Ксендз Иосиф Богдевич стал одним из семнадцати каноников Гродненской области

16:34 / 21.06.2016
Богдевич12 чэрвеня парафію святых Космы і Даміяна ў Астраўцы наведаў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі з нагоды ўрачыстага ўвядзення ў святыню грэміяльнага каноніка Гродзенскага катэдральнага капітула ксяндза Юзафа Багдзевіча – аднаго з сямнаццацці канонікаў усёй нашай дыяцэзіі.

Раздзяліць разам з пробашчам радасць ад знамянальнай падзеі ў гэты дзень прыйшлі ўдзячныя парафіяне, прадстаўнікі мясцовай улады, здалёк прыехалі сваякі і блізкія ксяндза Юзафа.
Гэтай урачыстасці папярэднічала знакавая падзея: 19 мая 2016 года ў катэдральным касцёле святога Францішка Ксаверыя ў Гродне пачаў працаваць Гродзенскі катэдральны капітул Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра Каралевіча. У яго склад увайшлі 17 канонікаў – восем грэміяльных і дзевяць ганаровых, – сярод якіх і наш дэкан, пробашч касцёла святых Космы і Даміяна, біскупскі вікарый па справах агульнага душпастырства Смаргонскага рэгіёна, ксёндз Юзаф Багдзевіч.
Тытул каноніка святары атрымліваюць пажыццёва. Грэміяльныя канонікі, у адрозненне ад ганаровых, могуць галасаваць на сходах капітула. Асноўныя задачы канонікаў, акрамя душпастырскіх, – гэта арганізацыя і правядзенне канферэнцый, прысвечаных дакументам Папы Рымскага, паглыбленне культу Маці Божай і святога каралевіча Казіміра, падтрымка біскупа парадамі, калі да капітула будзе скіравана адпаведная просьба. Акрамя гэтага, канонікі клапоцяцца пра правільнае і адпавядаючае літургічным нормам адпраўленне набажэнстваў.
…У мінулую нядзелю падчас урачыстай імшы ў касцёле святых Космы і Даміяна ўдзячныя парафіяне дзякавалі Богу за пробашча і яго душпастырства, дапамогу, парады і клопат пра парафію.
А пасля імшы ксёндз Юзаф Багдзевіч з нагоды новага адказнага прызначэння прымаў віншаванні ад прадстаўнікоў улады, касцёльнага камітэта, міністрантаў, родных і блізкіх. І многія іншыя парафіяне, каму не выпаў гонар у гэты дзень публічна віншаваць пробашча, у думках далучаліся да прамоўленых іншымі вернікамі слоў і адчувалі гонар і невымоўную радасць за свайго пастыра і сваю парафію.
У прыгожы вянок віншаванняў веруючых з парафіі святых Космы і Даміяна ўплятаюццапялёсткі словы вернікаў Астравеччыны: «Няхай Бог і надалей апякуецца вамі, ксёндз Юзаф, і заўсёды дапамагае вам».


Мы папрасілі ксяндза-каноніка Юзафа БАГДЗЕВІЧА расказаць пра значэнне для яго новага прызначэння:
– Я атрымаў вялікую ласку ад Пана Бога ібіскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча. Удзячны яго эксцэленцыі за тое, што паклікаў мяне да капітула. Быць канонікам – гэта радасць і гонар адначасова, але і новыя абавязкі – перад усім гэта яшчэ і вялікая адказнасць. Вельмі ўдзячны сваім парафіянам, лічу, што дзякуючы іх малітвам я атрымаў гэтую ласку. Словы падзякі хачу адрасаваць і ўсім вернікам Астравецкага дэканату. З Божай дапамогай і людскімі малітвамі буду і надалей імкнуцца годна выконваць усе свае абавязкі. 


Падчас цырымоніі грэміяльныя канонікі атрымалі з рук біскупа асаблівыя знакі годнасці:

* Крыж. З аднаго боку на ім нанесены адбітак святога Казіміра, з другога – размешчана выява Маці Божай Унебаўзятай з надпісам “Capitullum Grodnense”. На ланцужку ёсць герб Гродна – алень святога Губерта.
* Харавы ўбор складаецца з чорнай сутаны з фіялетавай абшыўкай і такімі ж гузікамі, фіялетавай накідкі, пояса, чорнага берэта з фіялетавым кутасікам і белай комжы з рукавамі фіялетавага колеру.
* Месца ў лаве катэдральнай базілікі азначае, што канонікі маюць асаблівую еднасць з гэтым храмам і абяцаюць развіваць касцёльнае жыццё пад кіраўніцтвам біскупа.