У падарунак – шыкоўныя сцэнічныя касцюмы

08:10 / 17.05.2010

Мы ўжо дзяліліся са сваімі чытачамі радаснай навіной, што рэдакцыя “Астравецкай праўды” стала адным з пераможцаў рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне пытанняў міжнацыянальных і міжканфесіянальных адносін, міжкультурнага дыялогу ў Рэспубліцы Беларусь і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой і была адзначана дыпломам Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей і каштоўным падарункам – каляровым тэлевізарам.


Як стала вядома крыху пазней, гэта была не адзіная ўзнагарода і каштоўны падарунак, якія прынесла перамога раённых журналістаў. Нядаўна старшыня раённага аддзялення Саюза палякаў на Беларусі Тарэса Мацвееўна Мароз атрымала у апараце Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей для спевакоў хору “Польскае рэха Астраўца” шыкоўныя сцэнічныя касцюмы. Як сказана ў акце перадачы – у якасці падарунка за перамогу раённых журналістаў у тым жа конкурсе.
Мы вельмі рады, што сваімі публікацыямі на тэмы міжнацыянальных адносін не толькі заваявалі перамогу для свайго калектыву, але і дапамаглі атрымаць сцэнічныя касцюмы таленавітаму калектыву польскіх харыстаў.


Ніна АЛЯКСЕЕВА.