Прафсаюза тычыцца ўсё: якія правы па калектыўнаму дагавору мае работнік ?

10:22 / 19.02.2012












Раённая вучоба прафсаюзных актывістаў АПК звычайна праводзіцца па адпрацаванай сістэме: збіраюцца разам старшыні прафкамаў падведамасных прадпрыемстваў і арганізацый і перад імі выступаюць спецыялісты абкама прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі. Сёлета старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК М.К. Грыцкевіч вырашыў, так бы мовіць, “пайсці ў народ” і вучобу прафсаюзнага актыву правесці асобна ў кожным з вытворчых сельгаскааператываў і саўгасе.
На сустрэчу з прадстаўнікамі абласнога аб’яднання прафсаюзаў, якое прадстаўлялі яго старшыня Раман Францавіч Юроўскі, юрыст аб’яднання Андрэй Міхайлавіч Кардаш і тэхнічны інспектар Віктар Валянцінавіч Семяняка, у кожнай гаспадарцы былі запрошаны не толькі кіраўнікі пярвічак, але і галоўныя спецыялісты і спецыялісты сярэдняга звяна, а таксама інспектары грамадскага кантролю.

ДАГАВОР З КАЛЕКТЫВАМ

А.М. Кардаш сваё выступленне прысвяціў пытанням удасканалення калектыўных дагавароў, прыняцце якіх зараз адбываецца на прадпрыемствах і ў арганізацыях:
– Калектыўны дагавор – канстытуцыя прадпрыемства, двухбаковая дамоўленасць паміж наймальнікам і работнікамі. Ён не павінен дубліраваць Працоўны Кодэкс – яго задача паляпшаць бытавыя і сацыяльныя ўмовы працы. Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на кантрактную сістэму, якая практыкуецца ў многіх працоўных калектывах. Гэта няправільна, калі наймальнік заключае з работнікам кантракт на год або нават на меншы тэрмін – нельга адчуваць сябе камфортна, калі над табой навісае “дамоклаў меч” скасавання кантракта. Таму ў калектыўным дагаворы трэба прапісаць тэрмін заключэння кантракта пры назначэнні работніка на штатную пасаду не менш, чым на тры гады (максімальна – на пяць). Калі ж наймальнік мае намер спачатку ўпэўніцца ў прафесійнай прыгоднасці наймаемага работніка, ён мае права (зноў жа пасля ўзгаднення з самым работнікам) вызначыць выпрабавальны тэрмін.
Кантрактная сістэма прадугледжвае меры стымулявання ў выглядзе павышэння тарыфнай стаўкі і дадатковых дзён адпачынку. Законам вызначаны максімум гэтага павышэння – да 50-ці працэнтаў, а вось мінімум не называецца, што дае падставу некаторым кіраўнікам павышаць тарыфную стаўку, да прыкладу, на смеху вартыя 0,05 працэнта. Таму ў калектыўным дагаворы гэты мінімум трэба вызначыць – не менш 10-ці працэнтаў. Хаця хто перашкаджае выплачваць работніку ўсе 50 працэнтаў?
У дагаворы, які заключаецца паміж наймальнікам і калектывам, трэба пастарацца прадугледзець розныя жыццёвыя і працоўныя сітуацыі. Да прыкладу, на колькі частак работнік пры жаданні можа раздзяліць свой чарговы адпачынак. Колькі дзён адпачынку будзе выдзелена яму ў выпадку шлюбу, смерці родных і г.д. Не лішнім будзе прадугледзець у калектыўным дагаворы максімальны памер штрафных санкцый у адносінах да работніка, а таксама распрацаваць шкалу змяншэння прэміяльных выплат у залежнасці ад сур’ёзнасці дапушчанага работнікам парушэння – гэта не дазволіць наймальніку без грунтоўнай абумоўленай прычыны пазбаўляць работніка прэміі ў поўным памеры, як гэта нярэдка практыкуецца.
У многіх калектывах існуе пастаянная практыка так званай перапрацоўкі. Калі работнік не супраць, звышнарматыўныя гадзіны працы маюць права быць, але іх трэба строга ўлічваць і па выніках месяца (квартала або года) аплачваць работніку за перапрацоўку або прадастаўляць яму дадатковыя дні да чарговага адпачынку.
Перавод на іншую працу без згоды работніка наймальнік мае права зрабіць толькі на 1 месяц. А вось перамяшчэнне (без змянення прафесіі, зарплаты, месца працы і г.д.) можа быць праведзена і без згоды працаўніка.
У кожным калектыве павінна быць створана камісія па працоўных спрэчках, у склад якой у роўнай колькасці будуць уваходзіць прадстаўнікі адміністрацыі і актывісты прафсаюзнага руху. Калі пры абмеркаванні нейкай асабістай справы хаця б адзін член гэтай камісіі выкажацца супраць, работнік мае права аспрэчыць яе рашэнне.
Перш, чым звольніць работніка, наймальнік павінен у вызначанай форме атрымаць згоду прафсаюзнага камітэта. А старшыня прафкама перш, чым гэтую згоду даць, мусіць сабраць прафкам, запрасіць работніка і дакладна разабрацца ў справе.
Зусім не лішнім будзе падкарэкціраваць аплату па бальнічных лістах і замест агульнапрынятых 80 працэнтаў заработнай платы за першыя 5 дзён хваробы выплачваць у адпаведнасці з запісанай у калектыўным дагаворы дамоўленасцю 100 працэнтаў. Памер даплаты пры набыцці пуцёкі ў санаторый і ў дзіцячыя лагеры адпачынку, дадатковы аднадзённы адпачынак у дзень нараджэння работніка, памер матэрыяльнай выплаты работніку ў выпадку траўматызму або смерці – гэтыя і многія іншыя пытанні павінны быць абмеркаваны ў калектыве і запісаны ў калектыўным дагаворы.



ГРАМАДСКІ КАНТРАЛЁР

В.В. Семяняка засяродзіў увагу прысутных на асноўных пытаннях парушэння правіл аховы працы, а таксама на правах і абавязках інспектараў грамадскага кантролю:
– Інспектар грамадскага кантролю – іх у Гродзенскай вобласці налічваецца 8686 чалавек – павінен займацца наглядам за адпаведнасцю падрыхтоўкі працоўных месц, аналізіраваць сітуацыю і пры неабходнасці выдаваць свае рэкамендацыі. Вядома, кожны працаўнік найбольш поўна бачыць недахопы ў знаёмай яму сферы, таму аптымальны варыянт, калі інспектар працуе ў тым структурным падраздзяленні, кантроль за якім яму давераны.
Кіраўнікі пры ўсім іх старанні не заўсёды могуць кантраляваць сітуацыю – нярэдка прадухіліць няшчасны выпадак прасцей менавіта радавому работніку. Часам бывае дастаткова сказаць нецвярозаму чалавеку стандартнае: “Ідзі праспіся, а заўтра нагоніш план” або “Гэты трактар не абсталяваны светлавымі ўказальнікамі – яго нельга дапускаць да работы” – і трагедыя не здарыцца.
Калі трагедыя ўсё ж адбылася, інспектар грамадскага кантролю павінен быць у камісіі па яе расследаванні. На практыцы наймальнікі стараюцца ўсю віну зваліць на пацярпеўшага. Маўляў, не трэба было парушаць правілы. Але прафсаюзны актывіст павінен дакладна разабрацца ў сітуацыі – часцей за ўсё пацярпеўшы “лез, куды не трэба” таму, што гэтага патрабавалі яго працоўныя абавязкі. І ў тым, што небяспечнае месца было, да прыкладу, не агароджана, яго непасрэднай віны няма. Таму перш, чым падпісаць акт расследавання, трэба ўзважыць усе “за” і “супраць”.
Трэба адзначыць, што рух грамадскіх інспектараў у вобласці набірае сілу. І ў тым, што колькасць няшчасных выпадкаў на вытворчасці ў нашай вобласці ў 2011 годзе знізілася да 13-ці (пры 28-мі ў 2010 годзе) ёсць немалая заслуга гэтых людзей.
Лічу, што іх грамадская праца павінна стымулявацца дадатковымі днямі да адпачынку або хаця б невялікай даплатай да зарплаты.



ЗВЯРТАЙЦЕСЯ – ВАМ ДАПАМОГУЦЬ

Старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў Р.Ф. Юроўскі падагульніў выступленні папярэдніх спецыялістаў:
– Галоўная задача для нас, работнікаў прафсаюза, – каб кожны канкрэтны чалавек здаровым і задаволеным прыйшоў на працу і такім жа вярнуўся дадому. Мы павінны адстойваць правы работніка на ўсіх узроўнях.
Нас тычыцца ўсё: памер і тэрміны выплаты заработнай платы, умовы працы, арганізацыя працоўнага месца, захаванне патрабаванняў аховы працы, мікраклімат у калектыве, адпачынак і г.д. І мы гатовы выступіць у абарону кожнага несправядліва пакрыўджанага работніка. У аб’яднання – вялікая практыка выйграных спраў. Звяртайцеся – мы вам дапаможам.


Ганна ЧАКУР, фота аўтара.