Пресс- тур "АП" по Ошмянщине

16:26 / 05.06.2017
IMG_2883.JPGУ мінулым годзе ў нашых калег са Смаргоні нарадзілася цудоўная ідэя: арганізаваць для журналістаў рэгіянальных і абласных СМІ прэс-аўтапрабег – каб пазнаёміць з гісторыяй і адметнымі мясцінамі Смаргонскага краю. Сваю задумку яны ажыццявілі – у выніку атрымалася цікавае і пазнавальнае падарожжа. У завяршэнні яго было вырашана зрабіць такія прэс-аўтапрабегі традыцыйнымі. 
Журналісты трымаюць сваё слова – сёлета прагуляцца па цікавых дарогах і таямнічых сцяжынках свайго краю нас запрасілі калегі з газеты “Ашмянскі веснік”.
Адразу хачу пакаяцца. Адпраўляючыся ў прэс-тур, падумала: “Ну што можа быць новага ў добра знаёмым і вядомым? Гэта для журналістаў з Ліды і Шчучына, якія таксама адгукнуліся на запрашэнне калег, Ашмяны – далёкі, а значыць малавядомы горад на ўскраіне Гродзенскай вобласці. Нас жа, бліжэйшых суседзяў, зацікавіць і здзівіць тут проста няма чым.“
Але ўжо праз гадзіну, калі раскрыўшы рот слухала расповед пра вядомую Ашмяншчыну, злавіла сябе на думцы, што памылялася. 

 
Прыпынак першы: Ашмяны
Знаёмства з горадам пачалося з краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча, дзе нас сустракала  дырэктар Настасся Навіцкая – яна стала нашым экскурсаводам на працягу ўсяго падарожжа. Музей быў заснаваны 27 верасня 1952 года – праўда, з таго часу неаднаразова змяняў свае экспазіцыі і месца знаходжання. І толькі ў 2009 годзе пераехаў у будынак былой аптэкі ў цэнтры горада, дзе знаходзіцца і цяпер. З 2013 года тут дзейнічае пастаянная экспазіцыя, якая ў 2014 годзе стала пераможцам на трэцім нацыянальным форуме ў намінацыі “Лепшае мастацкае праектаванне экспазіцый”. Непаўторны свет прыроды, “Падарожныя замалёўкі” Напалеона Орды, арыгінальны, вобразна-сюжэтны метад падачы гісторыі ашмянскага краю ад старажытнасці да сучаснасці ў фармаце 5Д, дэманстраванне суіснавання на мяжы дзвюх культур – сялянскай і шляхетнай, чорная паласа Першай і Другой сусветных войнаў і экспазіцыя асабістых рэчаў Францішка Багушэвіча – кожная зала музея прадстаўляе і раскрывае цікавы свет Ашмяншчыны ў розныя гады існавання.
IMG_2724.JPGIMG_2774.JPGIMG_2794.JPG
Сінагога. Будынак яўрэйскай святыні датуецца прыблізна 1912 годам. Унутры яго даўно пасялілася запусценне, аднак сінагога не згубіла свайго магнетызму. На адной са сцен бачна ўзыходзячае сонца, на іншых – захаваліся рэшткі рамак, дзе размяшчаліся выявы знакаў задыяка, а купал над галавой сустракае зорным небам. Сінагога даўно не выконвае сваіх непасрэдных функцый, але намоленасць і таямнічасць адчуваюцца на ўзроўні падсвядомасці. 
Пабывалі мы і на Крыжовай гары, якую мясцовыя жыхары называюць “Ашмянскай Галгофай” – побач з ёй знаходзяцца рэшткі разбуранага касцёла францысканцаў. Тут падарожнікаў сустракаюць маўклівыя крыжы і адкрываецца цудоўная панарама на горад. Складваецца ўражанне, што на гэтым месцы суіснуюць, мяжуючы паміж сабой, імклівасць і вечнасць, мітусня і супакой, сумненні і гармонія.
IMG_2831.JPGПрыпынак другі: Валун жаданняў
Помнік прыроды – валун “Нявесцін камень” – знаходзіцца непадалёк ад шашы Мінск–Вільнюс. Увагу турыстаў і праязджаючых спадарожнікаў прыцягвае вялізны камень, што ляжыць у нізіне і, мяркуючы  па водгуках і завязаных ля яго шматкаляровых стужках, карыстаецца вялікай папулярнасцю. Гісторыя яго з’яўлення мае некалькі версій: адны сцвярджаюць, што валун застаўся тут пасля ледавіка, рамантыкі вераць у легенду аб няшчасным каханні багатай панначкі і беднага юнака, што загубілі сваё жыццё, каб быць разам, – а на гэтым месцы потым з’яўвіўся вялізны камень. А вось у прызначэнні валуна меркаванні ва ўсіх сходзяцца: калі дакрануцца да яго рукой і шчыра загадаць патаемнае жаданне – яно абавязкова збудзецца. 
Ну што ж, праверым… 
Прыпынак трэці:
 Баруны
У Барунах мы накіраваліся ў касцёл Святых Пятра і Паўла, дзе знаходзіцца вядомы абраз Маці Божай Барунскай. Як расказала Настасся Навіцкая, абраз сюды ў канцы 17 стагоддзя прывезлі манахі-базыльяне, якіх у Баруны запрасіў ксёндз Мікалай Ісляк. З той пары ікона Маці Божай Барунскай здзейсніла шмат цудаў, якія апісаны ў кнізе мітрапаліта Лявона Кішкі. Памаліцца і папрасіць дапамогі ў святой прыходзяць людзі і цяпер. 
IMG_2810.JPG
Цудадзейсная крынічка б'е ў скляпенні касцёла, вада з якой, калі верыць мясцовым жыхарам, валодае лекавымі здольнасцямі. Кажуць, нават вядомы прафесар з Таліна браў гэтую ваду на даследванне і пацвердзіў, што яна, як ніякая іншая, насычана карыснымі мінераламі. Цуда­дзейная вада служыць людзям – і яе можна набраць з сабой. Аднак калі хтосьці пачынае прадаваць гаючую ваду, то крынічка перастае біць на доўгі час.    
Па дарозе з Барун экскурсавод таксама звярнула ўвагу  на памятны знак у гонар экіпажа самалёта “Ілля Мурамец-16”, які падчас Першай сусветнай вайны гераічна загінуў непадалёк ад гэтага населенага пункта.  
Прыпынак чацвёрты: Дуга Струвэ
 і Гальшанскае гарадзішча 
Падняцца больш чым на 300 метраў над узроўнем мора? Ды лёгка! На Ашмянскай зямлі магчыма немагчымае, бо менавіта тут знаходзіцца легендарны пункт “Тупішкі” геадэзічнай дугі Струвэ, якая ўключана ЮНЕСКА ў Спіс сусветнай гісторыка-культурнай спадчыны. Ці трэба гаваць, што наведаць адно з месцаў, дзе на працягу 1816-1855 гадоў будавалася сістэма трыангуляцыйных пунктаў для вымярэння дакладнай формы і памераў зямлі было вельмі цікава.
IMG_2865.JPG
Не меншае захапленне выклікаў і пад’ём на Гальшанскае гарадзішча – некалі тут размяшчалася рэзідэнцыя князёў Гальшанскіх. Цяпер жа, гледзячы зверху на лясныя абшары і прывабліваючую лінію гарызонта, не хапала слоў і займала дух.  
Прыпынак пяты:
 Гальшаны
– А зараз мы знаходзімся ў месцы, дзе засвечваюцца фотаплёнкі, а па вуліцах ходзяць прывіды. Гальшаны – адна з самых таямнічых і загадкавых мясцін Беларусі, якая і прываблівае гэтым турыстаў, – з усмешкай распачынае экскурсію Настасся Навіцкая. Сапраўды, расказаць пра ўсе цікавасці і дзіўнасці Гальшан проста немагчыма. Мы наведалі музей дугі Струвэ, адчулі дух святасці ў царкве Святога Георгія і ў касцёле Святога Яна Хрысціцеля, пра гісторыю якога рас­казаў ксёндз-пробашч Багу­слаў Вуйтовіч; прайшліся па яўрэйскім квартале і, вядома ж, ушанавалі памятны знак родапачынальніцы каралеўскай дынастыі Ягелонаў Соф’і Гальшанскай. Пра кожны з аб’ектаў нам расказалі цікавыя звесткі, якія дапаўняліся не менш захапляльнымі легендамі.
IMG_2935.JPGIMG_2930.JPG
IMG_2883.JPG
Дарэчы, на руінах Гальшанскага замка нас чакаў сюрпрыз: гасцей сустрэла не толькі Соф’я Гальшанская, але і самыя сапраўдныя прывіды. Паміж сцен блукала несуцешная Белая Панна, а ўдалечыні час ад часу з’яўляўся яе любы – Чорны манах.
Дзякуючы тэатралізаванаму міні-прадстаўленню, якое падрыхтавалі работнікі мясцовага аддзела культуры і вольнага часу, наведванне гістарычнага помніка набыло таямнічасць і непаўторны тагачасны каларыт.  

Эпілог


Расказаць на адной газетнай паласе пра ўсё, што мы ўбачылі і даведаліся падчас прэс-аўтапрабегу па Ашмянскім раёне вельмі цяжка. За цікавыя і жывыя экскурсіі хочацца падзякаваць нашаму экскурсаводу Настассі Навіцкай – бачна, што яна не прос­та працуе, а жыве сваёй справай. І, вядома ж, нашым калегам з “Ашмянскага весніка”.
Дзякуючы падарожжу па Ашмяншчыне, зараз я дакладна ведаю: нават вядомае ўтойвае шмат таямніцаў, а добра знаёмае можа паўстаць невядомым. Не верыце? Паспрабуйце праверыць! 


Текст:
Фото: Ольга Хотянович