Представители польской и литовской общин Островецкого района приняли участие в XI Республиканском фестивале национальных культур
15:40 / 08.06.2016









Цырымонія адкрыцця фестывалю пачалася на сцэне, усталяванай на Савецкай плошчы. Вядучыя прывіталі ўдзельнікаў шэсця на мовах усіх нацыянальнасцей, якія прыбылі на мерапрыемства. Намеснік прэм’ер-міністра, старшыня арганізацыйнага камітэта фестывалю Наталля Качанава зачытала прывітанне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Гучалі цёплыя словы ад старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Краўцова, прадстаўнікоў ЮНЕСКА і кансультатыўнага міжэтнічнага савета пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей.




Урачыстая частка змянілася святочнай: на галоўнай сцэне пачалося выступленне лаўрэатаў фестывалю – лепшых выканаўцаў, танцавальных калектываў і самабытных ансамбляў, у тым ліку хору “Польскае рэха Астраўца” і фальклорнага гурта “Жыльвіціс”.
А на вуліцах Гродна раскінуліся 22 падворкі, якія прадстаўлялі культуру 35 нацыянальнасцей. Кожная дыяспара аформіла свой фестывальны “арэал” у нацыянальным стылі з традыцыйным афармленнем жылля: у выглядзе беларускай хаткі, украінскай мазанкі, іранскага шатра, каўказкай саклі. Складвалася ўражанне, што кожная нацыянальнасць за некалькі дзён, літаральна на вачах пабудавала свой дом на беларускай зямлі.
На польскім падворку камісіі спачатку прапанавалі станцаваць польку, а пасля адведаць традыцыйную страву бігас – прыгатаваную па адмысловым рэцэпце квашаную капусту з рознымі відамі мяса. А калі на імправізаванай сцэне з’явіліся ўдзельнікі хору “Польскае рэха Астраўца” госці падворка пачалі падпяваць і падтанцоўваць у такт мелодыі, якую старанна выводзілі нашы самадзейныя артысты. Да слова сказаць, выступленне астравецкіх палякаў працягвалася цэлую гадзіну.
Рымдзюнскія гаспадыні накрылі цэлы стол у імправізаванай літоўскай хатцы. Чаго тут толькі не было: і бабка, і бліны жэмайчу, і відарай, і халаднік, і пірагі, і хатні хлеб, і сала, і булачкі з тварагом, і напоі, у тым ліку традыцыйны літоўскі кмінны, рэцэпты прыгатавання якіх ведаюць і старанна зберагаюць старэйшыя жанчыны Гервяцкага краю.





Падчас наведвання літоўскага падворка старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў прыпыніўся ля народнага майстра Беларусі, жыхаркі вёскі Петрыкі Марыі Юльянаўны Мажэйка са словамі:
– Пазнаёмцеся, гэта наша дзівосная бабуля з Астравеччыны, якой я сёлета ўручаў узнагароду.
А намеснік старшыні Віктар Лісковіч у прыватнай гутарцы з нашымі літоўцамі прызнаўся, што заўсёды з цеплынёй успамінае Астравеччыну і яе жыхароў.
Акрамя падворкаў, якія ўтваралі жывую карту свету і з дапамогай якой можна было пазнаёміцца з традыцыямі, вопраткай і стравамі 35 нацыянальнасцей, частка Гродна ператварылася ў горад майстроў і рамеснікаў. На гэтым адмысловым базары можна было набыць усё, што заўгодна, пачынаючы ад глінянага кубачка і заканчваючы вышыванкай ці ўпрыгожаннямі з натуральных камянёў.
Астравецкія рамеснікі прывезлі з сабой на фестываль саламяныя кветкі і вянкі, распісныя драўляныя яйкі, карціны, шкатулкі. Акрамя гэтага, нашы майстры правялі безліч майстар-класаў. Асаблівай папулярнасцю ў дзетак карыстаўся аквагрым: за некалькі хвілін пры дапамозе мастака можна было ператварыцца ў незвычайную птушку ці “пасадзіць” на сваю далонь далікатнага матылька.
Ведай нашых
Хор “Польскае рэха Астраўца” і аматарскае аб’яднанне “Жыльвіціс” па выніках фестывалю былі ўзнагароджаны Дыпломамі ў адпаведных намінацыях.
Цікава ведаць
Па падліках арганізатараў, толькі ў першы дзень фестываль наведалі каля 120 тысяч чалавек.
Гістарычная даведка
Упершыню ў 1996 годзе ў фестывалі нацыянальных культур прынялі ўдзел 11 культурна-асветніцкіх аб’яднанняў. Сёлета на свяце можна было пабачыць прадстаўнікоў каля 40 нацыянальнасцей.
…Як сяміпялёсткавая рознакаляровая кветка -- сімвал фестывалю, так і нацыянальныя касцюмы грузінаў, іспанцаў, цыган, венесуэльцаў і многіх іншых дыяспар расквецілі гэтыя святочныя дні. Розныя мовы свету на фестывалі нацыянальных культур у Гродне перапляліся і сталі адной, добра зразумелай мовай для усіх народнасцей і нацыянальнасцей, мовай, імя якой -- Згода.
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара і І.ДЗЯТЛОВІЧА.