С 2013 года новогодняя ёлка в центре Островца будет искусственной (+видео)

11:00 / 16.12.2013
Нарэшце подых Новага года адчулі і астраўчане. З першым снегам дзеці і дарослыя часцей сталі паглядаць на каляндар: калі ўжо Новы год? А калі ў аўторак пачалі расчышчаць ад снегу цэнтральную плошчу, усе зразумелі: хутка пачнецца ўстаноўка навагодняй ёлкі.
Калі ж да плошчы пад’ехала тэхніка і з яе пачалі выгружаць металічныя канструкцыі, здзіўленню гараджан не было мяжы. Многія спыняліся і разглядвалі, што ж тут адбываецца? І вось у сераду на цэнтральнай плошчы ў Астраўцы ўстаноўка навагодняй прыгажуні закончылася.

Усе гады – прынамсі, на маёй памяці – у Астраўцы на цэнтральнай плошчы ўстанаўлівалі жывую лясную прыгажуню. І часта яе знешні выгляд выклікаў нараканні ў жыхароў горада і раёна: то крывая, то рэдкая, то невысокая – і гэтак далей. З гэтага года ўсё зменіцца. На цэнтральнай плошчы сёлета да юбілею Астраўца – у гэтым годзе Астравец не толькі атрымаў статус горада, але і адзначыў 545-гадовы юбілей – была набыта незвычайная навагодняя прыгажуня. З гэтага года галоўная ёлка Астраўца будзе штучнай.
– Устаноўка штучнай ёлкі – гэта сусветная практыка, – расказвае дырэктар Астравецкага РУП ЖКГ Аляксандр Браніслававіч Стурліс. – Да таго ж, мяркую, гэтая падзея парадуе эколагаў, якія клапоцяцца пра “лёгкія” нашай планеты і штогод наракаюць на тое, што перад Новым годам высякаецца шмат зялёных елачак.
– Астравецкая штучная ёлка – найлепшы варыянт у суадносінах якасць – кошт, – расказаў “Астравецкай праўдзе” намеснік дырэктара УП “Крыпол” (арганізацыі, якая займалася вырабам і ўстаноўкай астравецкай прыгажуні) Юрый Паланейчык. – Яна ўяўляе сабой каркасную металічную канструкцыю, якая забяспечвае навагодняму дрэву добрую ўстойлівасць. На гэтым каркасе размяшчаюцца штучныя галінкі ёлкі, якія характарызуюцца высокай зносаўстойлівасцю.
Наша навагодняя прыгажуня ўздымаецца на вышыню 15 метраў. Ёлка ўпрыгожана 27 лініямі гірлянды па 16 метраў кожная. Акрамя гэтага, ёлачку ўпрыгожваюць вялікія рознакаляровыя цацкі. Прадстаўн ікі арганізацыі , якая займалася мантажом канструкцыі, паведамілі, што над астравецкай ёлкай працавалі дызайнеры, таму знайсці ў Беларусі яшчэ адну такую прыгажуню будзе складана.
А нам засталося толькі зберагчы і захаваць гэтую прыгажосць. І весела-весела сустрэнем Новы год.


-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.


Видео можно посмотреть здесь: DSC_0857 (видео Юрия Горида).