На базе Астравецкага лясгаса прайшоў абласны семінар

10:38 / 16.05.2010

На мінулым тыдні на базе Астравецкага лясгаса прайшоў абласны семінар, прысвечаны актуальнай тэме – ахове лясных масіваў ад пажараў.


Вядома, што лес – прыгажосць і бясцэннае багацце нашай краіны. Прыкладваецца шмат намаганняў, каб яго не толькі захаваць, але і прымножыць яго – кожную вясну праходзяць традыцыйныя “Тыдні лесу” – акцыі пасадкі маладых дрэўцаў. Аднак, на жаль, немагчыма поўнасцю абараніць лясы ад прыродных стыхій і галоўнае – ад нядбайных паводзін людзей. Бо большасць пажараў адбываецца менавіта па віне чалавека. Кінулі непатушаную цыгарэту, пакінулі вогнішча, вугельчыкі якога яшчэ тлеюць, падпалілі сухую траву – і ў выніку знішчаецца прыроднае багацце. Гэтая праблема і была галоўным пунктам абмеркавання на семінары.
На мерапрыемства прыехалі дырэктары лясгасаў, галоўныя ляснічыя і інжынеры па ахове лесу з усёй Гродзенскай вобласці. Распачаўся семінар у кінаканцэртнай зале “Астравец”, дзе перад гасцямі выступіў з інфармацыйнай лекцыяй пра будаўніцтва на тэрыторыі Астравецкага раёна атамнай электрастанцыі намеснік галоўнага інжынера ДУ “Дырэкцыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі” У.Д. Горын.
А пасля ўдзельнікі перайшлі да непасрэднага абмеркавання тэмы семінара. Намеснік старшыні райвыканкама В.З. Свіла ў сваім выступленні падкрэсліў, што непаўторная прыгажосць астравецкіх лясоў заўсёды выклікала захапленне і зачараванне ў гасцей і турыстаў. І будучая АЭС ніяк не паўплывае на гэтае хараство, якое і надалей будзе старанна захоўвацца і прымнажацца.
Начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Г.І. Калтан расказаў падрабязна пра пажары і іх асноўныя прычыны ў Астравецкім раёне. Дырэктар ДЛГУ “Астравецкі лясгас” Р.М. Долгі паведаміў, чым жыве, пра што клапоціцца лясгас сёння і што плануе на будучае. Закрануў Рыгор Мечыслававіч і праблему пажараў.
Падвялі вынікі пасяджэння прадстаўнікі Гродзенскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання. Першы намеснік генеральнага дырэктара ДВЛГА В.У. Міськевіч завастрыў увагу на некаторых недахопах амаль ва ўсіх лясгасах вобласці. Гэта і знешні выгляд будынкаў, дзе размяшчаюцца канторы, навядзенне чысціні на прыдарожнай лясной тэрыторыі, знешні выгляд супрацоўнікаў лясной гаспадаркі – усе павінны быць у спецыяльнай форме зялёнага колеру – і іншае. Начальнік аддзела аховы і абароны лесу, палявання і паляўніцкага турызму С.М. Вайцешын таксама выказаў свае заўвагі і пажаданні наконт аховы лясоў і правільнага выканання абавязкаў работнікамі лясгаса.
Далей семінар набыў экскурсійна-выязны характар. Прыехаць на Астравеччыну і не пабачыць касцёл Святой Тройцы, які знаходзіцца ў Гервятах, – гэта значыць упусціць шанс пазнаёміцца і дакрануцца да ўнікальнай святыні і шэдэўра архітэктуры. Таму спачатку ўдзельнікі адправіліся ў Гервяты. Там іх гасцінна сустрэў і правёў невялічкую экскурсію пробашч касцёла ксёндз Леанід Нясцюк. Дарэчы, можна было выгадна продать сруб. Гасцей уразіла не толькі святыня, але і разнастайнасць відаў раслін, ландшафтны дызайн і прыгажосць своеасаблівага дэндрапарку, што знаходзіцца ля касцёла.
Наступным пунктам прыпынку было Палушскае лясніцтва, дзе ўдзельнікі семінара маглі агледзець матэрыяльную базу. Прыемныя ўражанні пакінула і знаёмства з паляўнічым домікам у Дравяніках.
У другой палове дня госці адправіліся на агляд месца масавага адпачынку на беразе Янаўскага вадасховішча. Там жа былі падрыхтаваныя паказальна-дэманстратыўныя выступленні па тушэнню аб’ектаў, якія гараць, сіламі пажарных лясгаса. Аднак з-за праліўнога дажджу прадэманстраваць уменні ў поўнай меры не ўдалося. Але гэта не перашкодзіла ўбачыць высокі прафесіяналізм, адказнасць супрацоўнікаў і добрую падрыхтоўку мерапрыемства.
Напрыканцы прадстаўнікі Гродзенскага ДВЛГА адзначылі, што семінар прайшоў на добрым узроўні, а работа Астравецкага лясгаса ў цэлым была прызнана станоўчай.


Марына БАРОК.