У дарожна-транспартным здарэнні пацярпела жанчына

15:50 / 06.07.2011

Аб чым думаў астраўчанін, калі ў стане алкагольнага ап’янення садзіўся за руль аўтамабіля “Аўдзі 80”, невядома. Толькі паездка гэта закончылася па ўжо вядомаму сумнаму сцэнарыю – спіс дарожна-транспартных здарэнняў у нашым раёне павялічыўся яшчэ на адну аварыю.


Каля 18.00 мужчына ехаў па вуліцы Кастрычніцкай на выездзе з райцэнтра ў накірунку вёскі Слабодка. Аднак на прамым участку аўтадарогі ён пераключыў увагу на штосьці, не справіўся з кіраваннем аўтамабіля і наехаў на жанчыну, таксама жыхарку Астраўца, якая стаяла на правай абочыне па ходу яго руху. У выніку пацярпеўшая з цялеснымі пашкоджаннямі была дастаўлена ў раённую бальніцу.
На жаль, у 2011 годзе гэта ўжо чацвёртае дарожна-транспартнае здарэнне, якое адбылося па віне п’яных вадзіцеляў. Горш за ўсё, што часам церпяць ні ў чым не вінаватыя людзі. Таму яшчэ раз нагадваем усім вадзіцелям, якія спадзяюцца “на авось” і сядаюць за руль “пад мухай” – рана ці позна, але парушэнне будзе пакарана.

У. АЛЕКСАНДРОВІЧ,начальнік ДАІ.