Паніхіда на міліцэйскіх могілках

17:36 / 13.05.2010

Савет ветэранаў міліцыі на чале з Леанардай Браніславаўнай Стэх звярнуўся да кіраўніцтва раённага аддзела ўнутраных спраў з ініцыятывай: запрасіць святара для асвячэння магіл былых супрацоўнікаў, якія загінулі пры выкананні службовых абавязкаў ці пайшлі з жыцця ў мірны час.


Мерапрыемства было прымеркавана да Дня Перамогі, які праваслаўная Царква адзначае як дзень памяці воінаў, што загінулі на полі бою. А міліцыя – таксама воінства, абаронцы правапарадку, спакою грамадзян у мірны час.
Супрацоўнікі астравецкай міліцыі ўшаноўваюць памяць пятнаццаці сваіх колішніх саслужыўцаў, прыбіраюць месцы іх апошняга супакаення, таму што за некаторымі магілкамі, на вялікі жаль, прыглядаць ужо няма каму. Да прыкладу, родныя Анатоля Васільевіча Прахарэнкава, які загінуў у 1968 годзе зусім маладым, ратуючы маленькую дзяўчынку з-пад калёс тралейбуса, даўно выехалі за межы раёна, і сувязь з імі наладзіць немагчыма. А так хацелася б пачуць ад іх аповед пра героя – якім быў Анатоль у дзяцінстве, юнацтве, чаму выбраў справай жыцця нялёгкую міліцэйскую службу?.. І як склаўся лёс выратаванай ім юнай мінчанкі?
У прысутнасці кіраўніцтва РАУС, ветэранаў і маладых супрацоўнікаў, родных і блізкіх іерэй Георгій Савіцкі, клірык Астравецкага храма Святых апосталаў Пятра і Паўла, адслужыў паніхіду на гарадскіх могілках, дзе пахаваны шэсць былых міліцыянераў, акрапіў святой вадой іх магілы. Ля падножжаў помнікаў цепліліся лампады і палымнелі веснавыя кветкі.


Таіса СЯМЁНАВА.