З гісторыі Падольскай сярэдняй школы

12:25 / 05.09.2017

shkola5.jpg

Першага  верасня 1977 года адчыніла свае дзверы Падольская сярэдняя школа. З таго часу прайшло 40 гадоў – гэта амаль што жыццё асобна ўзятага чалавека. А колькі такіх жыццяў, лёсаў  прайшло праз гісторыю школы! Пра гэта можна даведацца з успамінаў настаўнікаў і вучняў, з фондаў школьнага музея і, уключыўшы фантазію, –  з кнігі загадаў, якая была пачата ў жніўні 1977 года,   калі  Падольскую школу рыхтавалі да здачы ў эксплуатацыю.

Першы загад  аб прызначэнні загадчыкам гаспадаркі Іосіфа Іосіфавіча Казлоўскага ў кнізе зарэгістраваны 2 жніўня. З наступных можна даведацца аб настаўніках, якія прыйшлі сюды працаваць, і аб вучнях, якія былі залічаны ў класы.
– Я добра помню дзень, калі адкрывалася новая школа,  – расказвае сённяшні дырэктар школы, а тады – дзевяцікласнік,  Іван Францавіч Сухарэўскі. – Калі праходзіла ўрачыстая лінейка, у школе яшчэ працавалі будаўнікі. Гэта бачна і на  фотаздымках, што былі зроблены ў той дзень. 
Пачатковая школа, якая да таго  працавала ў Падольцах, размя­шчалася  ў прыстасаваным будынку. Пасля яе заканчэння хлопчыкі і дзяўчынкі ішлі  ў  дзесяцігодку ў Жукойні.
– Раніцай дабіраліся то на аўтобусе, то на калгаснай машыне, –  расказвае  Іван Францавіч. –  А назад часцей за ўсё ішлі пешшу. Канешне, быў маршрутны аўтобус Астравец – Пабрадзе, але вярнуцца дахаты на ім маглі толькі старшакласнікі: малодшым месца ў аўтобусе  не хапала.
Дзяцей у  мікрараёне Падольскай школы на той час было шмат – таму і прынялі рашэнне аб узвядзенні ў Падольцах трохпавярховага будынка  сярэдняй школы.
– Вялікую ролю ў тым, што ў нашай вёсцы з’явілася сярэдняя школа,  адыграў тагачасны дырэктар саўгаса «Падольскі» Леанід Сцяпанавіч Рубан, –  гаворыць Іван Францавіч Сухарэўскі. –  Пры падтрымцы саўгаса школу аснасцілі  сучасным на той час абсталяваннем і тэхнікай.
Як сведчыць усё тая ж кніга загадаў, у многіх кабінетах былі тэлевізары і дыяпраектары, пра­й­гравальнікі і фільмаскопы, маг­ні­тафоны, кінаапараты і фота­абсталяванне. Школа магла пахваліцца радыёвузлом і лінга­фонным кабінетам. І гэта, нагадаю, у 70-я гады!
Першага верасня 1977 года ў Падольскую школу былі залі­чаны 265 вучняў. Класы былі немаленькія: у 4-м вучылася 32 вучні, у 7-м – 36, у 5-м – 27, у 10-м – 24, а ў 8-м – ажно 42, таму яго падзялілі на «А» і «Б».
У першы клас у той год прыйшлі 13 хлопчыкаў і дзяўчынак – яны і сталі галоўнымі героямі школьнай урачыстасці, якая адбылася 1 верасня 1977 года. Фотаздымак з той першай школьнай лінейкі захоўваецца ў школьным музеі.   
На ім – 11 хлопчыкаў і дзяўчынак, для якіх упершыню празвінеў першы званок. Адна з іх, Луцыя Літвіновіч (Луцыя Казіміраўна Супра­новіч),  сёння працуе настаў­ніцай пачатковых класаў Падоль­скага НПК. Яна разам з дырэктарам школы і ста­ла ініцыятарам сустрэчы адна­класнікаў, якая адбылася ў Дзень ведаў.
– Думаю, што той перша­ве­раснёўскі дзень за­стаўся ў памяці ўсіх маіх аднакласнікаў, –  успамінае Луцыя Казіміраўна. – Спачатку мы сабраліся каля старой школы –  гэты будынак не захаваўся, –  і ўсе вучні строем накіраваліся ў новую школу.
Вялікі трохпавярховы будынак уражваў і дзяцей,  і дарослых.
– Тут была спартыўная зала і сталовая, пра якія мы нават не марылі, –  расказвае сённяшні  дырэктар. –  Лінейка прайшла, а  потым яшчэ не адзін месяц старэйшыя школьнікі і настаўнікі працавалі на добра­ўпарадкаванні школы і прышкольнай тэры­то­рыі.
На ўроках працы школьнікі выпілоўвалі  плашкі для плоту,  у вольны час настаўнікі і вучні закладвалі школьную цяпліцу з абагрэвам: расаду і агародніну тут вырошчвалі круглы год.
Пры школе меўся інтэрнат, у якім жылі дзеці з аддаленных вёсак. Пазней саўгас пабудаваў жылы дом для настаўнікаў. 
Школу і настаўніцкі калектыў узначаліла дырэктар Жукойненскай школы Лідзія Іванаўна Рубан.
– Яна была строгая, але спра­вядлівая – нам так здавалася, –  успамінае Лу­цыя Казіміраўна Су­­п­ра­новіч. – Прынамсі, нас, малы­шоў, з рознымі ха­рактарамі, яна разумела. Лідзія Іванаўна цу­доўна ведала матэматыку і выкладала яе цікава, па-сучаснаму. А яшчэ яна шмат дзе бывала і мы, вяс­ковыя дзеці, з захапленнем слухалі яе цікавыя расповеды.
На той час  у пачатковых класах адзін настаўнік працаваў з двума класамі: і першы вучыўся разам з трэцім. 
– Тады мы не разумелі, наколькі складана было настаўніцы – Воль­зе Віктараўне Калач. Але яна ўсё паспявала. З ёй было цікава – гэта цяпер я разумею, што кожны ўрок яна прадумвала да драбніц. 
– Затым нашым класным кіраўніком стала Лілія Іванаўна Печатоўская, –  расказвае Луцыя Казіміраўна пра настаўнікаў, – кожны з якіх пакінуў след у дзіцячых душах. – Нягледзячы на тое што хлопцаў у нашым класе было больш і кожны з іх быў з характарам, настаўнікам удалося аб’яднаць нас у дружны калектыў. Мы ўдзельнічалі ва ўсіх школьных мерапрыемствах – нам гэта падабалася. 
 У 2007 годзе Падольская сярэдняя школа атрымала новае жыццё – яе капітальна адрамантавалі ў рамках будаўніцтва ў вёсцы  аграгарадка.
– Зроблена было шмат, –  расказвае дырэктар школы. – Замянілі вокны і дзверы, уста­лявалі новае абсталяванне на харчблоку, памянялі асвятленне. Толькі, на жаль, дзяцей у нас цяпер нерапаўнальна менш, чым у 1977 годзе. Сёння ў школе вучыцца 53 школьнікі, 17 дзетак наведваюць дзіцячы садок. У мінулым годзе ўпершыню ў гісторыі школы мы не набралі першы клас. Затое сёлета для 9 першакласнікаў, як і сорак гадоў назад для самага першага класа школы, празвінеў першы званок. 
Ён празвінеў і для тых, хто ўпершыню пераступіў парог школы ў далёкім 1977 годзе. Першыя першакласнікі зноў сустрэліся са школай і дзяцінствам, убачылі ад­накласнікаў, успомнілі ўрокі і тых, хто падарыў веды. 

Узгадаць тую далёкую першаве­рас­нёў­скую лінейку мы папрасілі некаторых вучняў, якія 1 верасня 1977 года прыйшлі першы раз у першы клас Падольскай школы.

Іосіф Шылько:

– Запомніліся прыгожыя ранцы з алоўкамі, сшыткамі, каляровай паперай і іншымі канцылярскімі таварамі, якія нам падарылі шэфы –  саўгас «Падольскі». А яшчэ помню, як старшакласнікі прывялі нас у клас і пасадзілі за парты. Заўсёды са шчымлівай радасцю ўспамінаю першую настаўніцу Вольгу Віктараўну Калач. Зрэшты, можна сказаць, што са школай я і не развітваўся. 23 гады працаваў тут настаўнікам  працоўнага навучання, чарчэння і геаграфіі. 

Уладзімір Радзько:

– Хоць і было гэта 40 гадоў назад, але першы дзень у школе не забываецца. Новая школа, аднакласнікі, шмат настаўнікаў – яны здаваліся такімі маладымі. І сёння я ўспамінаю сваю першую настаўніцу – Вольгу Віктараўну Калач, а таксама дырэктара школы Лідзію Іванаўну Рубан – строгую і справядлівую. А колькі добрых успамінаў звязана з нашым класным кіраўніком –  Ліліяй Іванаўнай Печатоўскай! 

Школьныя гады нельга забываць – тады губляецца сувязь пакаленняў.


Луцыя  Літвіновіч (Супрановіч):

– З 47 гадоў майго жыцця 34  звязаны са школай. Спачатку тут вучылася, а потым прыйшла працаваць. І таму гэта адно з самых дарагіх для мяне месцаў на зямлі. На трыццацігадовы юбілей Падольскай школы сабралася палова нашага класа. Сёлета – шэсць. На жаль, двух нашых аднакласнікаў – Дзмітрыя Гурскага і Ніны Кавалеўскай – ужо няма. З Нінай я сядзела за адной партай… Нам усё падабалася ў школе.  З асаблівым пачуццём мы чакалі групу падоўжанага дня, калі настаўнік паказваў дыяфільмы – праўда, гэты падарунак  трэба было заслужыць. Але  гэта было і стымулам. Мы садзіліся ў радок, настаўніца занавешвала шторы – і пачыналася казка…

Анатоль Шылько:

– Канешне, помню! Мне з маёй аднакласніцай Мірай Іллюк выпала прабегчы са званком у руках перад усёй школай. Вельмі хваляваліся – але і радаваліся, што менавіта нам выпаў такі гонар.
Помню: спачатку я сядзеў за партай са стрыечным братам Іосіфам Шылько. Мы шмат смяяліся, таму нас рассадзілі. 
Школьнае жыццё было вясёлым – і такім засталося ў памяці.

Аляксандр Астапец:

– Лінейка тады праходзіла на пляцоўцы каля ўваходу ў спартыўную залу. Напэўна, таму, што мы былі яшчэ зусім малымі, усе здаваліся нам вельмі высокімі. І мы, адкрыўшы рот, глядзелі на старшакласнікаў і настаўнікаў.

Наша першая настаўніца,  Вольга Віктараўна Калач,   была строгай – напэўна, такой і павінна быць настаўніца, каб даць дзецям веды. Хоць ні раней, ні цяпер я не дзялю настаўнікаў на добрых і дрэнных. Кожны з іх застаўся ў памяці: Ядвіга Іосіфаўна Капуста, Людміла Фабіянаўна Валадзько, Лідзія Іванаўна Рубан… Пералічваць можна і варта многіх. 

А школа – гэта тое месца, дзе і праходзіць станаўленне асобы. Таму яна заўсёды ў маёй памяці. На жаль, часта заходзіць сюды не атрымліваецца, але, калі прыязджаю на радзіму, стараюся хаця б прайсці міма.


shkola.jpg

Першы і трэці класы Падольскай школы. 1977 год

shkola1.jpg

Л.К. Супрановіч

shkola2.jpg

shkola3.jpg

shkola4.jpg

Дырэктар школы І.Ф. Сухарэўскі ў школьным музеі

shkola6.jpg

shkola7.jpg

Текст:
Фото: Елена Ярошевич