Дзякуй за ўражанні – і за хлеб!

11:55 / 31.08.2017
621

Падчас уборачнай кампаніі працаўнікам вёскі я дзясяткі разоў задавала адно і тое ж пытанне: «Якое яно, ваша жніво?»  І кожны раз чула розныя адказы: цікавае, звычайнае, нашмат лягчэйшае, чым дваццаць гадоў назад… Са старонак газеты пра сваё жніво расказвалі камбайнеры і іх сем’і, вадзіцель, аграном, дырэктар, повар…
Масавая ўборка падыходзіць да завяршэння – а з ім і праект «Маё жніво». І тое ж пытанне, на якое часам лёгка, а калі – з цяжкасцю, адказвалі мае героі, задала, сама сабе. 

alena.jpg

Паразважаўшы, прыйшла да высновы: адметнае! Сёлетняя ўборачная кампанія была самай цікавай за ўвесь час, што пішу пра сельскую гаспадарку. Па традыцыі жніво, як і іншыя палявыя работы, паказвалі праз цыкл рэпартажаў: лічбы, працэнты «разбаўлялі» фотаздымкі працаўнікоў. Сёлета – праз людзей, іх асабістыя гісторыі і лёсы.

Гарачае. У прамым і пераносным сэнсах гэтага слова. Хоць тэрміны ўборкі дажджы ссунулі на жнівень, сонейка на працягу некалькіх тыдняў спрыяла хлебаробам, якія суткамі навылёт жалі, вазілі і дасушвалі збожжа – жылі ў рытме жніва. І немагчыма было не падпарадкавацца гэтаму магутнаму вірліваму руху! 

Азартнае. Чым больш тон запісвалі сабе на рахунак камбайнеры – тым больш хацелася даведацца, хто ж стане першым тысячнікам «раёна»? Кожную раніцу па некалькі разоў правярала электронную пошту: з нецярпеннем чакала зводку ад райкама прафсаюза работнікаў АПК. Па шчырасці прызнацца, «хварэла» за землякоў – варнянскіх хлебаробаў, хоць разумела, што хутчэй за ўсіх намалоцяць тысячу тон збожжа гудагайскія камбайнеры. Ды не! Галоўную інтрыгу жніўнага спаборніцтва раскрылі хлебаробы КСУП «Гервяты»: Аляксей Масейка і Вячаслаў Бабарыка – і ўсё ж мела рацыю: хлопцы варнянскія! – яны першымі ў раёне намалацілі тысячу тон збожжа. А літаральна праз тыдзень рады «тысячнікаў» папоўнілі іншыя не менш працавітыя і ўвішныя хлебаробы – зараз іх у раёне ўжо 29. 

Здзіўляючае. Адкрыццём сёлетняга жніва асабіста для мяне стаў вадзіцель Уладзімір Грынцэвіч, які першым сярод вадзіцеляў перавёз тысячу тон збожжа. Такіх адданых сваёй справе працаўнікоў мне яшчэ бачыць не даводзілася. Кожная хвілінка для Карлавіча – на вагу золата, і гэта без перабольшання. 

Жывое. Такіх працаў­нікоў, як гервяцкія хлеба­робы, варнянскі вадзіцель ці гудагайскія зернесушыльшчыкі, шмат у Падольцах і Міхалішках. Хоць апошнім даўно не ўдавалася прабіцца ў лідары жніва па аб’ектыўных прычынах, тым не менш яны працуюць сумленна і без аглядкі на перамогі і ўзнагароды…

Дзякуй вам, хлебаробы, за вашу нялёгкую працу, за маё незабыўнае лета – і за хлеб на маім стале!

tok-tutan-besinler.jpg




Текст: Алена Гануліч
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений

Яндекс.Метрика