Агроном-семеновод КСУП "Гудогай" Мария Жданович рассказывает о своей работе
– Дзявяты год працую аграномам-насенняводам. У 2012 годзе да СВК «Гудагай» – адзінай у раёне насенняводчай гаспадаркі – далучылі калгас імя Гашкевіча. На той час аграномам-насенняводам працавала Людміла Мікалаеўна Гваздова. Аднак неўзабаве пасля рэарганізацыі яна пайшла на заслужаны адпачынак. Давялося мне закасаўшы рукавы брацца за справу…
Работы я не баюся, ды і ніколі не баялася. Нарадзілася на Іўеўшчыне ў шматдзетнай сям’і. Тата ўсё жыццё працаваў шафёрам у калгасе, мама была паляводам.
Сучасныя дзеці ледзь не з калыскі ведаюць, кім хочуць стаць і выбіраюць прэстыжныя і перспектыўныя прафесіі. А мы былі больш прыземленыя. Мне падабалася дапамагаць людзям, таму пасля заканчэння 10 класа вырашыла паступаць у медыцынскі – і не прайшла па конкурсе. Не сказаць, каб моцна засмуцілася, але асадак застаўся. Маці параіла: «Ідзі ты, дачушка, у аграномы – будзеш пры хлебе. Глянь: наша брыгадзірка, бы пані – на машыне ездзіць!». (Усміхаецца) Мама нібыта ў ваду глядзела. Хоць на работу я хаджу пешшу, а не на машыне езджу, але заўсёды пры хлебе.
Да таго, як прыйсці ў калгас, некаторы час працавала прадаўцом. Але душа прагнула свабоды. У нейкі момант канчаткова ўсвядоміла, што гэта – не маё. Ну не падабаецца мне стаяць за прылаўкам! Іншая справа – праца агранома. Ідзеш па полі – такая прыгажосць навокал! А калі яшчэ лёгкі ветрык свае крылцы расправіць і запусціць хвалі па саспелай збажыне – такое адчуванне, што пасярод мора стаіш. Не трэба далёка ехаць, каб убачыць сапраўдную прыгажосць: яна пад бокам – усюды… Толькі не ўсе бачаць.
…Наша гаспадарка – насенняводчая. Асноўная задача – вырасціць «эліту». У занальных інстытутах – у Жодзіна, Шчучыне – набываем насенны матэрыял размнажэння другога года: праз год нівы дадуць суперэліту, яшчэ праз год – эліту.
Тэрміны сёлетняга жніва з-за надвор’я значна ссунуліся. Жалі і рыхтавалі нівы да азімай сяўбы адначасова. Ужо цалкам сфарміравана заяўка на насенне азімых культур пад ураджай 2018 года. Толькі паслухайце, якія мілагучныя назвы сартоў: «Ядвіся», «Галубка»… Відаць, не толькі мы, тэхнолагі палёў і насенняводы, але і вучоныя, якія сядзяць у кабінетах ды лабараторыях, не пазбаўлены рамантыкі, адчування прыроды і прыгажосці…
Збожжа з палёў адразу прывозяць на зернесклады – іх у КСУП «Гудагай» чатыры: у Малях, Германішках, Палушах, Лошы. Кожная машына ўзважваецца, а колькасць збожжа фіксуецца ў журнале. Перш, чым зярняткі трапяць у засекі, яны павінны «прайсці» немалы шлях. Спачатку збожжа прасушваецца і праходзіць першасную ачыстку на зернесушылках і комплексах. У нашай гаспадарцы ёсць адна – «ЛідАрай», трынаццаць напольных сушылак і чатыры ўзроставыя «полькі» М819.
Пасля апрацоўкі збожжа засыпаецца ў засекі. Невялікую партыю здаём у раённую насенную інспекцыю на аналіз, які робяць прыкладна тыдзень. Калі ёсць на руках пасведчанне аб якасці насення – збожжа можна прадаваць… Яго набываюць не толькі гаспадаркі раёна, але і вобласці: прыязджаюць з Іўя, Ашмян, Воранава. Сёлета насенны фонд складзе крыху больш 800 тон збожжа, палова пойдзе на свае патрэбы, а другая – на продаж.
У апошні час не толькі ў нашай, але і ў астатніх гаспадарках практыкуюцца відавыя прачысткі, таму што ёсць роднасныя культуры, прымесі якіх цяжка аддзяляюцца на ачышчальнай машыне. Праполкі робім выключна ўручную, без прымянення тэхнічных сродкаў. Непатрэбныя каласы зразаюцца нажніцамі ці вырываюцца з коранем. Сама хадзіла з рабочымі па палях. Норма праполкі для аднаго дарослага чалавека – 3-3,5 гектары. Сёлета рабіць відавую прачыстку пасеваў дапамагалі школьнікі...
Колькі за дзень прахожу кіламетраў? Нават не задумвалася. Ды і як іх падлічыш? Дзесяць, а можа, і больш… Стома не адчувалася, бо за работай час ляціць хутка, а на свежым паветры прыемна працаваць.
Вясной вызначаем пасевы, збожжа з якіх пойдзе на насенны фонд. Аб’язджаеш палі, углядаешся ў збажыну – так захоплівае! Толькі глянуўшы, магу сказаць, ці дасць збажына важкі колас.
Ураджай – заслуга кожнага. Людзі рупяцца, стараюцца добра працаваць. І калі кожны чалавек, пачынаючы ад рабочага і заканчваючы начальнікам, хварэе за агульную справу – вынік будзе станоўчым. Жніво пацвердзіла, што рупіліся вясной мы недарма. Сёлета сабралі большы ўраджай, чым летась. Валавы намалот склаў 13,8 тысяч тон. А збожжа на круг дало 45 цэнтнераў з гектара. Хоць вынікі падводзіць яшчэ рана, бо папярэднія падлікі вяліся ў бункернай вазе.
…Якая мая любімая культура? Нават і не ведаю. Напэўна, да пшаніцы больш цягне. Яна нібыта з чыстага золата зроблена! Хоць аўсу ніхто не любіць, асабліва камбайнеры з-за таго, што ён цяжка вымалочваецца, а мне «вусаты» падабаецца. Калі дажджы моцна не ліюць – тады і зярняткі аўсу зіхацяць…
Якое маё жніво? Цікавае, кожны дзень новае. Толькі той, хто любіць сваю работу, здольны заўважаць незвычайнае ў штодзённым – і бачыць прыгажосць.
…Паглядзіце: ветрык ізноў расправіў свае крылы і стрымгалоў нырнуў у залатое мора – а за ім наўздагон кінуліся дзясяткі хваль…
Ці ж не прыгажосць?
Анатоль Грыгель на пагрузчыку загружае збожжа ў кузаў машыны
Падчас жніва ўвага галоўнага энергетыка КСУП «Гудагай» Віктара Герасіма скіравана ў тым ліку на бесперабойную работу зернесушыльных комплексаў
Электрамантажнік зернесклада «Малі» Мар’ян Стэх
Ігар Юркойць і Уладзімр Арлоўскі разам працуюць на зернесушылцы М819 дванаццаты сезон
Першымі ў раёне перасушылі дзве тысячы тон збожжа аператары зернесушыльнага комплекса «ЛідАрай» Міхаіл Грымбоўскі, Віктар Янкойць, Іван Анімуцкі
Вадзіцель Андрэй Сідаровіч развозіць збожжа па зернескладзе
Загадчыца зернесклада «Малі» Таццяна Даўляш
Зернесушыльны комплекс «ЛідАрай»
Так выглядае пшаніца сорту «Галубка» пасля дасушвання: бачны прымесі...
...а такі выгляд мае пасля апрацоўкі на ачышчальнай лініі: зярнятка да зярнятка.