроўская. Не ўпершыню гэтая паэтка, аўтарка і выканаўца задзірыстых прыпевак радуе і здзіўляе сваёй творчасцю астраўчан. І зноў яе сустракалі прыхільнымі воплескамі. Ёй заўсёды рады на пасяджэннях літаратурнага аб’яднання «Астравецкай зямлі галасы», што дзейнічае пры цэнтральнай раённай бібліятэцы.
А наш славуты народны хор ветэранаў працы «Вясёлка»! Усе яго ўдзельнікі – маладыя душой, улюбёныя ў песню, шчодра дораць сваё майстэрства людзям. Як імі не захапляцца?
Ці клуб «Актыўнае даўгалецце», які стаў месцам цікавых, пазнавальных сустрэч, інтэлектуальным асяродкам для людзей залатога ўзросту: тут і аб паэзіі размаўляюць, і творчымі здабыткамі ды ўменнямі дзеляцца, майстар-класы праводзяць.
Словам, хочаце не старэць душой? Далучайцеся да нас! Аматаркам сядзець днямі на лаўках ля пад’ездаў ды перамываць костачкі прахожым і суседзям скажам: вы прайграеце паядынак са старасцю. Яна адольвае пасіўных, а актыўным – саступае пазіцыі.
Давайце будзем маладымі!