Мая сям'я – маё багацце...

14:20 / 19.05.2010

Маладыя людзі, уступаючы ў шлюб, заўсёды мараць пражыць у шчасці і каханні шмат гадоў. І добра, калі так адбываецца на самой справе.
Сямейны стаж нашых сённяшніх гасцей вялікі – таму мы і папрасілі іх падзяліцца сакрэтамі сямейнага жыцця. У гасцёўню “Візаві”, прысвечаную Міжнароднаму дню сям’і, які адзначаўся ў мінулую суботу, мы запрасілі Галіну Феліксаўну Якімовіч з гарадскога пасёлка Астравец і Адама Дзмітрыевіча Горбаля з пасёлка Гудагай.





– Пра якую сям’ю вы марылі ў дзяцінстве?
Галіна Феліксаўна:
Мая сям’я была невялікая: тата, мама, сястра і я. З дзяцінства мы бачылі, што тата вельмі любіў маму. Ён не дазваляў ёй рабіць ніякай цяжкай хатняй работы. І пасля смерці таты – а памёр ён у 60 гадоў – маме было вельмі цяжка застацца адной. Ёй цяпер 94 гады, жыве яна са сваёй унучкай у Лідзе.
А я ніколі не малявала ў сваіх уяўленнях вялікую сям’ю. Хацелася, каб проста жылі разам і дружна.



Адам Дзмітрыевіч: У майго бацькі было чацвёра дзяцей ад першай жонкі. Калі тата ажаніўся з маёй мамай, нарадзіліся яшчэ трое. Заўсёды жылі дружна – і беды, і радасці дзялілі пароўну. Таму і мне хацелася, каб мая сям’я была дружнай. А ўсё астатняе не так і важна.
– Раскажыце пра вашу цяперашнюю сям’ю.
Галіна Феліксаўна:
Мая сям’я таксама невялікая – муж, я і сын. У сына даўно свая сям’я. Жыве ён у Гродне. Мы ж з мужам усё сваё свядомае жыццё пражылі тут, у Астраўцы. У жыцці здаралася рознае, але цяжкасці і выпрабаванні толькі ўмацоўваюць сямейныя адносіны – так было і ў нас.
Адам Дзмітрыевіч: Кажуць, сям’я – гэта сем і я. Мы з Валянцінай Ільінічнай выгадавалі двух сыноў. Да сямі не дацягнулі – на гэта былі свае прычыны. Затое цяпер у нас ёсць яшчэ і нявесткі, і тры ўнучкі – калі ўсіх палічыць, то якраз “сям’я”.
– У вашай сям’і ёсць традыцыі, звычаі? Якія святы вы любіце адзначаць?
Галіна Феліксаўна:
Самае асноўнае – і гэтаму я навучылася яшчэ ад бацькоў – дапамагаць адзін аднаму і, што б ні здарылася, старацца зразумець сваю другую палавінку.
А святы? Адзначаем рэлігійныя: Каляды і Вялікдзень. Прыязджае сын са сваёй сям’ёй. Раней гэта здаралася часцей, цяпер – трохі радзей. Але на святы стараемся сабрацца разам.
Адам Дзмітрыевіч: Мы заўсёды адзначаем дні нараджэння членаў нашай сям’і. Усе разам збіраемся за святочным сталом, віншуем, дорым падарункі. Абавязкова адзначаем і дзень вяселля. Мы пазнаёміліся і пажаніліся яшчэ ў студэнцкія гады. А два гады назад, калі адзначалі 40-гадовы юбілей нашага вяселля – якраз ён выпаў на нядзелю – яшчэ і павянчаліся ў царкве.
З дзяцінства самае любімае свята – Новы год. Раней заўсёды адзначалі Кастрычніцкае свята і Першамай. А самае светлае свята з ноткай смутку і радасці адначасова – гэта Дзень Перамогі. На фронце загінулі два мае браты. Мой бацька і цесць таксама ваявалі – і мы ўдзячны ім і ўсім воінам-вызваліцелям за тое, што жывём у мірнай краіне.
– Што самае галоўнае для вас у жыцці?
Галіна Феліксаўна:
На першым месцы ў мяне заўсёды стаяла сям’я. Шмат гадоў назад, калі толькі нарадзіўся наш сын, больш за ўсё мне хацелася даць яму добрую адукацыю, выхаваць так, каб яго паважалі людзі, і сам ён стаў дастойным чалавекам. Спадзяюся, што гэта ў нас атрымалася. Цяпер жа больш думаю пра тое, каб разам з мужам жыць яшчэ не адзін год, выгадаваць унукаў.
Адам Дзмітрыевіч: Што для мужчыны самае галоўнае? Калі гаварыць увогуле, то пабудаваць дом, пасадзіць дрэва і выгадаваць сына. Здаецца, з гэтым я справіўся. А для мяне галоўным заўсёды было – атрымаць адукацыю, мець добрую работу, стварыць сям’ю і працаваць не пакладаючы рук на карысць радзімы і сваёй сям’і.
– Пра што вы марыце цяпер? Ці было ў жыцці нешта такое, аб чым вы шкадуеце?
Галіна Феліксаўна:
Здаецца, сын вырас дастойным чалавекам, стаў добрым урачом і мне прыемна чуць словы ўдзячнасці за яго выхаванне. Цяпер я мару, каб унукі выраслі добрымі людзьмі, атрымалі патрэбныя прафесіі – і ўжо імі я змагла б ганарыцца. Старэйшая ўнучка Анастасія вучыцца ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. Малодшы, Дзіма – пяцікласнік. І канешне, мы іх вельмі любім, гэта наша аддушына.
А шкадую я толькі аб адным: не атрымала вышэйшую адукацыю ў свой час, усё ж трэба было знайсці час на паступленне ў медыцынскі інстытут.
Адам Дзмітрыевіч: Мару, каб унучкі паступілі ва ўніверсітэт. Атрымалі дастойныя прафесіі і сталі добрымі людзьмі. Каб мы жылі пад мірным небам і ніколі не зведалі жахаў вайны. Каб усе былі здаровымі – і гэта галоўнае.
А пра што шкадаваць? Ёсць жа прыказка: “Не шкадуй пра зробленае!”. Жывём добра і галоўнае – разам, дружна. Што яшчэ трэба?

Алена ЯРАШЭВІЧ.