Вызначаць інваліднасць будуць па новай сістэме

14:05 / 13.02.2012

Новую сістэму вызначэння інваліднасці распрацоўваюць у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі. Плануецца, што ў цэнтрах будуць вымяраць страту не толькі прафесійнай, але і агульнай працаздольнасці.


Як паведаміў карэспандэнту БелТА дырэктар РНПЦ медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі Васіль Смычак, «цяпер медыкі вылічваюць страту працаздольнасці ў працэнтах толькі ў тым выпадку, калі прычынай інваліднасці стала вытворчая траўма або прафесійнае захворванне. Мы плануем уключыць у гэты пералік усе астатнія хваробы і выпадкі, калі чалавек страчвае частку здароўя».
Укараненне новай сістэмы, магчыма, прывядзе да павелічэння колькасці людзей, якіх можна будзе лічыць інвалідамі. Аднак гэта не азначае, што сацыяльная пенсія будзе належыць усім. «Пазней мы вызначым працэнт, пры якім будуць налічвацца выплаты. У іншых выпадках прадугледжаны тыя ці іншыя льготы», – растлумачыў Васіль Смычак. Новаўвядзенне дасць магчымасць забяспечыць індывідуальны падыход да кожнага інваліда, удасканаліць парадак аказання адраснай сацыяльнай дапамогі, дадаў ён. Немалаважна, што пры распрацоўцы сістэмы спецыялісты РНПЦ медэкспертызы і рэабілітацыі будуць улічваць не толькі стан здароўя чалавека, але і тое, у якіх умовах ён жыве. Напрыклад, ці ёсць у доме пандус, ліфт, дзе знаходзіцца аптэка, бальніца і г.д.
Аднак адразу мяняць групы інваліднасці на працэнты ў Беларусі не плануюць. Акрамя таго, першы час дзве сістэмы будуць працаваць паралельна. Такім чынам, спецыялісты і самі інваліды змогуць зразумець сутнасць змяненняў. А ў канчатковым выніку гэта дасць магчымасць стварыць найбольш прымальную для нашай краіны мадэль вызначэння інваліднасці. Цяпер у РНПЦ вывучаюць вопыт Германіі, Польшчы, Ізраіля.
Стварэнне праекта новай сістэмы вызначэння страты агульнай працаздольнасці плануецца ўключыць у галіновую навукова-тэхнічную праграму «Медыцынская экспертыза і рэабілітацыя» на 2013-2015 гады. Туды ж увойдуць распрацоўкі іншых РНПЦ, накіраваныя на ўдасканаленне аказання медыцынскай рэабілітацыйнай дапамогі пры розных захворваннях і наступствах траўмаў.


БелТА.