Пшанічнае дзяцінства

09:53 / 09.08.2017
3250
Жнівень – месяц асаблівы. Едзеш па шашы, убачыш чырвоныя камбайны, што снуюць па жоўтым полі, удыхнеш водар саспелай збажыны – і затрымціць нешта ўсярэдзіне. Здавалася б, што мне, гарадской дзяўчыне, да таго жніва?

sredadzycin.jpg
sredadzycin1.jpg
А мо справа ў тым, што ў мяне яно таксама было – сваё. Маё дзіцячае жніво пахне прабабулінай хатай, сенажаццю і невялікай дзяляначкай, адведзенай менавіта для Яе Вялікасці Пшанічкі.
Звычайна ў жніўні мы з бабуляй, дзядулем і бацькамі ехалі на вёску, каб дапамагчы прабабулі. Непадалёк ад яе хаты хадзілі камбайны – яны «бралі» вялікі хлеб. Мы ж усёй сям’ёй жалі свой – гэтак жа, як некалі гэта рабілі прабабулі і прадзядулі маіх бацькоў – сярпамі.
Калі дарослыя браліся за работу, нам з братам карцела ім дапамагчы – мы ж бачылі ў кіно і мульціках, як дружна, з песнямі і, нам здавалася, так лёгка ды спрытна жалі жнеі. І дарослыя давалі нам паспрабаваць смак жніва. Колькі шчасця было, калі дазвалялі ўзяцца за серп! Трымаеш яго ў руцэ, другой загортваеш некалькі каласкоў у жменю, зразаеш іх як мага ніжэй да зямлі – і акуратна, жменьку за жменькай, складваеш у снапок. Яго яшчэ трэба было ўмець звязаць – і не вяровачкай, а той самай зжатай збажыной. А потым снапкі складвалі ў бабкі – мы іх называлі «домікамі». Мы дапамагалі зносіць снапкі, а потым гулялі ў хованкі ў гэтых жа, толькі што «ўзведзеных» пшанічных «дамках»-бабках. 
Помню, як дзядуля абмалочваў цэпам каласкі – нас, дзяцей, не дапускаў да гэтай справы: баяўся, што рукі ці ногі сабе паадбіваем. А затым дасушваў  сабраны ўражай на сонейку, кожны дзень рассыпаючы яго на посцілцы ў двары. Нам з братам дазвалялася час ад часу варушыць зярняты – я памятаю іх шурпатае цяпло. Ад гэтай жніўнай справы мы атрымлівалі сапраўдную асалоду. 
Але толькі цяпер, калі праязджаю міма палёў і бачу працу камбайнераў пад спякотным сонцам, гляджу навіны па тэлебачанні, чытаю артыкулы пра ўборку і перадавікоў,  усведамляю, што такое жніво і як да нас прыходзіць хлеб і смачная выпечка. Канешне, цяпер не жнуць сярпамі, не складваюць снапы ў бабкі  і не малоцяць цапамі, але менавіта хлебаробы кормяць нас, усю краіну. 
Дзякуй ім за працу і няхай надвор’е заўсёды спрыяе – каб усе мы былі з ураджаем!

Лізавета ДРЭМА. 
Фота Рыты ДРЭМЫ.


Текст: Администратор сайта
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений

Яндекс.Метрика