Фестываль «Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў», які напрыканцы жніўня прайшоў на шлюзе Дамброўка каля Гродна
Спакон веку на Беларусі, у тым ліку і на Астравеччыне, у згодзе і павазе жывуць беларусы, літоўцы, палякі, расіяне… Яскравае таму пацвярджэнне – фестываль «Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў», які напрыканцы жніўня прайшоў на шлюзе Дамброўка каля Гродна.
Астравеччыну на фестывалі прадстаўлялі хор «Польскае рэха Астраўца», аматарскае аб’яднанне «Жыльвіціс», рамеснікі, цэнтр культуры і народнай творчасці.
У межах свята прайшоў рэгіянальны фестываль традыцыйнай культуры «Скарбы Гродзеншчыны», які пазалетась прымаў Астравец.
– Па традыцыі фестываль пачаўся з пасяджэння круглага стала, падчас якога прадстаўнікі культуры вобласці, вучоныя і даследчыкі фальклору абмеркавалі пытанні захавання культурнай спадчыны, – расказала дырэктар Астравецкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Літвін. – Пасля гэтага распачалося сапраўднае фальклорнае свята.
Увесь дзень ля шлюза Дамброўка працавалі падворкі традыцыйнай культуры Прынямоння. Тут можна было набыць вырабы народных майстроў, паўдзельнічаць у майстар-класах па саломапляценні, ткацтву, вышыўцы, выцінанцы. Традыцыйныя літоўскія стравы падрыхтавалі гаспадыні гервяцкага краю, а астравецкі падворак аздобілі вырабы Алены Малышавай, Генрыха Саленіка, Людмілы Міжыгурскай.
Хор «Польскае рэха Астраўца» парадаваў прысутных польскімі песнямі, а аматарскае фальклорнае аб’яднанне «Жыльвіціс» – літоўскімі. За актыўны ўдзел у фестывалі і захаванне традыцый абодва калектывы атрымалі дыпломы, а Астравецкі цэнтр культуры і народнай творчасці быў адзначаны граматай за ўдалую інтэрпрэтацыю народных традыцый.
Алена Юркойць