Победы юных лесоводов Островетчины

10:44 / 23.03.2017

les1.jpgУ ІІІ Сусветнай алімпіядзе па пасадцы дрэў “ENO Treelympics 2016”, якая ў трэці раз прайшла па ініцыятыве арганізатараў праграмы “Экалогія ў рэжыме рэальнага часу”, прынялі ўдзел больш за 600 школ са 150 краін свету. З Фінляндыі, дзе напачатку сакавіка былі падведзены вынікі алімпіяды, прыляцела прыемная вестка: беларускія школьнікі сталі лідарамі па пасадцы дрэў, а ў дзясятку пераможцаў ўвайшлі тры навучальныя ўстановы Астравецкага раёна. Знамянальна, што Варнянскі НПК другі год запар займае другое месца.

Каб стаць удзельнікам алімпіяды, трэба было зарэгістравацца на спецыяльным сайце, пакінуць там кантактныя дадзеныя і звесткі пра колькасць удзельнікаў і пасаджаных дрэў з адпаведным дакументальным пацвярджэннем. Па ўмовах праекта, дрэвы маглі садзіць не толькі школьнікі і выхаванцы дзіцячых садкоў, але і іх бацькі і педагогі.

Школы Астравеччыны даўно і плённа супрацоўнічаюць з мясцовымі лясніцтвамі: вучні разам з вопытнымі лесаводамі садзяць лес, прыбіраюць смецце, вывучаюць асаблівасці флоры і фаўны на занятках у школьным лясніцтве. Вынік гэтага сяброўства і падвяла сусветная алімпіяда.

Вучні, бацькі і педагогі Варнянскага НПК пасадзілі 187 575 дрэў – іапынуліся на другі месцы. Намаганнямі юных лесаводаў Падольскага НПК было пасаджана 74 907 саджанцаў елак, сосен і бяроз, а спондаўскія школьнікі падарылі жыццё 66 547 дрэвам.

– Недасведчанаму ў лясной справе чалавеку гэтыя лічбы могуць паказацца нерэальнымі. Аднак на ўсе пасаджаныя дрэвы ў школах раёна ёсць пацвярджальныя дакументы, –патлумачыў вынікі алімпіяды намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ДЛГУ “Астравецкі лясгас” Пётр Зянонавіч Крупеньчык.  – Вельмі прыемна, што тры школы раёна трапілі ў дзясятку пераможцаў.

Віншуем юных лесаводаў і іх настаўнікаў з добрым вынікам і жадаем новых перамог!

Кароткая даведка:

“ENO Treelympics” – алімпіяда па пасадцы дрэў сярод навучальных устаноў усяго свету. “Хутчэй. Больш. Мацней.”

Факт: Падчас “лясной” алімпіяды ўдзельнікі з усяго свету пасадзілі 3,2 мільёны дрэў, з якіх 2,2 – юныя лесаводы Беларусі.



Текст: